We are the greatest!

April 30, 2009 - 15:11:15

Давядзецца тут выгаварыцца

Цэтлікі запісу: чалавечкі, настальгія

Ух і доўга ідуць лісты ў Расею! Я ж думаў, што вернемся з выходных, а дома ўжо будзе чакаць ліст у адказ – але ж Вяруня толькі ўчора атрымала мой… Ну а цяпер пакуль яна яшчэ будзе спрабаваць зразумець тое, што там напісана… emoticon Дык я ня стаў чакаць колькі месяцаў, пакуль справа дойдзе да наступнага ліставаньня. Ух, нагаварыліся! ;)

Гэта ж ужо недзе два гады будзе з часу паездкі ў Маскву, атрымоўваецца. Адчуваецца нават з голасу, што Вяруня зьмянілася. Ну прынамсі мне так падалося, і гэта нармалёва, калі людзі зьмяняюцца. Ну, можа й не зусім з голасу, а хутчэй з гутаркі. Зьявіліся элемэнты «моднага падонкафскага жаргону», сьмех без прычыны. Ня ведаю, добра гэта ці блага. Канечне, дваццаці хвілінаў зусім недастаткова, каб зразумець чалавека. Мне недастаткова. Тым болей што гэта цудоўная чалавечка і добрая знаёмая. З такім чалавекам – дваццаць хвілінаў раз на год? Вой, добра, што яна сама распачала гэтую зацею зь ліставаньнем. Гэта ня так б’е па кішэні, як патэлефанаваць ды нагаварыцца. І марачкамі можна зьдзіўляць да таго ж. Я так і ведаў, што яны ёй спадабаюцца.

А яшчэ болей, мабыць, павінны спадабацца тыя, што пайшлі на другой капэрце. Адсылаў яе «пад дзень народзінаў», але з такімі тэмпамі, як у іх пошта працуе, «сюрпрыз» можа й спазьніцца… emoticon Сюрпрызам сталася тое, што ейны дзядуля таксама зьбіраў марачкі, дык цяпер яны валяюцца ў шафе разам зь нейкімі каталёгамі. Маркі і каталёгі Вяруня выкідаць, па ўсім відаць, не зьбіраецца, але можа быць, калі нешта ёсьць цікавае, то каталёг прышле. Калі ж не каталёг, дык дамовіліся на кнігу па гісторыі Ізраілю, як ужо яна вырашыла заснаваць аналяг посткросынгу што да кніжак. emoticon

Такім чынам, цяпер пра ейную цікавую задумку кшталту буккросынгу-посткросынгу з улікам спэцыфікі сяброў. Кожны, хто падтрымае ейнае пачынаньне на старонцы Веры Бярлінаўны Ўпоперак, зможа абмяняцца зь ёй кнігамі. Памятаю, што кніга якраз і сталася маім падарункам ёйпадчас прыезду ў Маскву. Але ж не памятаю, што то была за кніга. А здарылася гэта наступным чынам…

Мы не маглі прайсьці міма кнігарні на нашым шляху, тым болей што гэта была ўлюбёная Вярунява букіністычная кнігарня, калі не памыляюся. У такіх месцах можна знаходзіцца гадзінамі… ну ці пакуль абед ня скончыцца прынамсі emoticon (гэта з улікам маіх сёньняшніх рэаліяў). Відаць, наведаньне ў той раз было «не па графіку», таму прыдбаньне кнігі не плянавалася. Але ж паколькі я ў той краме яшчэ ніколі кніг не набываў, дык мы выйшлі адтуль з найлепшым скарбам, які надоўга застанецца ў госьцепрымальнага чалавечка ня толькі на палічцы, але і ў сэрцы…

Нядаўна давялося ў Танькавых старых знаёмых бачыць «фотасправаздачу» зь іхняе паездкі ў Маскву. Глядзеў на ўсе гэтыя «ўпрыгожаньні-фантаны-будынкі» і думаў, што такое вандроўкі, як у мяне, ні ў кога больш не было і ня будзе. А таксама адчуў, што хачу яшчэ ў Маскву. Каб ізноў НЯ трапіць у тыя мясьціны, куды імкнуцца турысты; каб паблукаць у цішы Вераб’ёвых гор каля страшна чорнае ракі-Масквы; у рэшце рэшт, каб проста пабачыць Веру…

