We are the greatest!

May 9, 2008 - 19:02:22

Так яны жылі, так верылі, чакалі

Цэтлікі запісу: чытанка, цікавосткі, цытаты

Справа ў тым, што я ўжо неўзабаве дачытваю (дакладней, спадзяюся зрабіць гэта) кнігу Юльяна Сямёнава (ага, “Сямнаццаць імгненьняў вясны”). Праўда, кніга гэтая, насуперак маім чаканьням, дакумэнтальная. А гэта значыць, што аўтар дзеліцца сваім жыцьцёвым вопытам… якім нельга не падзяліцца з тымі, хто кнігі ня бачыў. ;)
У першай аповесьці вядзецца пра паездку сп.Сямёнава ў Японію і Паўднёва-Ўсходнюю Азію напрыканцы 60-х - пачатку 70-х гадоў. А гэта быў час… Гэххх, які гэта быў час… (пераацэнкі і магчыма нават ужо рэвізыі вынікаў другое сусьветнае вайны; халодная вайна між двума звышдзяржавамі; ускоснае змаганьне за перадзел сфэраў уплыву між імі ў Азіі і Афрыцы; уздым рухаў з удзелам недабітых нацыстаў; зь іншага боку - захоп улады “чырвонымі” паўстанцамі і наступны за гэтым жахлівы, бязглузды тэрор уласнага насельніцтва…) Адным словам, я зразумеў, што пра гэты час нічога ня ведаю. І таму, каб хоць крышачку ўнікнуць ў сэнс прачытанага, трэба хаця б ведаць, што ў гэты час у Кітаі разгарнулася гэтак званая “культурная рэвалюцыя“, якая не прывяла ні да чаго добрага (як паказвае сёньняшні стан падзеяў). Ага, гэта я пра “чырвоную чуму”, плошчу Цяньяньмэнь, Вялікую кітайскую “вогненную” сьцяну, Тыбэт… Зрэшты, тут не пра гэта. А вось жа пра “культурную рэвалюцыю” давядзецца даведацца глыбей, каб зразумець некаторыя цытаты Ю.Сямёнава.
Што яшчэ хацелася б заўважыць… Для зручнасьці разаб’ю, відаць, цытаты па тэматыцы. Апушчаныя месцы (каб надта шмат не цытаваць) аддзеленыя шматкроп’ямі з абодвух бакоў, мае камэнтары (каб лепей зразумелася) ў [квадратных дужках]. Болей не хацелася б нічога камэнтаваць, каб не навязваць сваё меркаваньне. Такім чынам,

Японія

З вобласьці хвантастыкі (на той час)

