І вясельле – магчымасьць да навукі
Заўчора нарэшце забралі вясельныя фоткі, зробленыя «крутым» фоцікам. Шкада, што з розных прычынаў да яго не прыкладаліся «залатыя» рукі. Таму наперадзе яшчэ чакае праца па вычышчэньні «сьмецьця» – ну навошта было ўвогуле запісваць на кружэлку размытыя і нярэзкія фоткі?
Ну а паколькі ўжо зайшла размова пра вясельле, дык колькі словаў пра тое, як усё прайшло ў тую такую далёкую ўжо пятніцу.
Але паколькі далёка пастфактум – дык адпаведна з далёка ідучымі высновамі.
І перад, і падчас, і нейкі час пасьля вясельля мы шмат чаго даведаліся новага пра людзкія забабоны. Ну і іншае. Такім чынам:
- Цотная колькасьць машын у вясельным пэлетоне – гэта зло;
- прысутнасьць бацькоў нявесты ў ЗАГСе – гэта таксама зло;
- з хлебам-сольлю сустракаюць маладых таксама толькі бацькі жаніха. Ці можа толькі цотная колькасьць чалавек?..
- Сьветлы касьцюм у дружкі маладога? Ды вы што!
- А вось пра тое, што дзяцей у капусьце не знаходзяць, мне прышло ў галаву крыху са спазьненьнем. І тое праўда – скуль там дзецям узяцца, калі іх прыносіць бусел?
Учора завітаў на выставу «Вясельныя традыцыі і сучаснасьць» у абласной бібліятэцы. Дзе там бібліятэка, так і не зразумеў, затое адкрыў для сябе новую кнігарню, поўную кніжак па зьніжаных коштах. Пасьля яе вырашыў, што квіток на выставу істотна на таўшчыню кашальку ўжо не паўплывае.
Зайшоў.
« А ільготны дадзіце?» – Спытаўся проста мэханічна, цікава было ведаць, каму даюць ільготныя. «Дамо,» - нечакана адказала цётка. Нечаканасьць прыемная. « А фатаграфаваць можна?» – «Фатаграфуйце, калі ласка.» Болей пытаньняў я задаваць ня стаў. А, не, стаў, але ўжо па тэме выставы. У Строчыцах ладзяцца вясельныя абрады «а-ля народныя традыцыі». Як бы там ні было, але глядзіцца прыгожа і, галоўнае, арыгінальна. Праўда, другі раз дзеля гэтага спрабаваць ажаніцца не зьбіраюся.
