We are the greatest!

May 24, 2009 - 22:23:17

А як гэта?

Цэтлікі запісу: photo, прышпіл

Супэршкарпэткі

- 21:32:17

Часта карыстаўся, ды ня ведаў, як правільна завецца

Чыгунная патэльня (з высокімі сьценкамі, цяжкая) - брытван.

via Бывай, мова

May 23, 2009 - 20:47:34

Гукаперайманьні

Гаворым з жывёламі па-беларуску

Кот

мяў-мяў, курняў; вур-вур

мяўкае, курняўкае, курню пяе; вуркоча

Сабака

гаў-гаў, ууу

брэша, вые, вяхае

Мыш

пі-пі-пі

пішчыць

Пацук

 

 

Сьвіня

рох-рох

рохкае

Карова

муу

рыка́е, мычыць

Конь

і-го-го, тпррр

іржэ, сапе

Каза

меее

мекае

Авечка

беее

бекае, бляе

Воўк

ууу

вые

Ліса

дзяў-дзяў

дзяўгае

Мядзьведзь

ррр

рычыць, раве

Алень

 

трубіць

Лось

 

трубіць

Жаба

ква

кумкае

Зьмяя

шшш, сссс

шыпіць, сыкае

Пугач

уфф, ку-га, угу

ухае, кугае, угукае

Бусел

клёк

клёкае, клякоча

Журавель

курлы

курлыкае, курлыча

Голуб

уррр, врр

буркуе, буркоча, варкуе

Гусь

го-го-го

гагоча, га́гае

Качка

кра-кра

крача

Курка

кудах-кудах, ко-ко-ко, квох-квох

квокча, сакоча, кудахча

Певень

кукарэку

кукарэкае

Зязюля

ку-ку, ку-ва

кувае

Салавей

шчоўк-шчоўк

шчоўкае, заліваецца

Верабей

чык-чырык

чырыкае

Жаўрук

 

цьвіркае, зьвініць, сьпявае

Дзяцел

тук-тук

стукае, грукае, доўбіць, дзяўбе

Драч

 дзярэ горла

крычыць

Дрозд

 

 

Крумкач

крум-крум

крумкае

Варона

кар-кар

каркае

Шпак

 

 

Бугай

 

скрыпіць

Сініца

ціў-ціў, цінь-цінь

ціўкае, цінькае

Глушэц

тук-тук

такуе

Цецярук

тук-тук

такуе

Кнігаўка

кі-гі

кігікае

Каня

піць

канькае

Перапёлка

 

плача

Чмель

бом-бом

бомкае, гудзе

Жук

жжж

жужжыць

Камар

ззз, пі-пі

зьвініць, пішчыць

Конік

 

стракоча

Цвыркун

цвыр-цвыр

цвыркае

Муха

зум-зум

зумкае

via Бывай, мова

May 22, 2009 - 20:18:10

Акупанты як дома

Цэтлікі запісу: уласна_блёг_сам

Яшчэ адзін прадстаўнік азіяцкае краіны, да якое так імкнецца рэжым.

- 19:58:11

Ускосныя доказы

Цэтлікі запісу: уласна_блёг_сам

Што чакае ў недалёкай будучыні.

- 2:08:38

Падрыхтоўка зьвестак для першага тэматычнага занятку

Цэтлікі запісу: цікавосткі

У наступны чацьвер тэма «Беларускае стравы» - заедкі. Гугаль выдаў усяго чатыры старонкі па запыце «беларускія заедкі»; зь іх дзьве аднолькавыя на розных бачынах; адна з чатырох не загрузілася. Ну а самая першая аказалася надзвычай цікавай і інфарматыўнай.

Па-першае, падзел страваў па ролі ў харчаваньні:

  • Прыварак
  • Закрась
  • Закалота
  • Затаўка
  • Валога
  • Прысмак
  • Прыправы

Па-другое, розныя спосабы цеплавой апрацоўкі прадуктаў:

  • смажаньне
  • абсмажваньне
  • падсмажваньне
  • пражаньне
  • сквараньне
  • падскварваньне
  • вараньне
  • тушэньне
  • смажаньне на ражне, варочаючы над вугольлем
  • вараньне ў люце (лют – герметычная апрацоўка прадуктаў у жары)

Разнастайныя рэцэпты беларускіх страваў. Ды іх там проста безьліч! Усе пералічваць няма сэнсу, а заедкі працытую. Гэта тое, выглядае, з чаго пачыналася харчаваньне. Ды й само слова «заедкі» пра тое, уласна кажучы, цьвердзіць.

БУРАК З ХРЭНАМ

Звараны бурак парэзаць саломкаю. На дробнай тарцы нацерці хрэну (2-3 ст. лыжкі). Бурак, хрэн, соль, цукар добра перамяшаць і заправіць алеем.

