Адстраляўся
Страляў збольшага па флёры, фаўне і антрапалягічных ляндшафтах.
Родная alma mater успрыняла, але ўжо не як свайго. Я не памятаў, каб кольвечы даводзілася вучыцца ў аўдыторыі, дзе заставаўся апошні тэст, а ніхто ва ўнівэры ўжо не памятаў мяне. Ды й шмат зьмянілася: яшчэ на вуліцы прыбіральшчыца, што даўно ўжо адвыкла ад падобнага сьвінства праз наплыў двуногіх, з праклёнамі зьбірала вакол прыступак недакуркі. Яны былі паўсюль. І сьцяна цыгарэтнага дыму ў туалеце з напамінам пры ўваходзе: “паліць забаронена”. Сорамна. Такога ў тым, другім унівэры сабе нават дуры дзеўкі не дазвалялі…
Як заўжды, мой нумар – самы любімы.
Такім чынам, сярэдняе арыфмэтычнае майго любімага нумару… Вой, гэта ж не матэматыка, а фізыка ўсё-ткі! Вось і аўдыторыя пераважна мужчынская (прычым такы яскравы кантраст з папярэднімі двума тэстамі…). Што адразу ж вылілася і ў роўна ўдвая скарачэньне людзей з “маім” прозьвішчам, і ў рознаполае суседзтва вакол… Зрэшты, яшчэ на аўтастанцыі аніякага ажыятажу не пабачыў, ды і ў электрычцы было зусім амаль пуста, нібыта й тэст праводзіўся ня ў гэты дзень.
На правядзеньне тэсту па фізыцы выдзяляецца найболей часу з усіх прадметаў – 4 гадзіны. Тым ня меней – і тут я ўжо дакладна не памыліўся з вызначэньнем часавае адлегласьці – першы чалавек здаўся (так, менавіта здаўся/склаў рукі/склеіў ласты і г.д.), як не прайшло шчэ й 5 хвілінаў ад пачатку. Гм, і ў гэтым ён быў не самотны… Было пару абітурыентаў у пагонах – яны таксама надоўга не засядзеліся. Сапі-не сапі, а забытыя формулы ня мае сэнсу зараз узгадваць, як раней не даўмеўся іх паўтарыць. Але затое, як што, цераз год буду ведаць, што мяне можа чакаць.
А надалей чакаюць ужо зусім іншыя клопаты… Добра, што застаўся ў Берасьці. Узгадаў, што даўно ня гутарылі нармалёва ў асьцы зь Юрасём, дык хуценька забабахаў заказік і папярэдзіў, што заеду забяру. Заадно й нагода будзе аддзякаваць нарэшце. Ну па дарозе з фотастудыі падмацавацца фаст-фудам яшчэ ж. Паштоўка з трапным апісаньнем характару Юрасю дала нагоду пасьмяяцца, а фотка… Хм, ну нешта падобнае да папугаяў на ёй ёсьць, канечне…
Далей ужо тыркаўся паўсюль з цяжкім пакункам неабходнага нам тавару, але ж мядовы фэст (не, так, фэсьцік) прапусьціць нельга – Міколе далажыў, што ён фактычна пражыў паўжыцьця дарма. Можа, наступным летам ужо не прапусьціць паўдзельнічаць. Хаця… беларускага нічога там пачуць не атрымалася. Ці гэта я можа ня ў той краіне жыву?..
Аніяк не магу прызвычаіцца. Мяркуючы па візытоўках удзельнікаў-прадаўцоў, уся гэтая дзея адбывалася ў нейкай маскальскай глыбінцы. Толькі гарэлкі хіба не было. А вось мёдам мяне пачаставалі, па вусах цякло і ў рот трапіла.
Ад “Сьвету мёду” недалёк заставалася да гарадкога парку, дзе я плянаваў пабыць у цішы, аднак не ўлічыў, што ў гэты дзень там адбываецца сьвяткаваньне нейкага ці то дню моладзі, ці то яшчэ нейкая п’янка гулянка. А вось сярэднявечная мода – гэта цікава. Найхутчэй за ўсё там будзе й… сярэднявечныя танцы каторыя.
