We are the greatest!

November 4, 2008 - 23:50:49

Дзень 7 наябра - красны дзень календара

Цэтлікі запісу: Беларусь, абвесткі

Менавіта ў гэты дзень запрашаюцца ахвочыя наведаць Курапаты.

Пачатак ва ўрочышчы а 14-й.

- 22:31:45

HoneyMoon, частка 2-я

Цэтлікі запісу: canon, вандроўка

Прага

Сьняданак у гатэліНарэшце на наступны дзень мы туды трапілі. Першы гатэль неўзабаве пасьля перасячэньня чэскае мяжы, дарэчы, быў на той момант ледзь ня раем на зямлі. І інтэр’ер у рэстаране аздоблены зелянінай, і выгляд на раку з вакна. Але гэта былі яшчэ кветачкі…

Нязвыклы дарожны знакТрэба яшчэ дадаць, што кіраўнік нашай групы Ігар ня першы раз езьдзіць ва ўсялякія падарожжы, а таму акрамя таго, што яму ўжо было нецікава глядзець у соты (ці які) раз адное й тое ж, ён сваім вопытам шчодра дзяліўся з намі, распавядаючы, як і дзе што лепей набыць/абмяняць/паглядзець/паесьці. Падчас заезду ў кожную новую краіну альбо горад ён (на памяць!) распавядаў у скароце гісторыю, геапалітыку, геаграфію ды іншыя ТТХ. А з самага пачатку нашага падарожжа, яшчэ ў Беларусі, прадставіў нас як «маладых, для якіх гэтая вандроўка ёсьць вясельным падарожжам». Прыемна, бо нечакана (ня йначай, Валянціна выдала – гэта цётка з турагенцтва, празь якое мы афармлялі неабходныя дакуманты і якая зрабіла ўсё магчымае, каб мы ўклаліся ў тэрміны і з ЗАГСам, і з консульствам Чэхіі. Яна таксама вельмі за нас перажывала, прынамсі, гэта так выглядала, і нават зрабіла нам «сюрпрыз» у якасьці лепшага на адну зорку нумару ў «асноўным» гатэлі ў Празе).

Сувэнірная крама, адна з многіхУ рэшце рэшт, наступны прыпынак – Прага. І наш першы прыпынак у ім – не, да паштамту мы не дайшлі – сувэнірная крама. Мы тады яшчэ ня ведалі, што яны будуць трапляцца нам на кожным баку. Выйшаўшы зь яе, мы сустрэлі сваю суседку па паверсе. Ня ў Менску, дык у Празе пагаварылі. Яны падарожнічалі таксама ў паралельным туры, які дазваляў нармалёва паглядзець прынамсі Прагу. А нам трэба было бегчы далей…

Назвы плошчаў/вулачак/палацаў/замкаў/вежаў і г.д. праскоквалі міма маіх вушэй, як макароны над Парыжам. Ды й усе ведаюць, мабыць, чым славутая Прага. Таму распавяду толькі тое, чаго я б раней ніколі не падумаў і ніколі б пра тое не задумваўся. А цяпер я гэта ведаю дзякуючы нашаму праскаму гіду – супрацоўніку расейскага консульства, здаецца, – які заўважна паважае краіну, у якой жыве й працуе. Гэта было бачна цягам усяе нашае экскурсыі.