РЭДЗЬКА СА СЬМЯТАНАЙ І ЦЫБУЛЯЙ

У чорнай рэдзькі зняць шалупеньне, нацерці на дробнай тарцы, адціснуць сок (сок можна дадаць да мёду: добра дапамагае ад кашлю). Цыбуліну дробна пасекчы і зьмяшаць з рэдзькаю і сьмятанаю. Для мяккасьці можна дадаць цертую моркву.

КВАШАНІНА

Сьвіную галавізну і ногі вымачыць у халоднай вадзе гадзінаў з 5. Потым ваду зьліць, заліць халоднай вадою і давесьці да кіпеньня. Кіпяціць хвілінаў 10, зноў ваду зьліць. Галавізну і ногі прамыць вадою. Пачысьціць дзьве морквы, дзьве цыбуліны, пяць-шэсьць зубкоў часныку і разам са сьвінымі галавізнай і нагамі варыць гадзінаў пяць-шэсьць, дадаўшы соль, перцу гарошкам і духмяны лаўровы ліст. Калі мяса пачне добра аддзяляцца ад костак, закончыць варыць. Дастаць сьвініну, даць ахаладаць, каб пазбавіцца ад костак, парэзаць невялікімі кавалачкамі і раскласьці па глыбокіх талерках. Праз часныкаціснаўку на кожную порцыю мяса выціснуць па 1-1,5 зубкі часныку, заліць булёнам, пасыпаць дробна парэзанымі кропам і пятрушкаю. Ахалодзіць. Спажываць з хрэнам, гарчыцаю альбо воцатам.

САЛАТ СА ШЧЫПЯРОЎ ЦЫБУЛІ

Шчыпяры цыбулі абчысьціць, памыць, дробна парэзаць. У талерцы, пасаліўшы, даць пастаяць хвілін 15. Потым дадаць сьмятаны ці кіслага малаку, ці 1 ст. лыжку воцату, чорнага молатага перцу і алею, ці тварагу і сьмятаны.

 

Астатняе - тутака.

May 21, 2009 - 22:24:49

Парэклямую «Аўтарадыё»

Цэтлікі запісу: мроі

Слухаў тут праграму ці то Алега Хаменкі (па сумяшчальніцтве лідар «Палацу»), ці то яшчэ каго. Відаць, усё ж гэта была «Брама існасьці», запрошаным госьцем зьяўляўся Ўладзімер Пугач (па сумяшчальніцтве лідар «J:морс-у»). Заўважна, што абодва чалавекі інтэлігентныя, адукаваныя, дасьціпныя. Заўважна нават з таго кавалачку праграмы, які давялося пачуць.

Вынес асноўныя «пастуляты»:

  1. Што ж такое ёсьць беларуская нацыянальная ідэя? Гэта альбо цэнтральнаатлянтычная дыктатура, альбо ядзернае праваслаўе. emoticon
  2. Гаворка зайшла пра нацыянальны гонар, пра талярантнасьць; пра тое, што варта ганарыцца хаця б тым, што Беларусь - краіна 30.000 азёраў - сінявокая. «А зараз паслухаем Дэвіда Боўі» - «Дарэчы, вочы ў яго даволі талярантныя. І адно зь іх сінявокае». emoticon
  3. Сэксуальная разбэшчанасьць вядзе да заняпаду нацыі. І ўрэшце рэшт мы дойдзем да таго, што здарылася праз оргіі ды сымпозыюмы з Вялікай Рымскай імпэрыяй. То бок, нас заваюе які-небудзь барбар…

May 20, 2009 - 9:56:10

Хрысьціянства без Хрыста

Цэтлікі запісу: Бог

У 1940-х Дональд Грэй Барнхаўз, прэсьвітарыянскі пастар, задаў пытаньне: «Што сталася б, калі б у наш горад прыйшоў сатана?» І працягнуў разважаньні:

«Калі б д’ябал прыйшоў у Філядэльфію, ён зачыніў бы ўсе бары, забараніў парнаграфію, па чыстых вуліцах хадзілі б акуратныя пешаходы і ўсьміхаліся адзін аднаму. Не было б лаянак, праклёнаў. Дзеці б адказвалі: «Так, спадар» і «Не, спадарыня,» - кожную нядзелю людзі хадзілі б у цэрквы… у якіх няма Хрыста.»