Да гэтага дню я думаў, што бугурт – гэта добра адрэжысаваная пастаноўка. Аднак цяпер я быў бліжэй да месца баталіяў. Божухна, яны біліся не на жыцьцё, а на сьмерць! Усё, як і гадоў шэсьцьсот таму, толькі хіба што зброя незагостраная (і добра). Недзе ў гэтых ваколіцах павіталіся з
Валікам, жонку ягоную ня бачыў, а на дачку ўвагі не зьвярнуў: маленькая яшчэ
.
Дарэчы, Ціма зарганізаваў-ткі свой каляктыў сярэднявечных танцаў і пасьпяхова перадае ім вопыт, набыты ў “Берасьцейскім замку”. Настолькі пасьпяхова, што гэтага самага “замку” відаць на танцах не было, акрамя хіба што асобных людзей, якія былі ў Цімавай тусоўцы “на падтанцоўцы”. Бо відаць, што займацца ён пачаў нядаўна; шмат новых людзей прыйшло; ня ўсе яшчэ разумеюць, што трэба рабіць і зь якое нагі; але гэта – справа часу… Адно хвалюе: што ж сталася зь “Берасьцейскім замкам”?.. Ніхто ня мог мне пра гэта нічога ўцямна патлумачыць. “Ніхто” – гэта дзяўчына па суседзтве, што зацікаўлена сачыла за гуртом людзей у старажытных строях на чале з Цімонам, якія пад музыку спрабавалі сынхронна паўтараць адны й тыя ж рухі ды яшчэ пры гэтым пераканаць гледачоў, што яны таньчаць.
Адначасна яна нешта занатоўвала сабе на паперцы і крытыкавала танцы сваёй сяброўцы. Крытыкавала – маючы права – яна прадставілася харыёграфам. Думаю, што такі чалавек Ціме прынамсі на першыя час не зашкодзіў бы, а то й праўда – аніякае экспрэсыі, ня кажучы ўжо пра станоўчыя пачуцьці. Хіба што самім танцорам гэта прыносіць задавальненьне. Але, паўтаруся, па іхных тварах гэтага не было відно…
Такім чынам, гэты сурагат, як я і здагадаўся, адбыўся замест паказу сярэднявечных мод. Ну, зрэшты, гэта ня мела вялікага значэньня – я чакаў выступу “Літуусу”. На фаяршоў, натуральна, пасьпець ужо не было аніякае мажлівасьці. Ды й тут час падціскаў, а “танцоры” пачалі ўжо па другім коле свае скокі… Але ўсё-ткі баранавічкі гурт выйшаў на сцэну. Мдзя… Я думаў, яны хоць што-небудзь зьменяць у гэтым панаваньні татальнае русыфікацыі. Аднак ужо ў сьпіну мне ляцела агаламшальнае ў сваёй абсурднасьці: “полацкая цітрадзь”. Не пабачыў каго спадзяваўся, ды й тут яшчэ такое – нават пашкадаваў, што прапусьціў дзеля гэтага ранейшую электрычку. Усё адно фаяршоў бы аніяк не пабачыў.
Што яшчэ заставалася рабіць у напаўпустым цягніку, як не паспаць? Прыемна (і дзіўна ў той самы час), што перад нашым прыпынкам мяне абудзіла нейкая дзяўчына і папярэдзіла, што час выходзіць. Так і не зразумеў, хто гэта, бо пакуль прачухаўся, яна ўжо сышла і зьнікла на заднім сядзеньні легкавікую. Нават падзякаваць не пасьпеў… 

А огневое шоу еще будет не раз. В Бресте только недавно появилась своя команда. Думаю, их можно будет увидеть и на 3 июля, и на 28 июля, и осенью - с началом учебного года.
Comment by Niki — June 26, 2007 @ 23:15:24
Насыщенный день
Comment by BelAngel — June 27, 2007 @ 13:45:29
А относительно спама - не привыкать
Comment by BelAngel — June 27, 2007 @ 13:47:20
Фаяршоў таксама хацелася б пабачыць, хоць гэта й не галоўнае было ў чаканьні…
А я казаў, што дзень насычаны і добры-прыцудоўны.
Comment by Renessaince — June 28, 2007 @ 13:09:50
1. Обязательно еще увидишь
2. Верю
Comment by Niki — June 28, 2007 @ 18:55:20