HoneyMoon, частка 1-я
Відаць, я пачну не па храналёгіі, бо ад паездкі яшчэ не зусім астылі эмоцыі. Таму трэба карыстацца гэтым момантам, бо далей увогуле ня схочацца распавядаць. А пакуль па гарачых сьлядох скажу, што ўсё выйшла прыблізна так, як я й чакаў. Але гэта ў цэлым, а ў дробязях…
Усіх дастаў ужо пераезд праз усю Польшчу, а наперадзе былі яшчэ целяпаньні па ўсёй Чэхіі, заезд у Вену і вяртаньне назад праз некалькі гадзін, а яшчэ ж чакала доўгая дарога дахаты… Адсыпацца ў гатэлях не было як: трэба было а 7-й пачынаць сьняданак, праз гадзіну зьяжджаць, і так тры дні запар. Што праўда, у аўтобусе нам стараліся стварыць як найболей спрыяльныя ўмовы: нейкае падабенства кандыцыянэру, гарачыя напоі “усё-ўключана-ў-кошт-туру” (я пра гарбату-каву), дэбільная музычка ў дарозе і нармалёвыя камэдыі, ну і зразумела, санітарныя прыпынкі. А да гэтага ўсяго ў поры, калі мы ня спалі, дадаваліся разнастайныя відарысы за акном, якія залежалі ад таго, па чым мы ехалі: то лясы-гаі, то пасьля яны зьмяняліся раўнінамі-палямі з чаргаваньнем іх вёсачкамі з вузенькімі вулачкамі; ці прамысловыя раёны з натыканымі паўсюль рэклямамі; ці яшчэ ў тых сама вёсачках непадалёк ад беларускае мяжы напачатку проста сустрэць надпісы па-маскальску, а аднаго разу – і па-беларуску; потым іх меншала па меры аддаленьня ў глыб Польшчы, а большала схілаў-уздымаў, бо недзе ў сярэдняй ці заходняй Польшчы горы Судэты; а на палёх скочуць ня толькі каровы, а й казулі; а ў гарадох поўзаюць ня толькі вожыкі, а й зайцы…
Але першае ўражаньне ад дарогі – гэта, пэўна, пераход мяжы. Нечым падобны да спакойнага штампаваньня пашпартоў на пераходзе Белавежа – Перароў у леташняй нашай паездцы ў Польшчу (ці гэта 2 гады таму ўжо было?..), нават рэчы не правяралі. Таму страшнавата было ўвозіць назад свае ні разу незадэкляраваныя тэхнічныя прылады разам з прыдбанымі сувэнірамі. Аднак не – ні “туды”, ні “сюды” ніхто нічога не шманаў. Так што і ў гэтым усё было проста цудоўна.
| Джерело: Вясельнае падарожжа |