* * *

Здаецца, я зрабіў падчас гэтага прыезду дахаты ўсё, што мог, каб пазьбегнуць паўтарэньня раней апісанай сітуацыі з сустрэчай двух маладых людзей у мэтро… Яшчэ перад Слонімам пачаў тэлефанаваць Алесю, і нагода была: мелася пытаньне пра «Аўдзі», у якіх ён «шарыць» болей, чым ўсе мы разам узятыя. Ды і нам бы можа пад капот залез з большай эфэктыўнасьцю, чым я. Алесь не падняў і не ператэлефанаваў ні гэтым разам, ні на наступны дзень, такім чынам ускосна адмовіўшыся ад сумеснага паяданьня смажанае на сьвежым паветры каўбаскі. Каўбаскі спадабаліся ўсім, дарэчы, і ўсе дзякавалі за гэта завочна Тамары Барысаўне. Вось толькі аб’есьціся імі ў такой колькасьці цяжка – трэба гэта наступным разам улічыць…

Дзімазаўрык падняў слухаўку толькі на другі раз, калі мы ўжо ехалі ў машыне дахаты. Шкада: першае тэлефанаваньне магло б стацца значна болей эфэктыўным у сэнсе сустрэчы, а каму й знаёмства. Бо ж ён вельмі быў зьдзіўлены пачуць нават імя Танькі, ня кажучы ўжо пра іншыя навіны. Размаўляць у машыне «пра ўсё» ўжо не было як, таму разьвітваліся мы з пачуцьцём прынамсі недагаворкі.

Астатнім пасьля двух запар няўдачаў тэлефанаваць ужо й ня стаў, каб не адчайвацца яшчэ болей. Можа быць, калі-небудзь, іншым разам…

April 29, 2009 - 20:26:28

Жоўта-блакітная

Цэтлікі запісу: праца, Беларусь

Такая ў мяне цяпер новая банкаўская плястыкавая картка пасьля таго, як у першае падышоў да сканчэньня тэрмін дзеяньня, а тут якраз на працы нам усім прапанавалі «абка́рціцца», каб пералічваць на іх заробкі. То я й ня стаў ужо пераафармляць тую сваю, першую, зь якой у мяне зьвязана столькі ўспамінаў… Успамінаў пра тое, як мне давялося яе літаральна зубамі вырываць у супрацоўнікаў «Беларусбанку» ў нашым горадзе, якія не хацелі прымаць маю заяву, запоўненую па-беларуску. Нават самому ня верыцца, што ўжо ў той час я быў настолькі цьвёрды, што картку-ткі атрымаў. Тады, праўда, у анкеце я ўсё-ткі тры палі (прозьвішча, імя, імя па бацьку) запоўніў па-маскальску, патасна перапісаўшы літару ў літару іх з пашпарту. Гэтым разам банк ня стаў прад’яўляць нават і па гэтых палёх прэтэнзыяў. Праўда, адзін раз яны-ткі мне патэлефанавалі. Наколькі я зразумеў, хацелі ўдакладніць, ці праўда тое, што ў мяне і ангельскі варыянт майго поўнага імя напісаны ў пашпарце па-беларуску. Вось дзівакі, няўжо першы раз бачаць беларускі пашпарт? Болей ніякіх праблемаў з атрыманьнем уласна карткі ад банку не было.

Праблема нечакана прыйшла адкуль не чакалі: з працы. На ўжо аформленую (засталося толькі забраць) картку мне адмаўляліся пералічваць грошы, бо аформленая яна на маё прозьвішча, ці бачыце, па-беларуску, а ў бугальтэрыі маё імя напісаць па-беларуску нібыта не дазваляе праграмнае забесьпячэньне. Такім чынам, я ведаў, што картка ў мяне ёсьць, а значыцца, да банку прэтэнзыяў быць ніякіх ня можа. Хаця нашая бугальтарка і запрапанавала мне перапісаць заяву на картку па-расейску, я ў гэтым сэнсу ня бачыў: картка-то ўжо зробленая. Тады бугальтарка прапанавала мне яшчэ адно выйсьце: прыяжджаць штомесяц да іх у бугальтэрыю і забіраць наяўныя грошы там. Зразумеўшы, што гэтая пэрспэктыва мяне зусім не спужала, мая суразмоўца кінула слухаўку.

