Найвышэйшы дзейсны вулкан - Охас-дэль-Саляда на мяжы Чылі й Аргентыны; ягоная вышыня складае 6 891 м.
Найвялікшы вулканічны кратэр мае вулкан Тоба на поўнач ад цэнтральнае часткі Суматры, Інданэзыя, плошчай 1 775 км2. Гэты вулкан згас, апошнім разам ён вывяргаўся каля 75 000 год таму.
Найвялікшы дзейсны вулкан - Маўна-Лоа, Гаваі, ЗША, даўжынёй 120 км і шырынёй 50 км. Патокі лавы займаюць на выспе плошчу больш за 5 125 км2. Агульны аб’ём вулкану складае 75 000 км3. З 1843 г. ён вывяргаўся ў сярэднім раз на 3,6 год, але апошняе вывяржэньне адбылося ўвесну 1984 г.
Найвышэйшая гара - Эверэст (па-тыбецку Джамалунгма, па-няпальску Сагарматха), усходняя горная вяршыня ў Гімалаях вышынёй 8 848 м зьяўляецца найвышэйшай кропкай над узроўнем мора. Ангельскую назву гара Джумулянгма (кітайскі варыянт назову) атрымала дзякуючы валійскаму тапографу сэру Джорджу Эвэрэсту, які засьвяціўся ў дасьледваньні Індыі ў часе свайго знаходжаньня там на пасадзе генэрал-губэрнатара. Тым ня меней, Эверэст ня ёсьць самай вялікай гарой на Зямлі. Маўна-Кеа на Гаваях (ЗША) на 1 357 м вышэйшая за самую высокую кропку зямнога шару. Справа тут у тым, што 6 000 м схілу знаходзяцца пад вадой і толькі 4 205 м бачныя над узроўнем мора. Ад яе аснаваньня на дне Ціхага акіяну да вяршыні - 10 250 м.
Найдаўжэйшая рака - Амазонка ці Ніл? Ня так і проста памерыць даўжыню ракі, асабліва калі яна цягнецца на некалькі тысяч кілямэтраў між лясоў, гор ці пустыняў. А яшчэ хаця б таму, што розныя крыніцы падаюць розныя дадзеныя. Дык вось жа даўжыня Нілу, лічачы ад аднаго зь ягоных вытокаў, складае 6 695 км, аднак на шляху ягонага рэчышча вышэй Асуанскае плаціны нядаўна збудаванае вадасховішча Насэр, што аўтаматычна робіць Ніл карацейшым. Амазонка мае некалькі вусьцяў, і экспэдыцыя бразыльскіх і пэруанскіх навукоўцаў улетку 2007 году знайшла ў засьнежаных гарох паўднёвага Пэру самы аддалены ейны пачатак, што выводзіць Амазонку ў лідары з даўжынёй 6 800 км. Хаця хутчэй за ўсё гэтая спрэчка - гонар людзей за жаданьне мець рэкорд на сваім мацерыку.
Наймагутнейшая рака. А вось плыня ракі Амазонка магутнейшая, чым у любое іншае рэчкі ў сьвеце. Кожную сэкунду яна сплаўляе ў Атлянтычны акіян 200 000 м3 вады, а падчас паводкаў гэтая лічба ўзрастае да 300 000 мЗ, прычым гэткі паток дужэйшы за сумарны паток наступных васьмёх найвялікшых рэк. У ніжнім цячэньні на працягу 1 450 км сярэдняя глыбіня ракі складае 17 м, а максымальная глыбіня сягае 124 м. У звычайную пару адлегласьць між берагамі Амазонкі да 11 км, аднак падчас паводкаў максымальная шырыня ракі можа дасягаць 45 км. У Амазонцы ўтрымліваецца 1/5 частка усяе прэснае вады на плянэце.