  • Адзін са шматлікіх відарысаў праскіх дахаўПрагу называюць «стовежавым горадам», і гэта яшчэ сьціпла, бо насамрэч у ім больш за 600 вежаў.
  • Тыповая хатка старога гораду ПрагіЯ яшчэ зьдзіўляўся, пабачыўшы на хатах падвойную нумарацыю. Высьветлілася, што ўсё настолькі цяпер проста, як раней было складана. За часамі, калі Прага яшчэ ня мела ані нумароў хатаў, ані назваў вуліцаў, адназначна хаты ў горадзе ідэнтыфікавалася з дапамогай «дамавых знакаў», якія былі па ўсім горадзе ўнікальныя. Болей за тое, чаму былі? Яны й цяпер радуюць вока шматлікіх турыстаў. Пазьней увялі скразную нумарацыю дамоў ва ўсім горадзе, таму й вісяць нумары кшталту «556, старэ места, Прага 1». Аднак яны таксама ня проста «вісяць», а могуць выконваць чыста ўтылітарную функцыю: калі пазначыць такі адрас на капэрце – ліст дойдзе да адрасату. Ну а «сіняя нумарацыя» - найбольш позьняя, унікальная ў межах аднае вуліцы. То бок звыклая для нас адрэса кшталту «горад – вуліца – нумар хаты». Ну а «Прага 1» - гэта ўжо адміністрацыйнае дзяленьне на раёны, якіх у Празе ад 12 да 14.
  • Вуліца палітычных вязьняўДарэчы, «staré mĕsto» і «nové mĕsto» - гэта паняткі абсалютна розныя і маюць разьбежку ў два стагодзьдзі: прыблізна XII і XIV-е. emoticon
  • Навошта чэхам такія літары, як вышэй, а яшчэ ў іх ёсьць «а пад націскам» – я ня ведаю. Тое, што яны азначаюць ня націск – гэта дакладна. А вось іхняя літара «h» перадаецца як нашая «г», нашаму «х» адпавядае ў іх спалучэньне «ch»; ну а «g» – гэта нашае «г фрыкатыўнае», альбо «ґ ». Даволі важкі аргумэнт для ўжываньня лацінкі ў нашай мове. І напрыканцы: «ř» - гэта адзіны гук «рж» (прыблізна бы ў нас «дж» і «дз»).
  • Гід з гонарам распавядаў пра прамысловасьць Чэхіі. А то б я й дагэтуль ня ведаў, што «беларускія» тралейбусы маюць чэскае «сэрца». Зрэшты, цікава, адкуль у яго такія зьвесткі?
  • Вуліца дарожных знакаўНу раз ужо пра транспарт, дык у ім вельмі проста заўважыць адрозьненьне «нашых» людзей ад «іхніх». Сьпярша пра тое, што ў Празе няма гэтых сама тралікаў. Там езьдзяць аўтобусы, шырока разгалінаваная сетка трамваяў, 3 лініі мэтро. На ўсе віды транспарту – 1 праязны квіток. Пра гэта нам, дарэчы, добра папярэдне патлумачыў Ігар, папярэдзіўшы, каб не надумалі ні ў якім разе ехаць «зайцамі» – сабе даражэй абыдзецца. Квіткі (па-чэску jizdenki) ў залежнасьці ад кошту дзейнічаюць пэўны прамежак часу. Адлік вядзецца ад моманту, калі іх прабіць. Пасьля гэтага за найтаньнейшую «іздэнку» можна езьдзіць 20 хвілінаў наземным транспартам ці 30 хвілінаў, але ня болей за 5 станцыяў – у мэтро. Менавіта з гэтымі разыходжаньнямі ў часе паездак для наземнага транспарту і для падземкі ў нас і здарыліся непаняткі (добра патлумачыў Ігар прынцып, але не да канца), бо па часе нам хоць нібыта й хапала «іздэнкі» за 18 кронаў (курс на той час у межах 22-25 чэскіх кронаў за 1 эўра) даехаць ад цэнтру да гатэлю, дзе мы жылі, аднак мы аніяк не ўкладаліся ў дазволеныя 5 станцыяў. Усе астатнія даражэйшыя квіткі дзейнічаюць па часе аднолькава як для аўтобусаў-трамваяў, так і для падземных ліпіздрычак. Як вядома, у нас усё абышлося добра. Дзякуй Богу.
  • Праская восеньМы карысталіся толькі адным відам грамадзкага транспарту Прагі - мэтро. Але і ў ім кідаецца вочы адрозьненьне нашых менталітэтаў. Пражане не сьпяшаюцца заходзіць у мэтро. На прыпынку цягнік спыняецца, тады пасажыры пачынаюць падымацца са сваіх сядзеньняў і спакойна выходзіць. Пасьля пачынаецца працэдура ўваходу, пасьля чаго ліпіздрычка яшчэ нейкі час стаіць. Як гэта кантрастуе з нашымі людзямі і транспартам, які заўсёды сьпяшаецца зачыніць дзьверы так, каб прышчаміць каму-небудзь… ну, хвост.
  • Турыстаў у цэнтры Прагі сустрэць лягчэй, чымся абарыгенаў. Болей за тое, між турыстаў лягчэй за ўсё сустрэць гасьцей з Усходу – расейскамоўных, кітайцаў, ну й палякаў. Так увесь час і хадзілі і толькі чулі адусюль маскальскую мову. Не хапала нам са сваёй групы.