Гэтая размова адбывалася на мінулым тыдні, і шчыра кажучы, я крыху хваляваўся пра тое, як жа вырашыць гэтае пытаньне як найлепей і так, каб усё-ткі картку скарыстоўваць дзеля таго, дзеля чаго яна й задуманая была. Праўда, сам бы я класьці грошы на яе мог, як і здымаць, натуральна. Але тым ня меней езьдзіць на край гораду ня надта хацелася. І вось сёньня праблема вырашылася, як высьветлілася, сама сабой: мне прыйшоў разьліковы лісток, які заўсёды прыходзіць перад выплатай заробку. Але прыйшоў з адным адрозьненьнем: цяпер маё імя там напісанае па-беларуску. Такім чынам, праграмнае забесьпячэньне ўсё-ткі «дазволіла» выканаць патрабаваньні Закону аб мовах. Вось каб жа толькі гэта быў не адзінкавы выпадак… Бо да канчатковага разварушваньня «балота» яшчэ вой як далёка.

April 24, 2009 - 20:04:46

Усё ляціць, усё мінае…

Цэтлікі запісу: чалавечкі, настальгія

Сёньня стаўся сьведкам выпадковае сустрэчы ў мятро старых, відаць, сяброў аднаклясьнікаў/аднагрупнікаў.

«Ініцыятар» сустрэчы увайшоў са мной разам і паклікаў іншага, які ўвайшоў на адной са станцыяў. Ну, далей падразумяваецца некалькі імгненьняў разгубленасьці, пасьля зьдзіўленьне на твары і – нарэшце – усьмешка (я мог бачыць толькі твар таго чалавека, да якога зьвярталіся). Некалькі стандартовых у такім выпадку пытаньняў («як маесься», «якім чынам ты тут», «што парабляеш», «дзе працуеш» і г.д.), абмен тэлефонамі. Той, першы, што болей быў дапытлівы, нагадаў чымсьці Дзімазаўрыка… Другі, адпаведна… Дарэчы, разгледзеў я пасьля абодвух, як яны сталі разам – таксама прыблізна аднаго росту… Дамовіліся: «Абавязкова трэба стэлефанавацца, тады і пагаворым падрабязьней».

А колькі часу таму такіх вось абяцаньняў «стэлефанавацца» ня трэба было даваць нават… Добра, калі гэтае абяцаньне проста абяцаньнем не застанецца.

April 23, 2009 - 22:30:27

Шкада “Падземку”…

Цэтлікі запісу: shit happens, Беларусь

Я сам быў у ёй толькі некалькі разоў, але ж там заўсёды было на што зайсьці паглядзець. Ці тое прыходзіш нешта набыць, ці тое таму, што проста праходзіў міма - але ж абыдзеш усе пакоі ад аднаго кутку да другога.

Гэххх, "Падземка"-то засталася, але, відаць, ужо ня тая… Рэжым і надалей дрыжыць ад Свабоды.

- 20:26:05

Пабілі-ткі луку

Цэтлікі запісу: спорт, Беларусь

Перадгісторыя: у Беларусі звольнены трэнер, каманда якога абыграла Лукашэнку.

Аба***ліся: пасьля выбухлага скандалу трэнера, які абыграў Лукашэнку, вырашылі не звальняць.

April 20, 2009 - 20:42:25

Альтэрнатыўная гісторыя краху Райху па-сямёнаўску

Цэтлікі запісу: чытанка

Нядаўна скончыў прачытаньне першае свае кнігі (ці апошняе?) пра Штырліца. Так, сапраўднага Штырліца – не анякдотаў, ня показак, а аповесьцяў Юльляна Сямёнава «Сямнаццаць імгненьняў вясны» і «Загадана выжыць».