Найвялікшая між перасыхаючых рэк. У 1997 і 1998 гг. Хуанхэ, другая па даўжыні рака Кітаю, на працягу 140 дзён цалкам перасыхала ў нізінах, у выніку чаго сельскагаспадарчыя надзелы мелі недахоп вады і ўраджай знаходзіўся пад пагрозай. Гэта было выклікана колькасьцю ападкаў ніжэй за сярэдні ўзровень, большым забіраньнем вады для абрашэньня і патрэбаў насельніцтва, колькасьць якога пастаянна ўзрастае. Другую ж сваю назву Жоўтая рака атрымала ад каламутнае вады колеру вохры. Гэты колер рацэ надае іл, утрыманьне якога там надзвычай высокае. Штогод Хуанхэ скідае ў Жоўтае мора 1,4 мільярды тон наносаў.
Найкарацейшая рака і адпаведна рака з найкаратчэйшым назовам - Д. Гэтая рачулка даўжынёй усяго 36 мэтраў злучае Д’ябальскае возера ў штаце Арэгон з Ціхім акіянам. Аднак, праз сваю непадобнасьць да ракі яна раней звалася проста сьцёкавай канавай. Ды й Кніга рэкордаў Гінэса лічыць самай кароткай у сьвеце рачулкай іншую - Ру даўжынёй 61 м. А вось з такой даўжынёй ужо можна будзе паспрачацца й іншым кандыдатам: мяркую, не ў адной вёсачцы, ды нават у месцы абавязкова знойдзецца падобная рэчка-сьмярдзючка. Да таго ж з 2006-га году месца самай кароткай ракі ў Кнізе рэкордаў Гінэса вакантнае.
Найглыбейшая рачная даліна - даліна ракі Ярлунь-Цзангбо ў Азіі, на прасторы ад Тыбету да Банглядэшу, з сярэдняй глыбінёй 5 000 м, а з максымальнай глыбінёй у 5 382 м, што больш чым утрая перавышае глыбіню Вялікага Каньёну. Дарэчы, сама Ярлунь-Цзангбо, пачынаючыся ў Паўднёвым Тыбеце, пасьля трапляе ў Індыю, дзе завецца Дыханг, пераадольвае Гімалаі - і яна ўжо Брахмапутра, а ужо зрабіўшыся Джамунай, уліваецца ў Банглядэшы ў Ганг.
Найвялікшы прыродны мост - Вясёлкавы мост з чырвонага пяшчаніку, нацыянальны помнік ЗША на возеры Паўэлл, штат Юта, - мае вышыню 88 м ды адлегласьць між апорамі 84 м. Рэйнбаў-брыдж быў утвораны між трыяскім і юрскім пэрыядамі старажытным патокам, што некалі ўпадаў у раку Калярада, шляхам размыцьця часткі больш мяккіх асадкавых пародаў. Мясцовыя індзейцы лічаць гэтае месца сакральным; за год яго наведваюць блізу 300 000 чалавек.
Найвялікшая прыродная арка - Тушук-Таш на паўночным захадзе Кашгару ў Кітаі. Ейная вышыня ацэньваецца прыблізна ў 366 мэтраў, адлегласьць між апорамі - блізу 55 м. Для турыстаў цяпер больш вядомая як арка Шыптана, які й апісаў яе ў сваёй кнізе пасьля наведаньня ў 1947 г.
Найвялікшае возера ў сьвеце завецца Каспійскім морам, якое насамрэч ёсьць менавіта возерам. Па максымальнай глыбіні Каспій саступае хіба Байкалу ды Танганьіцы, а займаная плошча на цяперашні час складае каля 371 000 км2 - больш, чым плошча шасьцёх наступных азёраў сьвету. На жаль, з прычыны перасыханьня плошча возера несупынна зьмяншаецца (у 1930 годзе Каспійскае мора мела плошчу 442 000 км2). Дарэчы, праз надзвычайную салёнасьць вады (ад 0,05‰ ля вусьця Волгі да 11-13‰ на паўднёвым усходзе) рымляне й назвалі гэтае возера морам.