Група, дарэчы, падабралася яшчэ тая. Насупраць нас у аўтобусе (цераз праход) сядзела яшчэ адна маладая парачка, якія вялі сябе больш разьвязана, ніж мы. Аднак яны былі найбольш падыходзячымі нам па ўзросьце і зацікаўленьнях (і яны мелі фоцік «кэнан» emoticon ), і зь імі можа й было б цікава стусавацца, напрыклад, у Вене (пра «Розэнбэргер» потым), калі б мець больш цягі да зносінаў і… каб яны не палілі.

Помнік, падораны праскаму ДзівадлуЧастку групы (ня лепшую частку, скажам проста) складалі дзеці (дзеці – пайшлі ў нару бзьдзеці!), якія ехалі невядома чаго і да таго ж ня ў першы раз. Карацей, ехалі дзеля чаго заўгодна, але ня дзеля экскурсыі. Галасілі, ставілі на вушы ўсе гатэлі, дасталі ўсіх пасажыраў аўтобусу. Але што такое дзіцячыя свавольствы ў параўнаньні з дарослым шавінізмам і тупасьцю…

Гэты дзядзька са сваёй жонкай сядзелі ў аўтобусе якраз перад намі. Ягоны «талент» напоўніцу выявіўся ўжо падчас першага дню ў Празе, калі трэба было здагадацца, што нас чакае за паваротам такога, што цесна зьвязана з Прагай і прыемна для нас, беларусаў. Вох і цяжкую задачу задаў праскі гід гэтым дарослым! Ну хто яшчэ зь беларусаў прыгадваецца ў шчыльным зьвязку з Прагай? Акрамя радыё «Свабода», натуральна, але гэта ж усё-ткі зборны панятак. Будынак «Radio Liberty» мы на другі дзень знайшлі-ткі, дарэчы. Па праўдзе, мы знайшлі яго і ў першы дзень, але проста абмінулі яго ўвагай. Ну а калі я даў «падказку» наконт Францішка Скарыны, яны яшчэ пачалі выдумляць нейкіх іншых асобаў! Гэта быў першы пэрл.

У другім выпадку наш гід для параўнаньня прывёў прыклады падабенства некаторых (не-ка-то-рых!) словаў у чэскай і маскальскай мовах (пры тым, што ён ня ведаў беларускае, цікава было пачуць, як ён падкрэсьліваў адрозьненьні ў іншых маскальскіх ды чэскіх панятках, хоць па-беларуску яны якраз гучаць падобна да чэскіх). Пасьля гэтага давялося пачуць ад «нашага шавіністычнага турыста» тыраду адносна таго што вось, маўляў, «паў-Эўропы маскальскую мову перадрала ў свае мовы». Такое бязглуздае выказваньне, якое мала таго што паказвала маскальскі шавінізм чалавека, якога невядома да каго цяпер адносіць, дык яшчэ й поўнае няведаньне гісторыі прынамсі славянскага сьвету ды ўвогуле Эўропы, можна было параўнаць хіба з безапэляцыйнай заявай: «на сьняданак нам паклалі толькі чорны хлеб. Значыць, у Чэхіі няма белага хлебу,» - але пасьля такое непавагі да мовы тлумачыць яму нічога не хацелася. Хаця б таму, што я б мог проста не стрымацца. Усё адно чэская і беларуская болей падобныя. На жаль, на слых успрымаць мне чэскія словы было вельмі складана, таму мелі мы зносіны пераважна па-ангельску, а калі хто з пражанаў не разумеў ангельскае, дык тады яны разумелі беларускую і адказвалі па-расейску (у асноўным гэта старэйшае пакаленьне, выхаванае за савецкім часам).

Яшчэ колькі хвактаў.

