Проста даўно насьпеў час. Браў з кантактаў, з жж, з аські… Парадак адвольны.
Apreliya. Мы сталеем. Але тады (я пра ўнівэраўскія гады) было цудоўна. Хто ж думаў, што можна будзе ня ведаць што сказаць чалавеку праз колькі год?
Czum-ka. Дзіўна, але пасьля ўнівэру размаўлялі часьцей, чым падчас вучобы. Амаль з усімі астатнімі - наадварот. Але нешта ты ад нашае прафэсыі аддаляесься. Мо’ таму й непаразуменьні?
Dolphin-ka. З тае пары, як я перастаў бываць на форуме, агульныя справы зусім не здараюцца. Апошнім разам быў Хэлоўін. А так даводзіцца ўбачыцца хіба падчас рэдкіх візытаў ва ўнівэр.
Nelly. Гы, прапажа знайшлася цераз тры гады, і дзе? У Менску! Што вам там, мёдам памазана? Але дзякуючы гэтаму з табой найчасьцей з вас траіх перамаўляемся. Хоць і рэдка.
Яры Алесь =). Ёсьць яшчэ порах у парахаўніцах і ягады ў ягадзіцах.
Кватаранты дасталі, падазраю, але не з пустымі ж рукамі сунуцца. Ну, з нагамі там і усялякім іншым.
Jol-ka. Ведала чаго хацела, зь першага курсу, і дачакалася. Самая дарослая з нас была мо’?
Зрэшты, а чаму была? Напрыклад, калі адведкі чакаюцца?
Ірка. Цікава было патрэніравацца дваім ляўшам. Аднак для сяброўства - ты яшчэ такая мааааленькая… Тым ня меней мы заўсёды радыя будзем цябе бачыць на моладзевых і ў царкве, і можна з бацькамі. 
Гражынка. Пэўна, ты шмат яшчэ якіх казак (і быляў) на ноч ведаеш расказаць. Шкада, што ў зьвязку з тваім пераходам у новую газэту я перастаў іх чытаць, а ты ў зьвязку са сваім пераездам на новую кватэру перестала мяне тамака бачыць, каб расказаць. 
Insomnia. З тых чалавечкаў, якіх я, пэўна, ніколі ня ўбачу, каб усё не сапсаваць. А па мыле - ды яшчэ раз на паўгады - ролю можна й згуляць.
Matroskin. Адзіны карысны для мяне кот.
Ну і для найбуйнейшае софтавае канторы ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе таксама.
Рысянятка. Паболей бы пазытыву… Ці гэта толькі ў дзёньніку так? Разьбярэмся як-небудзь.
ЗьміЛа. Цікава пагаварыць з гэтым чалавекам яшчэ з часоў… так, таго самага ўнівэру. Паважаю гэтага Чалавека з часоў пляцу Каліноўскага. Не разумею на эсьпэранта з часоў зьяўленьня тваіх перакладаў зь яго. 
Барабулька. Проста цікавы нік, і ўсё што засталося. Лішняе пацьверджаньне правіла, што калі ў вас усё добра - ніхто не патрэбны. Але я памятаю мінулае лета, і тады гэта надавала мне крылы, каб жыць далей.
Андрусь. Гэх, панаехалі тут!..
І ёсьць каму цяпер насіць мне перадачы, як што, у СІЗА (заадно й праверым). Альбо - трапіць туды разам - не так страшна. Альбо ня трапіць. Пабавіць разам час ёсьць месцы і людзі. Дзякуючы табе.
Танька. Шкада, што ня веру ў проста дружбу. Але ты можаш зьвяртацца ў любы момант. Можа й я паплачуся. Праўда, відаць, пасьля шлюбу (твайго) й гэта скончыцца.
SlyAlex. Так хацелася паверыць яшчэ раз, што можна кінуць паліць без Боскага блаславеньня… Вой, пра што гэта я? Піва стыне. Аххх, за стырном… Значыцца, ёсьць (мусяць быць!) іншыя кропкі перасячэньня.
Каця. Не выканаў абяцаньня наведаць цябе перад новым годам. Ну ня тое каб абяцаньне, але ж… Чуў, што табе патрэбная дапамога.