  • «Зайшлі ў маленькую закусачную. Іх у Японіі называюць на хранцузкі манэр – “бістро”. Усё ў дрэве. Дрэва – прадмет захапленьня японцаў. Вельмі прыгожа зробленыя гэтыя “бістро”, вельмі эканомна. Дзяўчына з усьмешкай абавязкова прынясе вам цылафанавы пакецік. Вы разарвеце яго і дастанеце гарачую вільготную сурвэтку. Абатрэце рукі і твар – гігіена і чысьціня перадусім.»
  • «Сусі – гэта сырая рыба (скат, ікра, кальмар, васьміног) з рысам і соевым соўсам. Рыба толькі што прывезеная з рыбнага базару. Гэта тунец. Смак трох складнікаў – тунец, рыс і соя – казачны. Так сама ўражвае малады хлопец у крухмальным белым сьпінжаку, які гатуе гэтыя сусі на вашых вачох. У формачкі з далікатных рыбіных лупін кладзецца чырвоная ікра, потым рыс. Усё гэта хутка загортваецца, імнецца рукой. Рука хлапца стэрыльная, з адбіткам жоўтае сіні, бы ў хірурга. Вы загадваеце жаданьне (гэтым трэба заўжды карыстацца, частуючы новую, невядомую раней страву), кладзеце сусі ў рот і адчуваеце, што японская кулінарыя зусім не абжэрлівае, але высокахуп́авае гурманства.»
  • «Уражвае памер будаўніцтва. Токіё ўночы ажывае. Як толькі клеркі пакідаюць свае офісы і пачынаюць пусьцець вуліцы, дык адразу ж на скрыжаваньнях зьяўляюцца лямпачкі, каб папярэджваць аўтамабілі пра вядзеньне работ. Прыходзіць агромністая колькасьць працаўнікоў у касках, з маленькімі мікрафончыкамі ў рукох. Гуканьняў: “Давай, давай!” – няма. Праца радыёфікаваная. Распараджэньні па радыё ідуць ад інжынэра да майстра, ад майстра да рабочых.»
  • «У цэнтры, каля паліцэйскага пастарунку, трывожна мільгае электрычная шыльда: “Сёньня на вуліцах загінула тры і паранена 270 чалавек”. Шыльда пужае людзей. Мы часта “літасьцівыя” да нэрваў пешаходаў, а дарма. Лепей налякаць, чым пасьля насіць перадачы ў Інстытут Скліфасоўскага.»
  • «…А дзеці ня сьпяць пасьля дзевяці гадзін вечару, бо яны да адзінаццаці мусяць разьвязваць алгэбраічныя і гэамэтрычныя заданьні, таму што аб’ём ведаў, які ім неабходна засвоіць у клясе, агромністы. Тое, што мы вывучалі ў дзявятай клясе, Дуня вывучае ў шостай. Усё зрушылася прынамсі гады на тры.»
  • «…Аднойчы я вызваліўся каля адзінаццаці гадзін і, стаміўшыся, ляжаў у нумары – глядзеў ТБ. Перадавалі цудоўны італійскі фільм. Саракагадовы чыноўнік выпадкова трапіў у кампанію юных гіпі… [апісаньне фільму] …Як, відаць, аддавалі сябе – свае сэрцы, мары і гароты – і сцэнарыст, і рэжысэр, і актор гэтаму саракагадоваму герою, свайму другому “я”. Але праз кожныя дваццаць хвілін гэты фільм – сумны, кранальна пяшчотны – рэзала рэкляма: то на тэлевізійным экране зьяўляецца чыстая кашуля, паўстаючы з мыльнае пены, то з узьбітага крэму нараждаецца яблычны кекс. А потым ізноў кадры выдатнага фільма…
    …Калі пасьля гэтага вас ізноў вяртаюць на буйны плян Альбэрта Сордзі, які заліваецца сьлязьмі, глядзець карціну немагчыма – яе зьнішчылі. Мастацтва для рэклямы – гэта жахліва.»
  • «Мы ехалі па горадзе паўтары гадзіны, але адолелі ня больш за дзесяць кіламетраў. Выбрацца на шашу няма ніякае магчымасьці. Таката спыніў машыну каля маленькага гатэлю, пабег да тэлефону. Уся Японія на аўтаматыцы: можна размаўляць зь любога тэлефону ў Токіё з Восакай, Хірасімай, Нагасакі.»
  • «У заходніх краінах падпольны сьвет прамысловага шпіянажу ахоплены бурлівай дзейнасьцю. Амэрыканцы, напрыклад, выдаткоўваюць на гэта болей за мільярд даляраў на год.
    Цэнтар эўрапейскага прамысловага шпіянажу месьціцца ў Швайцарыі, дзе дзейнічаюць “канторы”, якія максымальна гарантуюць “сур’ёзнасьць ды эфэктыўнасьць”.»
  • «Зайшоў у аптэку, шукаючы лекі ад галаўнога болю – запрацаваўся, усю ноч прасядзеў за машынкай і дыктафонам. Убачыў “залатыя” бранзалецікі, тыя самыя магнітныя бранзалеты ад ціску, за якімі ў нас так ганяюцца. Спытаўся прадаўца:
    - Як вы ставіцеся да гэтага тавару?
    [skipped]
    - Я люблю Савецкую Расею, таму магу вам даць параду – ні ў якім разе не купляйце бранзалета: магніт – гэта тайна, не разгаданая чалавецтвам, і ў нас гэтыя бранзалеты, як правіла, купляюць толькі іншаземцы.»
  • «На шмат якіх скрыжаваньнях японскіх дарог стаяць вурначкі. У вурначках жоўтыя сьцяжкі. Гэта для малых, для шкаляроў. Малы бярэ сьцяжок, падымае яго над галавой і сьмела ідзе па вуліцы. І ўсе машыны спыняюцца. Гэта цудоўна: хуткасьць ХХ стагодзьдзя і антычнае стаўленьне да немаўляці.»