  • Па Швэйку ствараюцца мюзіклы з шабачкаміКрот з мультфільму, «бравы салдат Швэйк» з раману Я.Гашэка, «Бяхе́раўка», «Крушовіцэ», «Старапрамень», «Велькапаповіцкі козел», «Радэгаст», «Гамбрынус», абсэнт – гэта Чэхія. Прынамсі пра першыя два мусіць ведаць кожны (хто не ўжывае алькагольных напояў).
  • Абменьнікі з камісыйнымі – гэта таксама Чэхія, на жаль. emoticon
  • 90-годзьдзе 1-й рэспублікіЧэхаславаччына – гэта ня Чэхія. Як і «чэхаславацкая мова», якой ніколі не было. Ёсьць чэская і славацкая. Яны падобныя адна да аднае, як украінская ды беларуская адпаведна (гід, праўда, казаў у параўнаньні з маскальскай, але зь ягоных словаў пра тое, што чэская больш цьвёрдая, грубая, а славацкая паўнагалосная, будзе слушней параўнаць менавіта адпаведна з украінскай і нашай). Так, чэхі сьвяткуюць «дзень першае рэспублікі» 28 кастрычніка, калі ў 1918 годзе была абвешчаная Чэхаславаччына (мы якраз трапілі на 90-годзьдзе). А вось для славакаў гэта – ня сьвята.
  • Карлавы мост – гэта Прага. Калі вы не заблукалі ў Празе – значыць, вы Прагі ня бачылі. Аднаго-двух дзён для таго, каб паблукаць па Празе – недастатне.
  • Непадалёк ад будынку, дзе вісіць памятная дошка Францішку Скарыне (ай, як цяжка здагадацца, хто зь беларусаў мае дачыненьне да Прагі!), знаходзіцца грэка-каталіцкі храм. Зразумела, што нашым турыстам давялося тлумачыць, хто такія грэка-каталікі і чаму сюды ходзяць украінцы. Усё-ткі маскальскі гід ёсьць маскальскі. А маскальскія турысты ёсьць маскальскія.
  • Звычайная кнігарня на чыгуначным вакзалеКніга басьняў Тараса Шаўчэнкі «Кабзар» упершыню без цэнзуры выйшла ў праскай друкарні ў 1876 годзе. У Празе можна знайсьці кнігі ці не на любых мовах сьвету. Цікава, каб мы трапілі ў якую буйнейшую кнігарню, ці знайшлі б мы выдадзеныя беларусамі кнігі?.. А так – абмежаваліся кучай паштовачак (яны таксама сталіся нашым насланьнём пасьля сувянірчыкаў) і пералякалі прадаўцоў гэтай кнігарні Танькавым пытаньнем пра кошт кружэлкі па Празе. Высьветлілася пасьля пяці хвілінаў іхніх пошукаў і бегатні, што кружэлка не прадаецца, а дорыцца разам зь нейкай кніжкай. Кніжку мы набываць ня сталі.
  • У Празе ёсьць музэй мікрамініятур. Ізноў жа са словаў гіда, ён яшчэ круцейшы, ніж у Кыіві. Даводзіцца хіба давярацца ягоным словам, бо мы нікуды не пасьпелі патрапіць. Акрамя таго, у Празе ёсьць музэй катаваньняў. І шмат іншых невядомых мне музэяў. Якіх няма ані ў Вене, і нідзе больш.
  • Пакуначкі з савочкамі для шабачакКалі нават гід настолькі любіць гэты горад (і краіну ў цэлым), дык што казаць пра саміх жыхароў. Я ўвесь час пра гэта задумляўся, інтэрпалюючы ўсё бачанае на нашую рэальнасьць. Пры іншым ладзе мы маглі б мець прыблізна тое самае. Дастаткова навучыцца паважаць сябе, а не лічыцца прыдаткамі маскалёў. Гід захапляўся Прагай ажно да такіх дробязяў, як паасобкавыя сьметніцы для чатырох тыпаў сьмецьця і бясплатныя пакецікі з савочкамі для шабачак на кожным кроку. А мяне яшчэ зьдзівіла, што на адным з пляцаў стаяў паліцэйскі аўтамабіль, куды шабачкі маглі падыходзіць папіць вадзічкі.
  • Крыху пра апэтытнае. Традыцыйныя чэскія стравы – гуляш (хаця па назьве вельмі падобна, што ўсё ж вугорскі), кнэдлікі, чэскія каўбаскі. Апошняе – з пЫвам. Зразумела, што бяз пЫва там аніяк. Вось якраз яго з усяго вышэй пералічанага я меў ну калі ня ўдосталь, дык са смагі не паміраў. emoticon
  • Праскія вулачкі, як і вулачкі большасьці гарадоў, якія мы наведвалі – гэта лябірынты і хітраспляценьні вузкіх праезных частак. Як наш аўтобус умудраўся па іх вырульваць… За такое майстэрскае кіраваньне нашым кіроўцам можна мэдаль выдаваць.
  • Выстава да 40-годзьдзя здушэньня Праскае вясныПрага ўсё памятае. У тым ліку «шчасьлівае вызваленьне» войскамі савецкага блёку ад «Праскай вясны» ўвосень 1968 году. Мы трапілі ў Прагу якраз у той час, калі ля аднаго з адміністрацыйных будынкаў была прадстаўленая выстава з дакумэнтальнымі сьведчаньнямі тых дзён. Сьведчаньнямі тых людзей, хто ня верыў у «сяброўскую дапамогу» войскаў Варшаўскага дагавору. Ня верылі ня толькі ў Чэхаславаччыне. Пратэставалі ў Баўгарыі, Вугоршчыне, Польшчы… У ГДР на знак нязгоды з акупацыяй ЧССР быў зьдзейсьнены акт самаспаленьня. Пратэстоўцы на Чырвонай Плошчы пратрымаліся літаральна некалькі хвілінаў, пасьля чаго былі засуджаныя на зьняволеньне… Нічога не нагадвае? Існаваць імпэрыі заставалася крыху болей за 20 год, а вывад акупацыйных войскаў з ЧССР пачаўся й яшчэ раней…
  • Прага памятае нямецкую акупацыю. Таму помнікі, прысьвечаныя праскаму паўстаньню 1945 году і прыходу савецкіх войскаў, а таксама тым, хто загінуў у баёх за вызваленьне Прагі, нікуды не зьнікаюць.
  • Любяць яны знакі паўтарацьКалі трэба зьняць фільм са старажытнымі дэкарацыямі – гэта ў Прагу. Са шматлікіх пералічаных гідам фільмаў мне запомніўся «XXX», які я не глядзеў, праўда. Калі трэба наведаць опэру ці паслухаць арганны канцэрт – гэта таксама ў Прагу: квіткі тут каштуюць на парадак ніжэй, чым у іншых суседніх краінах, якія ўжо ўвялі эўра.
  • Дарэчы, з-за таго, што курс эўра да кроны у чыста матэматычным выражэньні тут вышэйшы, чым адносіны злотага да эўра, мне ўвесь час здавалася, што кошты ў Празе ну проста завоблачныя. Але пасьля ўжо зразумеў, што трэба было ўсё перакладаць у эўра. Так мы б зараз мелі яшчэ купку сувэнірчыкаў і, што самае галоўнае, нават некаторыя карысныя рэчы прывезьлі б. Асабліва калі б ведалі, што ніякае праверкі рэчаў на мяжы ня будзе. Гэх, каб ведаў, дзе ўпадзеш, саломкі пасьцяліў бы…

