Давядзецца тут выгаварыцца
Ух і доўга ідуць лісты ў Расею! Я ж думаў, што вернемся з выходных, а дома ўжо будзе чакаць ліст у адказ – але ж Вяруня толькі ўчора атрымала мой… Ну а цяпер пакуль яна яшчэ будзе спрабаваць зразумець тое, што там напісана…
Дык я ня стаў чакаць колькі месяцаў, пакуль справа дойдзе да наступнага ліставаньня. Ух, нагаварыліся!
Гэта ж ужо недзе два гады будзе з часу паездкі ў Маскву, атрымоўваецца. Адчуваецца нават з голасу, што Вяруня зьмянілася. Ну прынамсі мне так падалося, і гэта нармалёва, калі людзі зьмяняюцца. Ну, можа й не зусім з голасу, а хутчэй з гутаркі. Зьявіліся элемэнты «моднага падонкафскага жаргону», сьмех без прычыны. Ня ведаю, добра гэта ці блага. Канечне, дваццаці хвілінаў зусім недастаткова, каб зразумець чалавека. Мне недастаткова. Тым болей што гэта цудоўная чалавечка і добрая знаёмая. З такім чалавекам – дваццаць хвілінаў раз на год? Вой, добра, што яна сама распачала гэтую зацею зь ліставаньнем. Гэта ня так б’е па кішэні, як патэлефанаваць ды нагаварыцца. І марачкамі можна зьдзіўляць да таго ж. Я так і ведаў, што яны ёй спадабаюцца.
А яшчэ болей, мабыць, павінны спадабацца тыя, што пайшлі на другой капэрце. Адсылаў яе «пад дзень народзінаў», але з такімі тэмпамі, як у іх пошта працуе, «сюрпрыз» можа й спазьніцца…
Сюрпрызам сталася тое, што ейны дзядуля таксама зьбіраў марачкі, дык цяпер яны валяюцца ў шафе разам зь нейкімі каталёгамі. Маркі і каталёгі Вяруня выкідаць, па ўсім відаць, не зьбіраецца, але можа быць, калі нешта ёсьць цікавае, то каталёг прышле. Калі ж не каталёг, дык дамовіліся на кнігу па гісторыі Ізраілю, як ужо яна вырашыла заснаваць аналяг посткросынгу што да кніжак.
Такім чынам, цяпер пра ейную цікавую задумку кшталту буккросынгу-посткросынгу з улікам спэцыфікі сяброў. Кожны, хто падтрымае ейнае пачынаньне на старонцы Веры Бярлінаўны Ўпоперак, зможа абмяняцца зь ёй кнігамі. Памятаю, што кніга якраз і сталася маім падарункам ёйпадчас прыезду ў Маскву. Але ж не памятаю, што то была за кніга. А здарылася гэта наступным чынам…
Мы не маглі прайсьці міма кнігарні на нашым шляху, тым болей што гэта была ўлюбёная Вярунява букіністычная кнігарня, калі не памыляюся. У такіх месцах можна знаходзіцца гадзінамі… ну ці пакуль абед ня скончыцца прынамсі
(гэта з улікам маіх сёньняшніх рэаліяў). Відаць, наведаньне ў той раз было «не па графіку», таму прыдбаньне кнігі не плянавалася. Але ж паколькі я ў той краме яшчэ ніколі кніг не набываў, дык мы выйшлі адтуль з найлепшым скарбам, які надоўга застанецца ў госьцепрымальнага чалавечка ня толькі на палічцы, але і ў сэрцы…
Нядаўна давялося ў Танькавых старых знаёмых бачыць «фотасправаздачу» зь іхняе паездкі ў Маскву. Глядзеў на ўсе гэтыя «ўпрыгожаньні-фантаны-будынкі» і думаў, што такое вандроўкі, як у мяне, ні ў кога больш не было і ня будзе. А таксама адчуў, што хачу яшчэ ў Маскву. Каб ізноў НЯ трапіць у тыя мясьціны, куды імкнуцца турысты; каб паблукаць у цішы Вераб’ёвых гор каля страшна чорнае ракі-Масквы; у рэшце рэшт, каб проста пабачыць Веру…
* * *
Здаецца, я зрабіў падчас гэтага прыезду дахаты ўсё, што мог, каб пазьбегнуць паўтарэньня раней апісанай сітуацыі з сустрэчай двух маладых людзей у мэтро… Яшчэ перад Слонімам пачаў тэлефанаваць Алесю, і нагода была: мелася пытаньне пра «Аўдзі», у якіх ён «шарыць» болей, чым ўсе мы разам узятыя. Ды і нам бы можа пад капот залез з большай эфэктыўнасьцю, чым я. Алесь не падняў і не ператэлефанаваў ні гэтым разам, ні на наступны дзень, такім чынам ускосна адмовіўшыся ад сумеснага паяданьня смажанае на сьвежым паветры каўбаскі. Каўбаскі спадабаліся ўсім, дарэчы, і ўсе дзякавалі за гэта завочна Тамары Барысаўне. Вось толькі аб’есьціся імі ў такой колькасьці цяжка – трэба гэта наступным разам улічыць…
Дзімазаўрык падняў слухаўку толькі на другі раз, калі мы ўжо ехалі ў машыне дахаты. Шкада: першае тэлефанаваньне магло б стацца значна болей эфэктыўным у сэнсе сустрэчы, а каму й знаёмства. Бо ж ён вельмі быў зьдзіўлены пачуць нават імя
Танькі, ня кажучы ўжо пра іншыя навіны. Размаўляць у машыне «пра ўсё» ўжо не было як, таму разьвітваліся мы з пачуцьцём прынамсі недагаворкі.
