…Напрыклад, яшчэ да Вязьмы - і нават перад Смаленскам ужо - кідаецца ў вочы агідны салатавы колер расейскае чыгуначнае гаспадаркі. Можа кідаецца й таму, што да нязвыкла, аднак жа мне здаецца, што нашая чорна-белая разфарбоўка неяк болей нэўтральная і ня такая раздражняльная.
Сьпярша я патрапіў у зону досягу расейскага МТС. Але паколькі, відаць, там у яго ахоп тэрыторыі меншы, чым у астатніх топ-апэратараў сотавае сувязі, то неўзабаве мяне павітаў (з прадастаўленьнем інфармацыі пра сэрвісы) БіЛяйн, каторы па дарозе зьмяніўся прывітаньнем ад Мэгафону. МТС вярнуўся ізноў моўчкі, калі ня лічыць усюдыпранікальнага спаму ад МТС беларускага. І ўвесь час у зоне карыстаньня роўмінгам ад МТС (дарэчы, базавыя станцыі ў Маскве яны называюць не па назве гораду, а так і пішуць - "сталіца") мяне вельмі турбаваў надзіва хуткі разрад батарэі майго мабільніку. Я нават зьдзівіўся, як яна пасьпела так хутка выйсьці са строю. Даводзілася зараджаць яе і ў Дзіны, і ў цягніку па дарозе дамоў кожны раз, як тэлефанаваў
Танюшцы… Але зь вяртаньнем на радзіму батарэя ўвайшла ў свой ранейшы, гармалёвы тэрмін працы. Адчувае, відаць, сабака, родныя мясьціны таксама!
Так бы Зенька цешыўся са свайго дзіцёнка, так было прыемна паглядзець на суседзяў побач у вагоне. Нарэшце тыя два хлапчукі знайшлі-ткі агульную тэму для размовы, і ехаць стала зусім весела.
За адсутнасьцю іншага занятку, канечне.
Хаця… Быў яшчэ плян дачытаць апошні нумар "Нашае Нівы", каб са спакойнаю душой аддаць яго
Веры на калашматкі вывучэньне. Зрэшты, я б не пашкадаваў яго і яшчэ аднаму свайму суседу, калі б ён не пасьпеў прачытаць газэту да канца, ад коркі да коркі. І хоць яна падалася яму залішне нэўтральнай адносна ацэнкі цяперашняе сытуацыі ў нашай краіне… Тым ня меней, стала лішнім разам зразумела, што замбаваць "білярюскае цілявідзеньне" можа толькі бабулек з семкамі. І бязь іх.
А ў першых спробах Веры пачаць чытаць па-беларуску выразна быў бачны ўплыў украінскае мовы. Бо акрамя таго, што яна аніяк не магла ўцяміць, што ў нас "р" і "ч" зацьвярдзелыя ў прынцыпе і пастаянна з гэтае прычыны намагалася зламаць языка, дык яшчэ ўвесь час чытала "і" як гук "ы". А беларуская мова ж нашмат мілагучнейшая за ўкраінскую, і нічога ня варта прыдумляць было… 
Пасаджаць ва ўсім гарадзкім транспарце кантралёраў-кандуктараў, як гэта зроблена ў Менску, здавалася мне лепшай ідэяй, чым пускаць машыну з проста кантралёрамі на адлоў зайцоў на пэўным прыпынку, як гэта зроблена ў Берасьці. А вось у Маскве зрабілі яшчэ дасканалей. Прынамсі, у трамваях, бо акрамя іх і мэтро я ні ў чым болей ня езьдзіў. Дык вось: уваходзіш у трамвай цераз пярэднія дзьверы, а тамака сустракае ветлівы, але строгі… турнікет
, якому трэба скарміць талёнчык у якасьці мзды за пропуск у салён (дзякуй Богу, што турнікет унутры вагону, а то адразу навявае на аналёгіі з галавой Бэрліёзу зь вядомага раману Булгакава.
Зрэшты, чаму я ўзгадаў пра Булгакава - гэта зусім іншая гісторыя…
А тое, як я спрабаваў уцяміць, у якую дзірку трэба піхаць мой праязны на 10 паездак у мэтро - гэта сьмешна. На самім талёне, канечне, як я высьветліў пазьней, усё патлумачана, але ў той момант бязь Веры (маёй кампаньёнкі ў пагулянках па Маскве ў гэтыя два дні) я б аніяк не разабраўся. А ў астатнім маскоўскае мэтро пасьля кіеўскага ўжо зусім ня так уразіла, як чакалася.