Яшчэ падчас прачытаньня першае аповесьці ўжо было відавочна, што Штырліц на экране тэлевізару паказаны зусім іншым, ці не дасканалым чалавекам са сталёвымі нэрвамі і без аніякіх эмоцыяў і памылак. Але ж хіба можна ўявіць, што ў арыгінале (то бок у кнізе) Штырліцу можа быць страшна? Як страшна было б любому чалавеку, відаць, у той ягонай сітуацыі, у якой ён апынуўся напачатку вясны 45-га…

Але ж другая аповесьць, якая ёсьць працягам першае, і якая распавядае пра тое, што ж сталася са Штырліцам па ягоным вяртаньні са Швайцарыі ў Бэрлін, пайшла яшчэ далей. І я цяпер разумею, чаму па ёй ня зьняты фільм – бо тады б усе людзі пляваліся на «чалавечыя слабасьці» Штырліца, а Брэжнеў наўрад ці пастанавіў бы ўзнагародзіць Ісаева ордэнам…

Надта закручасты сюжэт не дае нават магчымасьці хоць крышачку разабрацца ў тым, што адбываецца і хто чаго дабываецца. Апошнія дні трэцяга райху, і ўсе ведаюць пра гэта, але тым ня меней маўчаць і патаемна рыхтуюць адыходныя шляхі для ўратаваньня сваёй скуры, не спыняючы пры гэтым сваю працу «на карысьць» Гітлера. Але пэўна ж задача самаўратаваньня на першым пляне – ёй занятыя ўсе, пачынаючы ад ад’ютантаў Кальтэнбрунэра да Бормана. Служкі аднаго гаспадара завэрбаваныя сачыць за ім іншым гаспадаром, які настолькі заняты высочваньнем за іншымі, што не заўважае нічога пад уласным носам. Можа быць, гэтая штурханіна за «выжываньне мацнейшых» і ўратавала жыцьцё Штырліцу нягледзячы на тое, што… што ён быў выкрыты Мюлерам, як станае вядома ад самага пачатку кнігі, яшчэ падчас сустрэчы з пастарам Шлягам ў Швайцарыі. Тым ня меней Мюлер вырашыў скарыстаць Штырліца ў сваіх, аднаму яму зразумелых мэтах, нікому не паведаміўшы пра сапраўднае аблічча Бользэна-Штырліца. І гэтак праз усю аповесьць толькі некалькі галаварэзаў Мюлера даведаюцца праўду, у той самы час як вяроўка на шыі Ісаева зацягваецца ўсё тужэй і тужэй. Напрыканцы, у апакаліпсычны момант, калі гінуць усе, хто не пасьпеў вылезьці па карках іншых, надыходзіць і ягоная чарга…

Ну ня буду пераказваць увесь сакрэт “Загадана выжыць”, бо нецікава стане чытаць. А з кнігі жа шмат яшчэ можна выцягнуць цікавага пра апошнія дні ў бункеры і аўтарскую вэрсыю сьмерці Гітлера. І – я ўвогуле ня чуў пра гэта – як былі абгавораныя самыя бліжэйшыя паплечнікі Гітлера, які праз сваю сьлепату ішоў на ланцугу сваіх «прыязьнікаў», якія штурхалі яго на прагназаваныя паводзіны, стараліся нанесьці ўдар першымі, да таго, як гэта зробяць іншыя… Вось такім чынам загніваюць дыктатуры.

Эпізод у “Сямнаццаці імгненьнях…” са служанкай-дзяўчынай гера Бользэна, якая прапаноўвала «застацца ў яго на ноч», атрымаў лягічны, але нечаканы працяг у другой частцы кнігі, дзе адна з агентаў Штырліца аказваецца на непрацяглы час (да свае сьмерці) ягонай каханкай… Пра сьмерць Дагмар Штырліц, дарэчы, так ніколі і не даведаецца…

April 16, 2009 - 21:35:31

Бярозавы квас

Цэтлікі запісу: цікавосткі

Рэцэпт паводле дзядзі з Піцеру

Даўней сяляне на сенакосе наталялі смагу бярозавым квасам, нарыхтаваным увесну. Замест дубовае бочкі ўжываюцца цяпер шкляныя ды плястыкавыя слоікі ды банкі. На дваццаць літраў бярозавіку каліўца (ня болей за 5-10 грамаў у сухім выглядзе) дрожджаў. Пасьля гэтага закаркаваць посуд, накрыць цёмнай коўдрай і паставіць у цёплае памяшканьне на тры-чатыры тыдні. Надалей захоўваць можна ў склепе.

