Альтэрнатыўная гісторыя краху Райху па-сямёнаўску
Нядаўна скончыў прачытаньне першае свае кнігі (ці апошняе?) пра Штырліца. Так, сапраўднага Штырліца – не анякдотаў, ня показак, а аповесьцяў Юльляна Сямёнава «Сямнаццаць імгненьняў вясны» і «Загадана выжыць».
Яшчэ падчас прачытаньня першае аповесьці ўжо было відавочна, што Штырліц на экране тэлевізару паказаны зусім іншым, ці не дасканалым чалавекам са сталёвымі нэрвамі і без аніякіх эмоцыяў і памылак. Але ж хіба можна ўявіць, што ў арыгінале (то бок у кнізе) Штырліцу можа быць страшна? Як страшна было б любому чалавеку, відаць, у той ягонай сітуацыі, у якой ён апынуўся напачатку вясны 45-га…
Але ж другая аповесьць, якая ёсьць працягам першае, і якая распавядае пра тое, што ж сталася са Штырліцам па ягоным вяртаньні са Швайцарыі ў Бэрлін, пайшла яшчэ далей. І я цяпер разумею, чаму па ёй ня зьняты фільм – бо тады б усе людзі пляваліся на «чалавечыя слабасьці» Штырліца, а Брэжнеў наўрад ці пастанавіў бы ўзнагародзіць Ісаева ордэнам…
Надта закручасты сюжэт не дае нават магчымасьці хоць крышачку разабрацца ў тым, што адбываецца і хто чаго дабываецца. Апошнія дні трэцяга райху, і ўсе ведаюць пра гэта, але тым ня меней маўчаць і патаемна рыхтуюць адыходныя шляхі для ўратаваньня сваёй скуры, не спыняючы пры гэтым сваю працу «на карысьць» Гітлера. Але пэўна ж задача самаўратаваньня на першым пляне – ёй занятыя ўсе, пачынаючы ад ад’ютантаў Кальтэнбрунэра да Бормана. Служкі аднаго гаспадара завэрбаваныя сачыць за ім іншым гаспадаром, які настолькі заняты высочваньнем за іншымі, што не заўважае нічога пад уласным носам. Можа быць, гэтая штурханіна за «выжываньне мацнейшых» і ўратавала жыцьцё Штырліцу нягледзячы на тое, што… што ён быў выкрыты Мюлерам, як станае вядома ад самага пачатку кнігі, яшчэ падчас сустрэчы з пастарам Шлягам ў Швайцарыі. Тым ня меней Мюлер вырашыў скарыстаць Штырліца ў сваіх, аднаму яму зразумелых мэтах, нікому не паведаміўшы пра сапраўднае аблічча Бользэна-Штырліца. І гэтак праз усю аповесьць толькі некалькі галаварэзаў Мюлера даведаюцца праўду, у той самы час як вяроўка на шыі Ісаева зацягваецца ўсё тужэй і тужэй. Напрыканцы, у апакаліпсычны момант, калі гінуць усе, хто не пасьпеў вылезьці па карках іншых, надыходзіць і ягоная чарга…
Ну ня буду пераказваць увесь сакрэт “Загадана выжыць”, бо нецікава стане чытаць. А з кнігі жа шмат яшчэ можна выцягнуць цікавага пра апошнія дні ў бункеры і аўтарскую вэрсыю сьмерці Гітлера. І – я ўвогуле ня чуў пра гэта – як былі абгавораныя самыя бліжэйшыя паплечнікі Гітлера, які праз сваю сьлепату ішоў на ланцугу сваіх «прыязьнікаў», якія штурхалі яго на прагназаваныя паводзіны, стараліся нанесьці ўдар першымі, да таго, як гэта зробяць іншыя… Вось такім чынам загніваюць дыктатуры.
Эпізод у “Сямнаццаці імгненьнях…” са служанкай-дзяўчынай гера Бользэна, якая прапаноўвала «застацца ў яго на ноч», атрымаў лягічны, але нечаканы працяг у другой частцы кнігі, дзе адна з агентаў Штырліца аказваецца на непрацяглы час (да свае сьмерці) ягонай каханкай… Пра сьмерць Дагмар Штырліц, дарэчы, так ніколі і не даведаецца…