Ідэялёгічныя разважаньні

  • «Адрозьніць талент можа адно толькі тое грамадзтва, дзе напоўніцу разьвіваюцца такія чалавечыя якасьці, як незалежнасьць думкі, праўдзівасьць, непрыняцьце адміністрацыйнай адказнасьці, дзе заахвочваецца пошук, дзе пастулят Карла Маркса “падвяргай усё сумневу” не выклікае пераляканае рэакцыі ўладароў.»
  • «…Ля ўваходу – фота казачќа ў вышыванай кашулі і лапцях. “Манос” – рускі рэстаран. Іх тут некалькі. Ёсьць, да прыкладу, “Волга”, збудаваная ў форме маленькае царкоўкі. (Колькі я пасьля бачыў гэтых “рускіх” рэстаранчыкаў! Лапці, драўляныя ўслончыкі, самавар, шаўковыя кашулі, вышываныя рушнікі… Матэрыялізаваныя мары пра Расею, якой яе хацелі б бачыць напаўграматныя ўласаўскія і іншыя недабіткі. Паблажліва-барскае, “звыклае” з часоў Шкуро і Куцепава стаўленьне да вялікага народу, які падняў у космас і спадарожнік і Гагарына; азлаваная непадрыхтаванасьць да праблемаў, якія высунулі Каралёў, Ландаў, Шастаковіч… Натуральна, хрысьціцца на лапаць лягчэй, чым зразумець геніяльную думку Мікалая Дубініна, Аксэля Берга або Пятра Капіцы…)»
  • «Толькі што прыйшоў новы пачак літаратуры з Пэкіну – яе тут распаўсюджваюць паўсюль. Паколькі “культурная рэвалюцыя” ў модзе, на гэтым можна зарабіць. Парадоксы капіталізму: зарабляць грошы на літаратуры, якая патрабуе “разьбіць сабачыя галовы ўсім японскім буржуям”.
    Паглядзелі вечаровыя паведамленьні тэлеграфных агенцтваў. Некалькі найбуйнейшых прамыслоўцаў Японіі выказаліся за прызнаньне Кітаю.
    - Што ж, - заўважыў Дэйў, - галаве спатрэбіліся рукі…»

Сынгапур

Ну тут усё пад адну тэматыку падыходзіць

  • «У кітайскім Даўн-таўне, каля Маркет-стрыт і Тэлак-айерстрыт, у абшарпаных хатах, якія засталіся незалежнай рэспубліцы ў спадчыну ад каляніяльнага Сынгапуру, на падлозе ў кучы спалі і сядзелі сотні людзей; тут не было ня тое што эйркандзішэн – нават старамодныя прапелеры пад столяй і тое тут у рэдкасьць. Было нешта ненатуральнае ў гэтым магутным сутыкненьні галечы мінулага, каляніяльнага веку з асьвечанымі гмахамі рэклямаў “Філіпсу” і “Мэрсэдэсу”.
    Драпежнасьць заходняга імпэрыялізму для сьвету ня новая, і сьвет штодня і шточасу пашырае змаганьне супраць яго…»
  • «Трэба ж дадумацца да такога вандалізму: выракаючы вялікі кітайскі народ на галечу, паказваць на Ўсходзе, а асабліва там, дзе жывуць кітайцы, “росквіт і прагрэс” Пэкіну! Ашуканства, нечуванае ў гісторыі! Нашая рэвалюцыя прайшла скрозь спусташэньне і голад, і Ленін не баяўся казаць праўду сьвету пра гэтае спусташэньне, выкліканае ўзброенай барацьбой Антанты супраць нас. Ленін вёў да перамогі людзей, разьняволеных рэвалюцыяй, а разьняволеньне азначае найперш свабоду веданьня праўды, якой бы цяжкай яна ні была.
    Пэкіну патрэбныя даляры, хвунты і маркі – асабліва маркі… …Замест кінутых на сынгапурскі рынак па дэмпінгавых коштах кашулечек і купальнічкаў Пэкін адвальвае велізарныя сумы канцэрнам, зьвязаным з вайсковай вытворчасьцю, - стырніку трэба золата для прац па стварэньні ядзерных бомбаў. Частка тавараў у гэтых мааісцкіх крамах зробленая ў Ганконгу, - толькі цэтлікі, што вісяць на іх, вырабляюцца ў Пэкіне, - паліграфію ж на друкаваньні цытатнікаў “вялікага стырнавога” яны разьвілі як сьлед. Рабочыя Сынгапуру ходзяць у гэтую краму (такіх, дарэчы, тут некалькі), зьдзіўляюцца, ды й пачынаюць паціху прыслухоўвацца да радыёперадачаў з Пэкіну.
    А ў перадачах, разьлічаных на кітайцаў, раскіданых па сьвеце, пэкінскае радыё абвяшчае пра “неверагодны эканамічны прагрэс у Кітаі”, пра “раскошу, якая штодня павялічваецца”.»
  • «…Нотнай грамаце вывучыўся ў царкоўным хоры. Я сьпяваў “Авэ Марыя”. У каталіцкай арганнай музыцы я спасьцігаў законы гучаньня. Аднак я зразумеў тады (можа быць, гэта парадаксальна), што гэтая вялікая музыка зьнішчае мяне, зьядае ўва мне разьюшаную актыўнасьць муз́ыкі.
    У м́узыцы, складзенай для нас, каляніяльныя ўлады сумяшчалі каталіцкі супакой з будысцкай мэлядычнасьцю. Гэта быў у найвышэйшай ступені прадуманы прынцып працы, якую калянізатары праводзілі зь мясцовым насельніцтвам.»