Гатэль «Глёбус», у якім мы правялі дзьве ночы, парадаваў мяне да глыбіні душы ў першы ранак у ім (ну, калі не лічыць ночы, якая адчыняла зусім іншыя сакрэты – усё-ткі гэта была толькі трэцяя нашая шлюбная ноч). Швэдзкі стол – гэта яны прыдумалі, канечне, проста выдатна. Зь іншага боку, глядзіш на гэтую разнастайнасьць у ежы і ня ведаеш, як жа яны і ў якой пасьлядоўнасьці ўсё гэта спажываюць. Аднак мне стала ўсё па барабане яшчэ пасьля першага сьняданку ў транзытным гатэлі, таму я панакладаў сабе, помніцца, замест сьмятаны нейкага соўсу. Але на наступны дзень, каб не клапаціцца пра тое, што з чым есьці можна, а што нельга, я проста награбаў сабе ў талеркі ўсё, што трапляла пад руку. Дзеля гэтага спатрэбіліся тры заходы. Шкада, што з сабой ежу выносіць забаронена. Давялося гэта ўсё зьядаць. А як жа ж: нам пагражаў доўгі пераезд…

Аўтамабіль маркі “ЗіЛ”Ну а яшчэ, калі мы заблукалі-ткі на другі дзень, адарваўшыся ад нашага экскурсаводу і групы, мелі такія глябальныя пляны… У выніку былі радыя, што неяк выбраліся з цэнтру (па дарозе накупляўшы крыху марачак), здолелі памяняць яшчэ крыху грошай і набыць чарговую порцыю сувянірчыкаў, апраўдваючы сябе тым, што гэта ўсё ў мэтах паесьці. Падчас наступнае вылазкі «ў горад», пад’еўшы, мы зразумелі, што для запляняваных наведаньняў музэяў і мюзыклаў час надта позьні… Аднак прыемна самім адшукаць «будынак, які танчыць» і які нам апішуць потым з вакна аўтобусу; прыемна палазіць па чыгуначным вакзале, пра які нам увогуле ніхто я слова не сказаў; знайсьці галоўпаштамт (а як жа безь яго), выстаўлены для агляду легкавік маркі “ЗіЛ” невядома якога году; побач зь ім – краму дробных фіговінак «Банкрут» па сьмешных коштах; ды і ўвогуле паблукаць па вулічках, дзе няма гэтых усюдыісных турыстаў…

