Жоўта-блакітная
Такая ў мяне цяпер новая банкаўская плястыкавая картка пасьля таго, як у першае падышоў да сканчэньня тэрмін дзеяньня, а тут якраз на працы нам усім прапанавалі «абка́рціцца», каб пералічваць на іх заробкі. То я й ня стаў ужо пераафармляць тую сваю, першую, зь якой у мяне зьвязана столькі ўспамінаў… Успамінаў пра тое, як мне давялося яе літаральна зубамі вырываць у супрацоўнікаў «Беларусбанку» ў нашым горадзе, якія не хацелі прымаць маю заяву, запоўненую па-беларуску. Нават самому ня верыцца, што ўжо ў той час я быў настолькі цьвёрды, што картку-ткі атрымаў. Тады, праўда, у анкеце я ўсё-ткі тры палі (прозьвішча, імя, імя па бацьку) запоўніў па-маскальску, патасна перапісаўшы літару ў літару іх з пашпарту. Гэтым разам банк ня стаў прад’яўляць нават і па гэтых палёх прэтэнзыяў. Праўда, адзін раз яны-ткі мне патэлефанавалі. Наколькі я зразумеў, хацелі ўдакладніць, ці праўда тое, што ў мяне і ангельскі варыянт майго поўнага імя напісаны ў пашпарце па-беларуску. Вось дзівакі, няўжо першы раз бачаць беларускі пашпарт? Болей ніякіх праблемаў з атрыманьнем уласна карткі ад банку не было.
Праблема нечакана прыйшла адкуль не чакалі: з працы. На ўжо аформленую (засталося толькі забраць) картку мне адмаўляліся пералічваць грошы, бо аформленая яна на маё прозьвішча, ці бачыце, па-беларуску, а ў бугальтэрыі маё імя напісаць па-беларуску нібыта не дазваляе праграмнае забесьпячэньне. Такім чынам, я ведаў, што картка ў мяне ёсьць, а значыцца, да банку прэтэнзыяў быць ніякіх ня можа. Хаця нашая бугальтарка і запрапанавала мне перапісаць заяву на картку па-расейску, я ў гэтым сэнсу ня бачыў: картка-то ўжо зробленая. Тады бугальтарка прапанавала мне яшчэ адно выйсьце: прыяжджаць штомесяц да іх у бугальтэрыю і забіраць наяўныя грошы там. Зразумеўшы, што гэтая пэрспэктыва мяне зусім не спужала, мая суразмоўца кінула слухаўку.
Гэтая размова адбывалася на мінулым тыдні, і шчыра кажучы, я крыху хваляваўся пра тое, як жа вырашыць гэтае пытаньне як найлепей і так, каб усё-ткі картку скарыстоўваць дзеля таго, дзеля чаго яна й задуманая была. Праўда, сам бы я класьці грошы на яе мог, як і здымаць, натуральна. Але тым ня меней езьдзіць на край гораду ня надта хацелася. І вось сёньня праблема вырашылася, як высьветлілася, сама сабой: мне прыйшоў разьліковы лісток, які заўсёды прыходзіць перад выплатай заробку. Але прыйшоў з адным адрозьненьнем: цяпер маё імя там напісанае па-беларуску. Такім чынам, праграмнае забесьпячэньне ўсё-ткі «дазволіла» выканаць патрабаваньні Закону аб мовах. Вось каб жа толькі гэта быў не адзінкавы выпадак… Бо да канчатковага разварушваньня «балота» яшчэ вой як далёка.

Виншую з вырашэннем пытання! а картка прыгожая
п.с. брасаць слухауку у час размовы - гэта брыдка
Comment by BelAngel — April 30, 2009 @ 11:17:30
1. Кідаць.
2. Хутчэй ня брыдка, а некультурна. Брыдка можа быць ад таго, калі спрабуеш падымаць слухаўку, а яна выпэцканая дз***ом.
Comment by Renessaince — May 1, 2009 @ 13:01:23
Кідаць слухаўку ў прыватнай гутарцы — гэта адно, але калі гэтае робіць службовая асоба — гэта выключнае чыноўнае хамства.
Малайчына, што дамогся таго, што мусіць быць!
Comment by Dzjadulja — May 1, 2009 @ 13:12:31
Можа быць, я й “згусьціў фарбы”. Слухаўку-то бугальтарка кінула, папярэдне разьвітаўшыся.
Comment by Renessaince — May 1, 2009 @ 13:35:45