Да гэткім чынам прыгатаванага бярозавага квасу можна дадаваць хлебны квас (напрыклад, канцэнтрат) і цукар па смаку.

Замест дрожджаў дзядзя Жэня дадае па 10-15 разынак на літар бярозавіку. Квас можа захоўвацца да двух год, вось толькі незразумела - ці менавіта той, што бяз дрождаў, ці любы.
Шкада, карацей, што мы столькі бярозавага соку пасьпяшаліся выліць…

April 15, 2009 - 21:37:03

Фігассе

Цэтлікі запісу: чалавечкі

І яшчэ крыху вяртаючыся да напісанага.

Сёньня я сустрэў гэтую цётку на галоўпаштамце. Не, у твар я б яе наўрад ці ўзгадаў. Але вось яе дачка Рада, якая бегала па ўсёй залі і якую мама ўвесь час зычна гукала…

Тое, што Наргіза ня проста посткросэр (на гэта я зьвярнуў увагу сьпярша), стала зразумела па яе выбары марак з выпушчанай сёньня сэрыі "Эўропа". Вох і любяць ж яны ўсе адрываць зь міні-лісту толькі тыя дзьве, самыя рэдкія счэпкі. emoticon

А вось з профіля высьвятляецца, што яна да ўсяго гэтага яшчэ й філякардыстка, нумізматка, баністка і… першы посткросэр Беларусі. Менавіта такім і павінен, відаць, быць лідар.

- 20:31:04

Люблю атрымоўваць лісты…

Цэтлікі запісу: настальгія

Ужо недзе 1,5 тыдні не працуе MyPhilately.com. На шчасьце, мне крыху раней стукнула ў галаву, што няблага было б адрэсы сваіх… ммм… добрых знаёмых адтуль перанесьці ў афляйн. Акрамя таго, літаральна за некалькі дзён да крэшу адаслаў ім лісты з марачкамі/паштовачкамі/віншаваньнямі ці чым там яшчэ. Сёньня да таго ж адаслаў КПД па астраноміі і сваёй партнэрцы па раўнд робіну - яе адрэсу чамусьці таксама запісаў на цыдулцы ў той самы час. Спадзяюся, што нават і без досягу да сайту повязі між намі ня згубяцца - дзякуючы нашай суполцы мая калекцыя радуе вока болей і болей. Вось толькі лісты ад іх ходзяць рэдка, і нешта апошнім часам не чуваць зусім нічога…

Спадзяюся таксама, што і МайФілятэлі неўзабаве адновіць працу. Сёньняшняя абвестка там падае надзею, што нешта рухаецца.

А пакуль што ў адсутнасьць філятэлістычнага гуртку даводзіцца задавольвацца ліставаньнем на посткросынгу. Тут, канечне, паступленьні марачак адбываюцца ў значна меншых колькасьцях, затое рэгулярна. Але нібыта намеціліся яшчэ пару чалавек, якія жадаюць памяняцца.

Але гэтым разам я ізноў бы хацеў парэклямаваць паштовачку. Прыйшла яна ад чалавека, што працуе экскурсаводам у гэтай вось царкве.

The Old Church at Petäjävesi

Зусім выпадкова, гуглячы, дзе скапіяваць фінскую назву вёскі, дзе стаіць гэтая царкоўка - Petäjävesi - натыкнуўся на бачыну ЮНЭСКА, дзе гэтая царква ўпамінаецца як… сусьветная спадчына. Вось так. Сусьветная спадчына як "выбітны прыклад тыпу пабудовы, архітэктурнага альбо тэхналягічнага ансамблю ці відарысу, што адлюстроўвае істотную(-ыя) стадыю(-і) чалавечае гісторыі".