Michelle. Можа быць, выцягнулі б удваёх… Хацелася б рызыкнуць. Шкада, што зьнікаеш у самыя патрэбныя моманты, панагаварыўшы пустых абяцанак.
Мікола. Няхай новы занятак дапаможа глыбей вывучыць нашую гісторыю. Зрэшты, чаму толькі нашу? Побач з табою і мне што ў вушы можа ўпадзе. Калі яшчэ куды вырвемся.
Наташа. Я ўжо пісаў, ня ведаю, што рабіць, каб гэта не сканчалася. Вопыт паказвае, што так будзе паўтарацца зноў і зноў. У віртуале, па тэлефоне і г.д. усё значна прасьцей.
Танька. Добра, што на "Ойры" мы зьявіліся адначасна. Аднаму было б значна цяжэй. І адной. Праўда, нешта ты стала сачкаваць апошнім часам, і я за табой.
Алесь. Адзіны аднаклясьнік, зь якім можна сябраваць сем’ямі без сям’і. Відаць, таму менавіта Іна застаецца абдзеленаю ўвагай. Але як іначай, як вас нікуды ня выцягнеш?!
Katalize. Узяўся за розум з трэцяга разу, і ўсё стала атрымоўвацца. Высьвятляецца, мары твае не абмяжоўваліся толькі кампутарам. Калі ўжо ў рэшце рэшт пазнаёміш?
Mefistofel. Ты мне вельмі дапамог з распрацоўкай бігборду для нашае фірмы падчас свайго прыезду. А яшчэ з табой можна цікава забіць час. Але ўзяць што-небудзь добрае ад далейшых зносінаў - наўрад ці. І ня толькі мне.
Niki. Ну, тут словаў мала. За гэтыя гады ты ні разу не сказала: "пайшоў нафіг", - а я ня веру ў дружбу. Пастаянна мяняемся ралямі адно з адным, калі ў нястачы.
Myst. Так сталася, адзіны з аднагрупнікаў, зь якім хоць нейкія кантакты. Так, тады супольных інтарэсаў было паболей. І - вольнага часу.
Vasilinka. Калі ўжо й з табой нам ня знойдзецца пра што пагаварыць цераз некалькі год… Значыцца, Беларусь стане вольнай!
Зеня. Таксама перайшлі на чыста дзелавыя адносіны, і таму пра перамены ў жыцьці даведваюся ці выпадкова, ці празь іншых чалавечкаў.
Ліля. Спадзяюся, ты ніколі ў жыцьці не пашкадуеш, што я зацягнуў-ткі цябе на вялікія сустрэчы ССХ. 
ViK, адпаведна. Спадзяюся, у мяне будзе ў Кобрыні знаёмы начальнік зь вяліііізнай… кватэрай. 
БелАнёл. Нават імя ня ведаю.
Ведаю, што сьвет не бяз добрых людзей, аднак ці трэба мне яшчэ адзін чалавечак, якому можна паплакацца?.. Ну і наадварот. Здагадваюся, чым гэта можа скончыцца. А сканчаецца ўсё калі-небудзь.
Палярная ваўчанятка. Спадзяюся, ніякія твае шавіністычныя забабоны не зашкодзяць табе НЕ дадаць мяне да сьпісу сваіх іЛЖэ-сяброў.
Эліза Волат. Так і ня уцяміу, ці то жаноцкае непастаянства, ці то было не каханьне, ці што яшчэ… Але вось выбралася зь бездані - і усё крута зьмянілася. У цудоуны (сказаць "лепшы" - не сказаць нічога) бок. Няўжо сама ў гэта ўжо паверыла? Так, галоўнае - паверыць у сябе.
Ззмарушка. Разумныя дзевачкі вучацца на праграмайстрачак! І, па-мойму, яны яшчэ пры гэтым бываюць прыгожыя…
Аліска. Зусім непадобны блёг да іншых (зрэшты, а ў каго падобны). Аднак я тым ня меней надта мала ведаю, якія чэрці растуць ў ціхім балоце. Да таго ж ты імкнесься зьмяніцца невядома дзеля чаго/каго.
