We are the greatest!

September 29, 2008 - 23:18:20

Drang nach Osten, ці Аршанская бітва-2008

Цэтлікі запісу: canon, вандроўка, гітара

Гэты пост, які я-ткі дапісаў, распачынае сэрыю запісаў пра "тое, дзе я быў". Іх вельмі лёгка будзе адрозьніць ад іншых нават назовамі - настолькі яны будуць трывіяльныя. А вось самі падзеі - даволі нетрывіяльнымі.

 

Такі я падмануў. Узяўшы зьвесткі, як дабірацца, з крыніцы двухгадовае даўніны, ня ўлічыў, што за гэты час нешта магло зьмяніцца. Таму адразу скажу, што з чыгуначнага вакзалу ня трэба сядаць ні на які яшчэ транспарт да вакзалу аўтобуснага: апошні збудавалі зусім побач ля першага. Мяркую нават, што адмыслова пад сёлетнія "дажынкі". emoticon

Надзвычай актуальнае таблёТакім чынам, як заўсёды, даведаўся, што я еду, за дзень да імпрэзы. Палаткі дастаць не было як і ў каго, але ж хіба мы падобныя да тых, каго клапоціць прагноз надвор’я?

Як паказала практыка, купка цёплае вопраткі на выходных аказалася абсалютна лішняй. Таму халодны квас на вакзале быў якраз дарэчы. Недарэчы пякло сонца цераз шкло вагону. Як толькі вызвалілася месца на процілеглым баку вагона - можна было крыху перадахнуць, нават паспаў. Па дарозе да Воршы, дарэчы, міналі Барысаў. На наступны дзень, у нядзелю, там якраз ладзілі сьвята старажытнага пісьменства і друку. Што праўда, па той частцы гораду, міма якой мы праяжджалі, гэтага не было заўважна: горад нават страшнейшы за наш. Відаць, сюды сьвята дайсьці не павінна было.

Можа, праз сьпёку, якая так канстраставала з папярэднім днём, надта задаўбаўся ехаць, хоць гэта й хутчэй, чым дахаты. Нарэшце - Ворша. На пэроне мужык проста падышоў і спытаўся, ці не на Крапівенскае поле я кіруюся. Ягоны заплечнік быў такім сама па памеры, як мой, калі не лічыць яшчэ палатку, і я зразумеў, што ўсё атрымоўваецца проста цудоўна.

На месцы Аршанскае бітвыАднак Ворша сустрэла нас ня надта госьцепрымальна. Нягледзячы на тое, што аўтобусны вакзал "апынуўся" побач з чыгуначным (ну, пра гэта я паведамляў спачатку), аўтобус, якога мы чакалі, раптоўна "паламаўся". Наступны ў той бок толькі празь дзьве гадзіны, абяцаную замену знайсьці аніяк не маглі, а астатнія маршруты чамусьці не ламаліся. Ну што ж тут зробіш: вакзал такі адгрохалі, што на запасны аўтобус грошай ужо не засталося. Прыехала наўзамен недзе праз паўгадзіны маршрутка зь Віцебску. Амаль усю цалкам яе й занялі наведнікі фэсту.

Далейшыя апасеньні Яна (так звалі майго шчасьлівага спадарожніка), што па дарозе могуць яшчэ "сустракаць", апынуліся марнымі. Хіба ля самага месцу фэсту тусаваліся дзьве машыны мянтоў, якіх ужо на пляцоўцы апрацоўваў наш чалавек з падвязаным языком. Так яны й вярнуліся да сваіх баранаў машынаў зь неразпакаванай камэрай. emoticon Што праўда, сьцяг-ткі забралі. А шкада: стаяў ён на ўзгорку, там яго здалёк відно было (сам фэст ладзіўся ўнізе, на спуску з гары). Ну зразумела ж, баяцца: а раптам хто ўбачыць.

Палатку мы выстаўлялі ў атачэньні маскальскіх сьпеваў пад гітару і, зразумела, выпіўкі. Аднак тое, што на сцэне выстаўленая была гукаўзмацняльная апаратура, абнадзейвала, што фэст пройдзе на нябачным дагэтуль узроўні (раней жа сьпявалі абсалютна unplugged). Аднак калі прыехалі першыя ўдзельнікі-музыкі, высьветлілася, што па дарозе мікрафоны ўсё ж былі сканфіскаваныя. А шкада: цераз рэчку ўжо відаць была вёска Крапіўна. Ну зразумела ж, баяцца: а раптам хто пачуе.

Зьміцер СідаровічЗьміцер Сідаровіч, высьвятляецца, быў на самым першым гэтым фэсьце ў 1991. На фотцы ён мне здаваўся больш старэйшым ужо і - адназначна - не такім кабаном. У добрым сэнсе гэтага слова. Некаторыя зь песьняў у ягоным выкананьні я чуў упершыню. А Ян дык і ўвогуле толькі зараз пазнаёміўся з творчасьцю гэтага экс-салісту гурту "Камэлот".