Найвялікшы прэсны вадаём знаходзіцца між Вялікіх Азёраў Паўночнае Амэрыкі. Возера Супірыёр, хоць і ўтрымоўвае менш вады, чым Байкал, і значна меншае па памеры, чым Каспійскае мора, тым ня меней мае максымальную плошчу з усіх прэсных азёраў (больш як 82 000 км2, што болей за плошчу, напрыклад, Чэхіі) ды ўтрымлівае такі аб’ём вады, які здольны пакрыць 30-сантымэтровым слоем вады Паўднёвую і Паўночную Амэрыкі разам узятыя. Альбо, напрыклад, вады гэтага возера хапіла б на ўсе астатнія Вялікія Азёры ды яшчэ на тры возеры Эры.
Найглыбейшае возера, Байкал, разьмешчанае ў Сібіры, каля мяжы Расеі з Манголіяй. Дарэчы, у ім таксама зьмешчана пятая частка ўсяе прэснае вады на Зямлі. Максымальная глыбіня возера 1 637 м, а ягонае дно на 1 285 мэтраў ніжэй за марскі ўзровень, што робіць возера яшчэ й самай глыбокаю матэрыковаю западзінаю.
Найвышэйшае возера ня мае назвы, але месьціцца на ўжо вядомай нам гары-вулкане Охас-дэль-Саляда на вышыні 6 390 м, што ўсяго на 500 мэтраў ніжэй за вяршыню гары.
Найвышэйшае возера, прыдатнае да навігацыі, мае назву Ціцікака і месьціцца на мяжы Пэру з Балівіяй на вышыні 3 812м. Паходжаньне назвы Ціцікака страчанае разам з цывілізацыяй інкаў, але па некаторых вэрсыях, яно азначае "скала пумаў" альбо "ўцёс лідарства". Нашчадкі інкаў, між іншым, усё яшчэ жывуць на берагох Ціцікакі і захавалі побыт і 3 залатыя правілы Імпэрыі Сонца: Ama suwa, Ama quella, Ama llulla (не крадзі, не бязьдзейнічай, ня хлусі).
Найніжэйшае возера - Мёртвае, 418 м ніжэй за ўзровень мора. Канцэнтрацыя солі ў ім ня меней за 30%, аднак на глыбіні дасягае й 33,2%. Такая канцэнтрацыя сьмяротная для ўсяго жывога, і рыба з рэк, што ўпадаюць у Мёртвае мора, гіне ў такой вадзе імгненна. Аднак для чалавека такая вада няшкодная, да таго ж у гэтым возеры патануць немагчыма - мінэральныя солі, раствораныя ў ім, выштурхваюць цела на паверхню. У чым жа сакрэт надзвычайнае канцэнтрацыі солі? Справа ў тым, што Мёртвае мора (ці возера) ня мае вытокаў. Дык жа солі, прынесеныя рэкамі, што ўпадаюць у яго, ня маюць куды падзецца, а вада выпараецца.
Найсалёнейшае возера, тым ня меней, ня Мёртвае. Кратэрнае возера Асаль у цэнтральнай частцы Джыбуці, мае салёнасьць 34,8%. Акрамя таго, гэта найніжэйшая кропка Афрыкі - 155 м ніжэй за ўзровень мора. На берагох возера здабываецца соль.
Найвялікшае падледніковае возера - возера Ўсход у Антарктыдзе, вынайдзенае ў 1996 г. мэтадам радыялякацыйнага аналізу пад расейскай аднайменнай палярнай станцыяй. Пахаванае на глыбіні 4 км пад Усходне-антарктычным ледзяным шчытом, яно зьяўляецца самым старым і самым чыстым возерам на Зямлі, цалкам ізаляваным ільдамі ўжо прынамсі 500 000 год. Яно займае плошчу каля 14 тыс км2 і мае сярэднюю глыбіну 344 м. Цяпер у Антарктыдзе вынайдзена больш як 140 падледніковых азёраў.
Не, далей пакуль не магу ўжо.