Там быў замак, вакол якога ў прыдатак месьціўся горад. Замак прыналежаў роду Шварцэнбэргаў да пачатку другое сусьветнае вайны, пасьля чаго апошні ўладальнік адтуль уцёк, не жадаючы жыць пад акупацыяй. Замак яму да цяперашняга часу не вярнулі і не вярнуць паводле закону, па якім вяртаецца ўсё, што было нацыяналізавана толькі за камунякамі.
Глядзіцца замак як сучасны. А гэта ўсё таму, што ва ўладальнікаў не было, відаць, іншых заняткаў, акрамя хіба перабудоўваць яго пад кожны новы павеў моды, езьдзіць на паляваньні (дзе некаторыя зь іх і загінулі) ды біць туркаў (галовы якіх – статуі, зразумела – вісяць ці ня ў кожным пакоі). Вох ужо як дасталі Эўропу, відаць, тыя асманы!
Фатаграфаваць унутры замку было забаронена пад пагрозай спыненьня экскурсыі. Таму задаволіліся некалькімі паштовачкамі з усюдыісных сувянірных крамаў – перад экскурсыяй, ды фоткамі на фоне – пасьля яе сканчэньня. Да пошты чамусьці ногі не дайшлі. Хутчэй за ўсё не было часу – нам жа трэба бегчы і ехаць, ехаць, ехаць далей…
Гэта быў горад, прызнаны ЮНЭСКА сусьветнай спадчынай. Цэлы горад. Справа ў тым, што нам неаднакроць казалі розныя гіды (і ў гэтым горадзе таксама), што Чэхію шчасьліва абмінулі бамбаваньні і іншыя неспадзяванкі падчас разнастайных войнаў. Таму горад застаўся ў такім аўтэнтычным выглядзе, як і стагодзьдзе таму. А вось з навадненьнямі чэхам дакладна не пашанцавала… Але гэта спэцыфіка іхняга ляндшафту – там такія частыя перапады узвышшаў – нізінаў, што куды-небудзь вада мусіць спускацца. І ў Празе гэта зусім нядаўна (у 1996 годзе, здаецца) былі, напрыклад, першыя паверхі хатаў з галавой, а ў Чэскім Крумлаве – суцэльны горад па ўзровень вокнаў. Сьляды патопу засталіся і добра заўважныя.
Менавіта ў гэтым злашчасным горадзе я павёўся на даволі высокі (але адносна іншых тамтэйшых курсаў, бо ў Празе ўсё адно мы мянялі эўрыкі выгадней) курс абмену. І тут сутыкнуўся з тым, пра што нас папярэджваў Ігар – з камісыяй за абмен. Праўда, сам Ігар, абмяняўшы празь некалькі мэтраў ад таго месца, дзе мяняў я, таксама быў не ў захапленьні. Так мы праз сваю безгаловасьць «папілі» некалькі бутэлек пЫва. А сварыцца з тымі банкамі не хацелася – хай яны імі падавяцца.
Шкада, што наш экскурсавод па Чэскім Крумлаве толькі напрыканцы экскурсыі распавяла, дзе ў іх самы выгодны курс і да таго ж час працы – да 18 гадзін вечара (Oberbank mustdie!
). Трэба сказаць, што ў гэтым гарадку большасьць крамаў і іншых установаў зачыняюцца а 17-й гадзіне, калі натоўп турыстаў зьмяншаецца. Мы ж прыехалі пасьля замку Глубока-над-Влтавай толькі ў другой палове дню, якраз калі ўсе пачалі згортвацца. Аднак у той вольны час, што мы мелі да прыезду аўтобусу, мы-ткі завіталі ў кавярню ці як гэта назваць… Не, не кавярня, канечне, бо там была ня кава, а разнастайныя сарты гарбаты. І працавала гэтая гарбатня да 22 гадзінаў. На жаль, таго, чаго я хацеў бы замовіць – паўднёваамэрыканскага матэ – у дзядзькі не знайшлося. Давялося ўжываць тое, што ёсьць – гарбату з тыпова кітайскім назовам а-ля «жунь-хунь», а можа «цзынь-бінь», ці яшчэ як.
Як сказаў Зьміцер, праглядаючы нашыя фоткі: «У адрозьненьне ад усяго астатняга кітайская гарбата – гэта тое, што сапраўды цэніцца і каштуе дорага.» Ну ня ведаю як наконт добра (гарбата як гарбата), а пасядзець паесьці і пагрэцца там можна спакойна пад нейкую мэдытацыйную музыку.
Гэтым разам у горадзе мы не заблукалі (хаця й зьбіраліся), аднак ізноў жа дзякуючы Танькавай інтуіцыі не пайшлі ў новую яго частку, а павярнулі назад. Ну а там было дастаткова выйсьці ці на Шырокую вуліцу, ці на Доўгую. Затое заблукалі дзеці. Ігару давялося шукаць іх у горадзе. Нарэшце мы паехалі засяляцца ў новы гатэль.
Трэцім гатэлем стаўся «
Савой». На цуды кшталту ключоў-электронных картак, безь якіх да таго ж ня будзе працаваць сьвятло, ня толькі мы, а й нашыя суседзі глядзелі з захапленьнем і як бараны на новыя вароты. Ну а зранку, канечне, швэдзкі стол… Ну як жа яны ўсё-ткі гэта ўжываюць?..