Аляксей ГалічНу што казаць, калі Аляксей Галіч даведаўся пра тое, што будзе ўдзельнічаць, толькі зранку ў той дзень, 6 верасьня. emoticon Выканаў колькі песьняў на творы іншых паэтаў, бачна, што стараўся, голас прыемны такі. Таму можна дараваць тое, што тэксты забываўся. emoticon

Мікола НевядомыАбсалютным адкрыцьцём (прынамсі для мяне) стаўся выступ маладзёна, якога арганізатар прадставіў Міколам. Давялося пашкадаваць пра адсутнасьць мікрафонаў: арганізатар таксама папярэдзіў, што Мікола пачатковец і сьпявае вельмі ціха. Але што сьпявае! Усе тэксты - пераробкі вядомых песьняў на прыгожай чысьцюткай беларускай мове. Падкрэсьліваю: не пераклады, а пераробкі. Кшталту "Францішак Скарына і Піцер" на матыў "В неізвестной стороне, На чужой планете Предстоіт учіться мне В універсітете…" Альбо "Ўодка беларуская" (так-так, памылкі няма: менавіта Ўодка): "Паміж чаркаю і шкваркай - Ўодка беларуская…", "Паміж зельцам і вяндлінай - Ўодка беларуская", ці нешта падобнае; быў там і прыпеў са словамі пра капыткі, што таксама прыемна: бачна, што чалавек ня проста ведае беларускую мову, але й цікавіцца культурай. Вось толькі словаў зусім не памятаю, шкада; а калі б дзе яго яшчэ сустрэць, дык далібог, набыў бы сабе ўсе ягоныя песьні. Слухачам, па ўсім відаць, таксама "ўставіла", бо пляскаць пачыналі яшчэ ў час песьняў. Што часта замінала слухаць: Мікола й сапраўды сьпяваў надта ціха… А мікрафоны ў наступны раз укінуць у заплечнік можа любы чалавек.

Музыкі адыгралі і, стаміўшыся, узялі перапынак. Мельнікава ўсё не было. На сцэну ўлез нейкі маскаль з гітарай. Што праўда, ён дык хоць і ні бум-бум па-беларуску, але пару разоў тыркаўся падыграць ці то "Паветраны шар", ці "Гасьцей" "Крамбамбулевых" нават. А вось слухачы на гэтым мерапрыемствы сабраліся збольшага, склалася ўражаньне, папіць гарэлкі і пасьпяваць/паслухаць маскальскія сьпевы. Карацей, тая самая "народная гулянка" ў меншым маштабе.

Сярэднявечная дыскатэка ад СідаровічаНенадоўга спыніў гэта Сідаровіч гэтым разам з самаробным інструмантам, назву якога я, на жаль, не запомніў. Але гэта нешта было гарадзенскае, а па гучаньні падобнае да шатляндзкае валынкі: надзімаецца мех, паветра зь яго выходзіць праз дуду, на якой і ствараецца мэлёдыя. Цяпер зразумела, чаму Сідаровіч такое камплекцыі: трэба мець неблагія лёгкія, каб увесь час надзімаць той мех. А ён адыграў нам цэлую сярэднявечную дыскатэку. І сам фігуры паказваў, і Галіч кіраваў наперадзе строю. Аднак тым, хто ішоў за ім (некаторым, сугрэтым напоямі), было па барабане. Мне, несугрэтаму, акрамя фоціку іншае пары не было, таму ўсё й засталося тут, у здымках.

Недзе каля гадзіны ночы 7 верасьня музыкі разьехаліся, Мельнікава ўсё не было, астатнія заняліся сваімі справамі. Я-ткі ня вытрымаў і пайшоў спаць, хоць дыскатэка была яшчэ ў самым разгары. А, дарэчы. Мікрафоны-то сканфіскавалі, а калёнкі засталіся. Таму тое, што было на кружэлках, чуваць было лепей. emoticon

Андрэй МельнікаўЗранку прачнуліся ад сьпеваў пад гітару. Вылажу з палаткі: ёлкі, Мельнікаў грае! Як і ў мінулым годзе, паводле аповеду Яна, яму, відаць, халадно не было. emoticon Доўга зранку затрымвацца ўжо ніхто не хацеў, ды і ў Мельнікава самога жаданьня вялікага не было. Пакрысе ўсе сабраліся.

Памятная дошка пустой падзеіТак атрымалася, што хоць разыходзіліся мы паасобку, маленькімі групкамі, аднак на прыпынку ўсе пасьпелі да аднае маршруткі. Сорамна было чуць у салёне, дзе акрамя нас ехалі і іншыя пасажыры, размовы "нашых" турыстаў, як яны правялі той славуты мінулагодні фэст: колькі яны пасьпелі выпіць падчас затрыманьня ў міліцэйскім пастарунку. Дзякуй Богу, прыехаўшы на вакзал, мы зь імі разьвіталіся. Атрымаался знайсьці нават берасьцейскае пЫва. Якраз прыгравала сонейка, на якім мы прасядзелі ў чаканьні электрычкі дахаты.

 

Усё было проста цудоўна.

4 Comments »

The URI to TrackBack this entry is: http://renessaince.blogsome.com/2008/09/29/p849/trackback/

  1. Думаю, что добра, кали усе цудоуна…шкада, что я не компаньен в таких делах :(

    Comment by BelAngel — September 30, 2008 @ 11:58:04

  2. Гэта яшчэ далёка ня ўсё, што ты прапусьціла.

    Comment by Renessaince — October 1, 2008 @ 0:14:49

  3. а сколько ещё пропущу :(

    Comment by BelAngel — October 1, 2008 @ 8:59:33

  4. Захочаш - прапусьціш.

    Comment by Renessaince — October 5, 2008 @ 22:17:57

RSS стужка камэнтароў да гэтага запісу.

Нашкрабаю чаго-небудзь

Line and paragraph breaks automatic, e-mail address never displayed, HTML allowed: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <code> <em> <i> <strike> <strong>



Anti-spam measure: please retype the above text into the box provided.






















Get free blog up and running in minutes with Blogsome
Theme designed by Helga Cleve

Custom Logo Design, Company Logo Design, Business Logo Design, Logo Designs.
Company Logo Design