Маляйзыя

  • «У адрозьненьне ад Сынгапуру, у Кота-Кінабалу “Банк Кітаю” зачынены. Кітайская крама “Усходні стыль”, зрэшты, ёсьць і тут, але яе байкатуюць. Ёсьць невялічкая крамка, дзе прадаюцца маторы зь пячаткай: “Зроблена ў Кітаі”. Я папрасіў праспэкта – мне працягнулі брашурку, надрукаваную ў Пэкіне. Апісаньне матору па-ангельску і па-кітайску, а абазначэньні дэталяў – як прыглядзецца – расейскія… Наш матор жа, збудаваны на тым заводзе, які мы падарылі Кітаю пятнаццаць год таму…»

Аўстралія

  • «Барнс [міністар зьнешніх тэрыторыяў Аўстраліі] адмовіўся перагледзець сваё рашэньне. Мне было канчаткова забаронена завітаць у Папуа і Новую Гвінэю. Няхай прэса піша сабе, прафсаюзы – на здароўе, абурайцеся, а я яго не пушчу. Вось вам цудоўны прыклад дэмакратыі “свабоднага сьвету”. Газэты пісалі: “цяпер рускія маюць права зьвярнуцца ў ААН, у Камісію па апецы”. Аднак нават гэта не зьлякала Барнса…
    …Спадар міністар жахаецца нашай праўды ў вырашэньні нацыянальнага пытаньня. “Чырвоны пісьменьнік” расказаў бы пра гэтую нашую вялікую і чыстую праўду, калі б яго запыталіся.
    Можна ставіць бар’еры на шляху савецкага грамадзяніна ў Папуа і Новую Гвінэю. Нельга паставіць бар’еры на шляху праўды – шлях нашай праўды вышэй за бар’еры, усе і ўсялякія.»
  • «Праз некалькі месяцаў пасьля майго вяртаньня дахаты я атрымаў ліст з Аўстраліі: “Джуліян, хочам цябе пацешыць: не без тваёй і нашай дапамогі міністар Барнс звольнены ў адстаўку. Запрашаем цябе ў Папуа. На даручэньне сіднэйскіх журналістаў Пол Маклай [унук Мікалая Мікалаевіча Міклухі-Маклая].”»

Цікава было б паслухаць меркаваньні гэтага чалавека (я пра Юльляна Сямёнявіча Ляндраса) на сёньняшні момант (сам ён памёр у далёкім ужо 1993-м…)

Камэнтары »

The URI to TrackBack this entry is: http://renessaince.blogsome.com/2008/05/09/p755/trackback/

Пакуль ніхто нічога не прыдумаў сказаць.

RSS стужка камэнтароў да гэтага запісу.

Нашкрабаю чаго-небудзь

Line and paragraph breaks automatic, e-mail address never displayed, HTML allowed: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <code> <em> <i> <strike> <strong>



Anti-spam measure: please retype the above text into the box provided.






















Get free blog up and running in minutes with Blogsome
Theme designed by Helga Cleve

Custom Logo Design, Company Logo Design, Business Logo Design, Logo Designs.
Company Logo Design