Наіўна, але ж праўда
Баляда
У натоўпе калі сустракаю
Падобнае цела ці твар,
Трызьню і ўяўляю,
Быццам пры чэрапнай траўме:
Блізкія нашыя душы,
Блізкія нашыя лёсы
У каляровых ўспамінах
Аб часах тых дзівосных…
Там, у сонечных промнях,
То чарапахам, то прагна
Рушыць карабель папяровы,
Сьмешны, але сапраўдны.
На борце ж яго – нашы душы,
На палубе – нашыя лёсы,
Блізкія ва ўспамінах
Аб часах тых дзівосных…
То несла нас на скалы,
То несла нас на мелі,
На камяні натыкаліся
І пакрыху зьвярэлі,
Лаяліся нашы душы,
Трэскаліся нашы лёсы,
Блізкія ва ўспамінах
Аб часах тых дзівосных…
І ты сказала аднойчы:
«Усё гэта лухта і дурасьць.
Плыві ў акіян, калі хочаш,
Ды аба мне больш ня думай.
Бо нашы чужыя душы
І розныя нашыя лёсы.
Хай там прыгожая будучыня,
Ды безь мяне ў яе плёскай».
Ты стала на цьвёрды бераг,
Былі там сабака і хата
Знайшла ў каго паверыць
І з кім пайсьці па этапах.
І распляліся лёсы,
І разышліся душы,
Блізкія ва ўспамінах
Аб часах тых дзівосных…
У натоўпе калі сустракаю
Падобнае цела ці твар,
Трызьну і ўяўляю,
Як бы пры чэрапнай траўме:
Нашы чужыя душы,
Нашы чужыя лёсы,
Блізкія ва ўспамінах
Аб часах тых дзівосных…
© А.Мельнікаў - Баляда