Жывы дзёньнікТаньку «Глёбус» парадаваў суседзтвам зь ім праскіх зайцоў і вожыкаў. Столькі піску ваколіцы даўно ў той момант ня чулі. emoticon


Аўтамат па продажы квіткоўЯк ні шкада, а з Прагай давялося разьвітвацца, так нічога і ня ўбачыўшы. Таму калі майго аповеду недастаткова – варта зьезьдзіць туды ня раз і пабачыць самому на ўласныя вочы. Таму не хацелася б навязваць уласныя ўражаньні. Бо для мяне галоўным вынікам гэтае экскурсыі стала тое, што мы можам мець тое самае і ў сябе. Паездкі ў Польшчу мне для гэтага тады не хапіла…

- 0:10:01

HoneyMoon, частка 1-я

Цэтлікі запісу: canon, вандроўка

Відаць, я пачну не па храналёгіі, бо ад паездкі яшчэ не зусім астылі эмоцыі. Таму трэба карыстацца гэтым момантам, бо далей увогуле ня схочацца распавядаць. А пакуль па гарачых сьлядох скажу, што ўсё выйшла прыблізна так, як я й чакаў. Але гэта ў цэлым, а ў дробязях…

Усіх дастаў ужо пераезд праз усю Польшчу, а наперадзе былі яшчэ целяпаньні па ўсёй Чэхіі, заезд у Вену і вяртаньне назад праз некалькі гадзін, а яшчэ ж чакала доўгая дарога дахаты… Адсыпацца ў гатэлях не было як: трэба было а 7-й пачынаць сьняданак, праз гадзіну зьяжджаць, і так тры дні запар. Што праўда, у аўтобусе нам стараліся стварыць як найболей спрыяльныя ўмовы: нейкае падабенства кандыцыянэру, гарачыя напоі “усё-ўключана-ў-кошт-туру” (я пра гарбату-каву), дэбільная музычка ў дарозе і нармалёвыя камэдыі, ну і зразумела, санітарныя прыпынкі. А да гэтага ўсяго ў поры, калі мы ня спалі, дадаваліся разнастайныя відарысы за акном, якія залежалі ад таго, па чым мы ехалі: то лясы-гаі, то пасьля яны зьмяняліся раўнінамі-палямі з чаргаваньнем іх вёсачкамі з вузенькімі вулачкамі; ці прамысловыя раёны з натыканымі паўсюль рэклямамі; ці яшчэ ў тых сама вёсачках непадалёк ад беларускае мяжы напачатку проста сустрэць надпісы па-маскальску, а аднаго разу – і па-беларуску; потым іх меншала па меры аддаленьня ў глыб Польшчы, а большала схілаў-уздымаў, бо недзе ў сярэдняй ці заходняй Польшчы горы Судэты; а на палёх скочуць ня толькі каровы, а й казулі; а ў гарадох поўзаюць ня толькі вожыкі, а й зайцы…

Але першае ўражаньне ад дарогі – гэта, пэўна, пераход мяжы. Нечым падобны да спакойнага штампаваньня пашпартоў на пераходзе Белавежа – Перароў у леташняй нашай паездцы ў Польшчу (ці гэта 2 гады таму ўжо было?..), нават рэчы не правяралі. Таму страшнавата было ўвозіць назад свае ні разу незадэкляраваныя тэхнічныя прылады разам з прыдбанымі сувэнірамі. Аднак не – ні “туды”, ні “сюды” ніхто нічога не шманаў. Так што і ў гэтым усё было проста цудоўна.

Тады мы яшчэ зьдзіўляліся расейскай мове ў ПольшчыНаступны прыпынак пасьля мяжы дадаў падставаў для напаміну, што мы яшчэ ня так далёка ад’ехалі: рэклямныя надпісы дубляваліся па-польску і расейску. А яшчэ на гэтым стопе мы пачалі ўжо затарвацца сувэнірчыкамі. Такім чынам, Алесь будзе рады… Што праўда, з польскай тэрыторыі паштовак адыслаць не выйшла, бо мы літаральна праляцелі яе мінуючы буйныя населеныя пункты. Праляцелі – гэта ўмоўна, калі ўлічыць, што дазволеная максымальная хуткасьць для аўтобусаў на тэрыторыі Польшчы – 70 км/г.
Джерело: Вясельнае падарожжа





















Get free blog up and running in minutes with Blogsome
Theme designed by Helga Cleve

Custom Logo Design, Company Logo Design, Business Logo Design, Logo Designs.
Company Logo Design