Дзеля двух апошніх радкоў
Дзяўчына, якая так шчыра з табою гуляе
Зрэдку ў размовы
і значна часьцей у маўчанку,
І ежу гатуе, і чэша грабеньчыкам косы якая,
А болей за сэкс марыць выспацца ранкам.
Сьляпую, якую вядуць у кавярню, каб потым
Абавязкова абрынуць на дол,
ці на стол, ці на ложак,
Якая так шчодра за гэта падзеліцца потам
І фантастычнымі ўздрыгамі вуснаў,
а можа і ножак.
Якую ты да і пазьней, а яшчэ на сьвітаньні
Так ненавідзіш, што чуеш,
як крышацца зубы,
За тое, што дорыць яна
бессаромна каханьне,
Дарэчы, якое таксама звычайная згуба.
Якая аднойчы зарэжа цябе нечакана
Банальным іржавым нажом,
безь ніякай нагоды,
Якая сама – не жыцьцё, а крывавая рана,
Глыбокая плынь, дзе сядаюць на мель параходы.
Што больш за кадэтаў загады твае паважае
Без аніякай надзеі ім павінавацца,
Якая жыве недзе там, паміж пеклам і раем,
Ці, болей дакладна,
паміж не тваіх мастурбацый.
Якой невядомы экстаз ад фатэльнай самоты
І розьніца ў слове распуста
і ў слове нявіннасьць,
Якая і брэндзі, і півам напоўніць употай
Венаў аб’ём, захаваны для марачных вінаў.
Зацята якая шукае ў мужчынскіх кішэнях
Сьведкаў твайго верагоднага кроку налева,
Якая на вершы плявала ды на летуценьні
І непрытомнела ўраз ад няхітрых напеваў.
Якой аніколі ніхто не даўмеўся тлумачыць,
Што ціхая здрада
ня можа быць зьявай прыстойнай
І асабліва тады, калі ты не мужчына, а мачо,
Здатны на самыя крывапралітныя войны.
Дзяўчына, якая народзіць
дзіцятка, падобнае Богу,
І ён будзе ты, а сама –
а сама застанецца дзяўчынай –
Дзяўчына, ня ведай ніколі, што кажа паэта нябогі:
Цябе не кахаць і ня жыць –
як і жыць і кахаць – немагчыма.
—————————————-
© Сяржук Сыс
