5 гульняў для мяне
Зараз толькі трэба ўзгадаць…
- Ну калі ўсіх часоў і народаў… То тады ўсё-ткі пастаўлю на 1-е месца чампіянатны футбольны мэнэджар. Во як, аказваецца: гэта была другая гульня з сэрыі championship manager. Але для мяне на той час - першая. І адзіная. І найлепшая, бо лепей нічога так і не прыдумалі, пакуль не пайшла мода на… (гл. пункт 2)
- Анляйнавыя футбольныя мэнэджары. Ізноў жа першым (і адзіным пакуль што, дзякуй Богу) для мяне стаўся inetball. Хаця б, калі б адміны былі больш жвавыя і адказалі хоць што-небудзь, гэта мог быць прэсболаўскі варыянт…
- За часамі ПК "Байт" давялося бачыць гульку "UFO", якая, высьвятляецца, таксама была ў вытоках цэлае сэрыі (відаць, сэрыя сьпярша мела назву X-Com). Таму тут адзначу тую, у якую давялося гуляць і прайсьці цалкам. UFO: Aftermath. Так што для мяне пакуль што справядлівасьць перамагла - злыя прыхадні замочаныя ў іхнім уласным сарціры, але! Пасьля "Наступстваў" выйшлі ўжо два ягоныя сыквэлы…
P.S. Уга! Дарэчы! Як жа ж можна гуляць у УФА бяз Уфапэдыі!
- З таго ж самага "Байту" засталося не замененае нічым каханьне да Laser Squad - падобнае да УФА гульні, але крыху меней глябальнае, калі не памыляюся: зямнога шарыку няма, удзельнічаеш толькі ў апэрацыях па вылазцы. Затое там можна было рубіцца адзін на адзін з сябрам! Ці нават болей… Адным словам, "Гяроі" адпачываюць…
- У Counter-Strike таксама можна рубіцца зь людзямі, і са значна большай іхняй колькасьцю. І прычым там могуць быць і боты, а могуць быць і людзі-боты; і прычым "бацінкі" гэтыя могуць быць як поўныя бацінкі, а могуць быць такія бацінкі, што мала ня здасца… Карацей, у такія гульні няблага можна расслабіцца пасьля цяжкога працоўнага дню. Але дзеля гэтага трэба мець сталую кампанію гульцоў прыблізна роўных па ўзроўні, каб гульня не нэрвавала, а пакідала задавальненьне. За часамі студэнтцва такой гульнёй была, натуральна ж, Квака, але Контра болей набліжаная да рэальных умоваў, вось. І таму - болей пазнавальная, калі можна так выразіцца.
Вось так, прыемна было нават узгадаць тое, што раньш было… І адначасна знайсьці столькі новае інфармацыі пра любімае. Прыдумаюць жа людзі, напрыклад, чарговую клёна-пэдыю.
А яшчэ ж у такім кароткім сьпісе нельга пералічыць усё, на што варта зьвярнуць увагу… Вось, напрыклад, тыя ж "Гяроі III" і, як выяўляецца, "Каралеўская ўзнагарода" была пачынальнікам гэтае сэрыі! А я загульваўся ёй да позьніх начэй і ня ведаў гэтага. Ці вось яшчэ "Заўтрашні вецер", першая, здаецца, гульня, што давала абсалютную свабоду яе галоўнаму пэрсанажу… Але гэта ўжо з пазьнейшых часоў. А да гэтага ж яшчэ доўга быў DOS, і гэта былі шчасьлівыя часы…