Называная цяпер "Старая Царква ў Petäjävesi", яна была ўзьвіжаная прыблізна між 1763 і 1765 гадамі. Збудаваная ў традыцыі лютаранаў, зьяўляецца ўнікальнай для ўсяе ўсходняе Скандынавіі, спалучаючы рэнесансную канцэпцыю цэнтральнага плянаваньня царквы з гатычнымі скляпеньнямі, што існавалі ў гатычнай традыцыі.

Ну а далей ужо няцяжка было знайсьці і афіцыйную бачыну. Для тых, хто нічога не зразумеў у маім перакладзе вышэй. emoticon

* * *

Усё-ткі, відаць, ня проста так мне сьніўся ліст ад Вяруні…

April 13, 2009 - 20:41:12

Два дні Сэдару

Цэтлікі запісу: чалавечкі, заняткі, Бог

Першы дзень пачынаўся, як іншыя дні пачынае ад веку прырода… Мы яшчэ пасьпелі перад вечарынай памяняць колы на летнюю гуму (і тэхнік на СТА быў нейкі цікавы і цікаўны – відаць, такім чынам спрабаваў спадабацца; і зрабіў усё хутка, але там і работы было тае… а вось пакуль у чарзе чакаць давялося, дык я яшчэ пасьпеў схадзіць у лес, што там побач – дык там яшчэ сярод усюдыісных «турыстаў» з шашлыкамі сустракаюцца такія вялізныя птушкі і з такімі прыгожымі сьпевамі… і там такая заваблівая сьцежка ў глыб лесу была – вось жа як-небудзь трэба будзе праехацца там, падыхаць сьвежым паветрам, пакуль да яго яшчэ не дайшла «цывілізацыя», што літаральна ў некалькіх кроках ужо), і адмыць сваю «новую старую» лядоўню, а заадно й вокны, ад атрутнага сіняга пылу («неатрутны» застаўся), прыпаркавацца крыху далей за месца «дысьлякацыі», забегчы на знойдзенае па дарозе паштовае аддзяленьне і аплаціць мае набытыя марачкі за пяць хвілінаў да закрыцьця, сустрэць сп. Антона ды Натальлю, нарэшце адшукаць, дзе ж той касьцёл Сьвятога Роха (ух, які прыгожы!), пашкадаваць пра адсутнасьць Руфіны (зрэшты, гэта ж ёй трэба шкадаваць, што яна не прысутнічала пры гэтым…) і нарэшце мы прыйшлі.

Цяпер ужо, гледзячы з вышыні свайго ўласнага вопыту (але пра гэта будзе далей), станае зразумела, чаму ў такой спрошчанай манэры мелі мы першы сэдар на Пэсах. А там жа кампанія сабралася болей «свая», чым будзе назаўтра ў нас… Так што нам было яшчэ лягчэй «адаптаваць» парадак цырымоніі да нашых рэаліяў. Але ж затое «ў іх» не было тае смачнае працэдуры наталеньня жывату… Але й усяго таго, што зрабілі тамака дзяўчаткі-вядоўцы, было дастаткова, каб запаліць агонь у сэрцы… Толькі выйшаўшы, зьдзейсьніў пару тэлефанаваньняў, каб высьветліць, каго варта чакаць назаўтра на аналягічную вечарыну да нас дахаты. Ну а пры гэтым мы з сабой ужо мелі габрэйскую музыку, сцэнар сэдару і тэарэтычны досьвед у выглядзе прысутнасьці на першай падобнага роду вечарыне. Назаўтра тэарэтычны досьвед было вырашана любым чынам ператварыць у практычны… Бо пасьля і Пэсах можа скончыцца…

…Гаспадынька спазьнілася з танцаў на вячэру першай. emoticon Праўда, Танька яшчэ заяжджала за іншай Танькай, якая даведалася пра свой удзел у вечарыне ня болей як за дзьве гадзіны, так што спрацавала даволі апэратыўна, а яшчэ ж дапамагла разыграць іншых гасьцей, няблага інсцэнаваўшы набыцьцё ў нас хамэцуemoticon Сярога на наступны дзень цалкам сур’ёзна пытаўся, ці забрала Танька той хамэц, што «набыла» ў нас (назваўшы яго харорам).