Iaffe. Усё яшчэ чакаю на тваё зьяўленьне. Ці не падаецца табе, што нельга забывацца старых знаёмых? Зрэшты, падазраю, што гэта, як заўжды, з тае прычыны, што ў цябе зараз усё добра. А ў мяне ёсьць недзе электронная адрэса - слабая надзея…
Юрась. Ня думаў, што цікава будзе пагаварыць пра ўсё з адным з пастаўшчыкоў па асьцы. Але ж я заўжды ведаў, што самыя лепшыя - гэта "Усьпехаўцы". А ўжо бачыўся зь ім і ў рэале. Быў папярэджаны, што добрага чалавека мусіць быць шмат. Спадзяюся на плённае супрацоўніцтва. Хаця б.
Віцяня. Лёс падобны да майго ў маладосьці.
Можа таму - настолькі адчувальны, кранальны й рамантычны. Але не сьпяшайся рабіць неабдуманыя ўчынкі - людзі на дарозе не валяюцца.
Валеры. Высьвятляецца, у мяне шмат агульнага з адроджанымі хрысьціянамі. А ўсё таму, што ты не баісься казаць пра сябе праўду на нашых моладзевых пасядзелках. Горай ад гэтага дакладна нікому ня стане, нават калі не вучыцца на чужых памылках. Праўда, бывае-ткі, што дзеяньні разыходзяцца ў цябе са словамі.
Сьвецік. Дапамагла ажыццявіць маю мару і трапіць-ткі у музычную школу.
Дзімазаўр-ык. Канечне, да вясельля вольнага часу было больш. Сябраваць сем’ямі не атрымаецца. А асэнсаваць што-небудзь без філязофскіх загонаў я змагу й сам.
Infinity. Хто ведае: можа быць, звысоку падаць балючэй. А ці будзе тады каму падтрымаць?
Tasha. У нашых шэрагах вось дакладна не чакаў цябе ўбачыць. Сапраўды, з намі Бог.
Atreides. А як новыя сямейныя абставіны паўплываюць на Dein Kampf?
Юрась. Што ні твой сюрпрыз - то прыемны.
Відаць, не пакінуў ты яшчэ канчаткова шэрагі нас, раздалбаяў і ўвогуле добрых людзей. Людзі культуры ўвогуле… Зрэшты, а хто зь пералічаных не ўнікальны па-свойму?
Дзінуля. Акупацыя Масквы пачалася.
Але не забывайся - на малой радзіме ты жаданы госьць, і гэта не таму, што рэдка прыяжджаеш.
Алік. Мяне не цікавяць міжсабойкі бацькоў. Добра, што змацаваць адносіны дапамаглі прафэсыйныя патрэбы і, само сабой, жаданьне бачыць Беларусь вольнай. Нават ня ведаю што больш. А цяпер яшчэ й валяйбол. Нарэшце зацягнуў.
Цяпер, як не сарвесься, наступны крок твой будзе ў царкву.
Зьмічар. Ведаю, цяжка й страшна вырашыцца на гэткі крок. Ды я думаю, з Волькай вы ўсё вырашылі, а бацькі будуць радыя, павер. Дапаможам чым можам.
Бацькі.
Acheron. Я твайго не вазьму,
Я свайго не аддам.
Час зьбіраць камяні,
Час расьці камяням…
Blacker. Так і не атрымоўваецца перасекчыся з часу першае і апошняе сустрэчы, а вось жа невядома калі будзе нагода, бо агульных забавак пакуль ня маем, як раней.
Аленка. Проста найпрыгажэйшае жаночае імя ў сьвеце.
———————————————————————————————-
Можа, нават непажадана, каб усе гэта прачыталі. Цяжка сказаць, дзеля чаго я ўзяўся напісаць гэта ўсё, але ў самім працэсе зразумеў, што такое даўно трэба было зрабіць. Дзеля сябе. Каб зразумець. Вы ўсе такія розныя. І за гэта я вас ўсіх люблю. Вы дапамагалі мне ПЕРАЖЫЦЬ. Сьпіс, канечне, няпоўны. Але гэта цешыць яшчэ болей. Што перашкаджае цяпер проста пагаварыць зь любым з вас? Жыцьцё было б значна прасьцейшае, калі б у людзей ставала часу на ўдзячнасьць.
А цяпер, як казаў
сп. Кулінковіч, "пасьля гэтага й памерці можна".