|
…Я сжёг их жизнь, как ворох газет - © БГ |
Яны ўжо ехалі траёх, калі я толькі ўвайшоў. Размаўлялі пра тое, што давялося пабачыць на ўласныя вочы. Першы распавёў, як на час візыту лукі ўсіх рабочых іхняга прадпрыемства загналі ў баракі. А чакалася, што будзе звычайная працоўная атмасфэра і прагулка па цахох. А вось жа не. Рукі падняць было нельга: па цэнтры сядзелі снайпэры. "Сьпісалі б, нібы жывёлу якую."
Другога падобная сытуацыя зусім не зьдзівіла. Пачалі ўзгадваць Машэрава. Першы быў у яго зь візытам у тыя часы. Зайшоў у будынак, спакойна падняўся на трэці паверх. "Прыме?" - да міліцыянта. "Пачакайце" - адказ. "Можна запаліць?" - "Без праблемаў". Цераз пяць хвілінаў: "Праходзьце, калі ласка". Другі згадзіўся, што за Машэравым "усё было па-чалавечы, для чалавека". І Мазураў такі сама быў [да гэтага моманту я й не задумляўся, хто такі Мазураў]. А Машэрава таму й забілі, бо йначай бы ў Маскву прабіўся.
Адзін зь іх адарваўся на размову па мабілцы. У размову ўключыўся трэці. Усе гэтыя мікрасхемы надзвычай небясьпечныя для здароўя, бо пры іхняй вытворчасьці парушанае правіла залатога перасеку. Тэхналёгія іхняй вытворчасьці на ўсіх беларускіх прадпрыемствах ад пачатку таму дэфэктная. Я хоць і ня фізык, але мне цяжка было стрымаць усьмешку. Зрабіў рэпліку, што ў мабілцы, на якой размаўляе адзін з гэтых паважаных спадароў, мікрасхемы не беларускія, а кітайскія. Канечне ж, гэта яшчэ больш пераканала суразмоўцу ў тым, што мікрасхемы небясьпечныя для здароўя.
Яны выйшлі ўсе разам на адным прыпынку і разышліся кожны ў свой бок. Ніхто зь іх ня ведаў адно аднаго. Аднак апынуліся ў пэўным месцы ў адзін час і неяк знайшлі агульную тэму гутаркі. Паскардзіліся на тое, што ўсе й так ведаюць, ды разышліся далей. Quo vadis?
А наступны прыпынак быў маім. Цяпер у дзяржаўную ўстанову проста так на трэці паверх не патрапіш. Ня кажучы ўжо пра адзінаццаты. Дзе так блізка да нябёсаў. Адкуль лацьвей бачна, для каго адзінага штодня "зялёнае сьвятло" на праспэкце туды, увечары - назад.
P.S. Адзін з прыкладаў, "чаго дабілася краіна за гады незалежнасьці".