Апошняю спазьнілася Ксюшка, і ня дзіўна – яна-то пра свой удзел у сэдары даведалася хвілін за сорак да пачатку, так што цалкам даравальна. emoticon Добра тое, што ўвогуле яна згадзілася нечакана для нас. Але на яе, зразумела, гэткі магічны ўплыў аказала чароўнае слова «Пэсах», так дарэчы сказанае Танькай у слухаўку. Болей нічога можна было не казаць – Жонка_енарала, высьвятляецца, няблага ведала гісторыю і традыцыі габрэйскага народу й так, але ж з часам усё забываецца. Дык хай гэта стане штуршком да далейшага вывучэньня… А ўчора яна задаволіла Сярогаў інфармацыйны голад, якому стала цікава самому, відаць, што гэта ўсе вакол успрымаюць як належнае, а ён нічога не разумее. І вось тады ён уключыўся ў нашую гульню.

Але ж гэта была не зусім гульня – бо ўсё-ткі сэдар мы выканалі як магчыма набліжана да аўтэнтычнага габрэйскага. Найперш гэта было заўважна з прыкідаў, а яшчэ… з думак прысутных «ну калі мы ўжо пачнем нарэшце есьці?», якія яны выказвалі нават услых. Разважаючы цяпер, прыходжу да высновы, што галоднае чаканьне ў нейкім сэнсе таксама ёсьць істотным пунктам традыцыі сэдару, які ўвесь цалкам ёсьць успамінам пра часы жыцьця за эгіпецкімі фараонамі і па выхадзе з Эгіпту ў Эрэц-Ісраэль.

Не-гульнёй нашая вечарына была яшчэ й таму, што некаторыя госьці нават занатоўвалі габрэйскія назвы прысутных на стале страваў ды іншыя азначэньні. І занатоўвалі не дарма, між іншым, як высьветлілася пазьней: пытаньні ў «Брэйн-рынгу» датычыліся таксама і некаторых з гэтых словаў. З дапамогай вядоўцаў і каманды, якая сьпярша вырвалася ў лідары, але потым разгубіла сваю перавагу, перамогу атрымала дружба – памятныя падарункі дасталіся ўсім. І гэта нават ня ежа. Хаця ежы засталося даволі, але ўсе, відаць, наеўшыся харосэту (а мо марору?), астатняе ніасілілі. emoticon

Марор увогуле быў агнём вечарыны і ў простым, і ў пераносным сваім значэньні. Прычым як нашае вечарыны, так і тае, першага дню сэдара. З такім праяўленым ажыятажам да яго магло на ўсіх не хапіць, так што добра ўсё-ткі, што па сэдары на стале павінна быць сем страваў, а не адзні марор ці чатыры, напрыклад (чатыры – гэта нейкі таксама сакральны лік у юдаізме, я так зразумеў – чатыры кубкі віна/соку, яшчэ недзе ўжываўся…).

Пасьля таго, як госьці разышліся і пачалася самая непрыемная частка абодвух дзён сэдару – прыбіраньне са стала – тым ня меней сваімі водгукамі госьці нам гэты абавязак значна палегчылі. Танька выказалася ў машыне, пакуль ехала дахаты; Ксюшка ледзь пасьпела вылезьці ля хаты з маршруткі і адразу адзванілася, каб падзяліцца сваімі эмоцыямі, што заўважна ў яе пераліваліся праз край; сёньня «дапытаў» Сярогу, каб раскалоць і яго на тое, што ён думае пра ўсё гэта. Задаволеная была, зь ягоных словаў, нават Волька. Хоць ім, канечне, гэта было найменей з усіх зразумела. Ну нічога, цяпер і яны наблізіліся да асэнсаваньня «значнасьці моманту». Сёньня акрамя таго даведаўся шмат новага і дзівоснага пра Жонку і адкуль у яе такія энцыкляпэдычныя веды.

Адным словам, найлепш ахарактарызаваць гэтыя выходныя так: вы многа страцілі, што не былі там. Пыска






















Get free blog up and running in minutes with Blogsome
Theme designed by Helga Cleve

Custom Logo Design, Company Logo Design, Business Logo Design, Logo Designs.
Company Logo Design