У сваёй кнізе «Хрысьціянства без Хрыста» доктар Майк Хортан засьцерагае, што ў Амэрыцы гіпатэтычны Барнхаўзаў сцэнар хутка спраўдзіцца. Паводле Хортана, кіраўнічаю мантраю для мноства эвангельскіх цэркваў сёньня сталася «рабі больш, спрабуй яшчэ». Пропаведзі напханыя разнастайнымі «сям’ю ці дванаццацьцю крокамі на шляху да лепшага шлюбу ці паляпшэньня фінансавага стану». Па гіроніі лёсу, у той час як маладое пакаленьне пратэстуе супраць строгага выкананьня законаў сваіх бацькоў, яно само замяняе іх больш мяккай (але больш садысцкай) формай. Вядомыя тэлевізыйныя прапаведнікі (напрыклад, Джоэль Осьцін і Джойс Мэер) пераможна сьцьвярджаюць, што яны ўсьвядомілі той хвакт, што хрысьціянства ня ёсьць выкананьне нейкіх правілаў. Тым ня меней яны працягваюць казаць аўдыторыі, што гэта ўсяго толькі «любоў да Госпада і да свайго бліжняга». Рэфармат XVI-га стагодзьдзя Ян Кальвін чуў падобныя выказваньні ад рыма-каталіцкае царквы (яны таксама рэагавалі на жорсткае выхаваньне бацькамі) і зазначаў: «Нібыта гэта [любоў да Госпада і да бліжняга] лягчэй!» Паводле Езуса, любоў да Госпада і да свайго бліжняга ёсьць сутнасьцю ўсяго старазапаветнага закону. Любоў да Госпада і да бліжняга - найцяжэйшая рэч у сьвеце для любога чалавека!

Адзін вядомы эвангельскі пастар нядаўна зрабіў папулярным выраз «справы, а ня вера». Эвангелісты маюць слушную дактрыну, кажа гэты пастар, проста яны яе не выконваюць. Гэтае меркаваньне доктар Хортан абвяргае тым, што многія эвангелісты насамрэч ня маюць слушнае дактрыны, альбо прынамсі прапаведуюць яе няслушна. Эвангелісты зблыталі грунтоўныя катэгорыі Закону і Эвангельля, павярнуўшы пасланьне Эвангельля (якое ёсьць дабравесьцем пра тое, што Хрыстос ужо зрабіў для нас) у патрэбны бок. Жывіце паводле Эвангельля (чытайце штодня Біблію, прымайце ўдзел у пэўным накірунку дзейнасьці царквы, спрабуйце стацца прыкладам для іншых) і будзеце здаровыя, багатыя й разумныя. Задавайце самому сабе пытаньне: «Што б зрабіў Езус?» - а не «Што рабіў Езус?» Аднак Хортан кажа, што гэта - блытаніна паняткаў. Эвангельле па сваёй прыродзе - не даведнік па тым, што вы можаце рабіць. Гэта аповед пра тое, што ўжо было некім зьдзейсьнена. Вынікам блытаніны гэтых паняткаў ёсьць благая пропаведзь. Замест таго, каб прапаведаць Хрыста й Эвангельле, пастары нярэдка спрабуюць прыстасаваць біблійныя тэксты для «практычных» парадаў, што дапамогуць зрабіць лепшым ваш шлюб, вашыя фінансы, стасункі з дзецьмі і г.д. Як вынік, мноства эвангельскіх цэркваў сёньня ня кажуць таго, чаго нельга пачуць ад доктара Філа, доктара Лаўры ці, напрыклад, Опры (найчасьцей, нават доктар Лаўра гаворыць лепей). Усё гэта вядзе да тае зьявы, якую Хортан называе «Хрысьціянствам без Хрыста». Можна схадзіць у нядзелю ў эвангельскую царкву і пайсьці, нават не пачуўшы ніводнага слова пра Эвангельле ці Хрыста.

* * *

Трывожны запіс у блёгу «Эвангельскі фарпост». На жаль, ня маю магчымасьцяў перакладаць яго напоўніцу, таму пакідаю спасылку.

May 19, 2009 - 8:50:20

Беларуская ежа - гэта не адныя дранікі

Цэтлікі запісу: photo, абвесткі

Ствараецца навучальны гурток па вывучэньні традыцыйнай беларускай кухні. У чым асаблівасьці штодзённай, сьвяточнай і абрадавай кухні нашых продкаў? Якую сымболіку несьлі стравы? Як аздобіць сучасны стол традыцыйнымі беларускімі стравамі? Першая сустрэча пройдзе 21 траўня.

Будзем разам шукаць адказы на пытаньні, вывучаць традыцыі і гатаваць. Пры чым навыкі гатаваньня абсалютна не абавязковыя :)

У праграме заплянаваныя 8 смачных і цікавых сустрэчаў у Менску. Першая пройдзе 21 траўня. Кантактныя тэлефоны: +375 29 615 56 26, +375 29 5666247 — Кацярына, +375 29 3305 304 — Воля.

via Пакаленьне.бай

May 18, 2009 - 8:28:24

Парачка

Цэтлікі запісу: photo

Атака на клёўнаў

 

May 17, 2009 - 21:59:49

Пост – дзень блогера-4

Цэтлікі запісу: уласна_блёг_сам

Гэта маецца на ўвазе, што дзень блёгера праводзіцца ў чацьверты раз, ажно я ніводнага разу пастоў з такім назовам не ствараў. Зрэшты, і ў чацьвертай акцыі «Дзень блогера» таксама не паўдзельнічаў, бо гэты запіс зроблены на наступны дзень пасьля сканчэньня акцыі. Таму і завецца адпаведна: «пост – дзень…»

  1. Буду ў скароце. Эканамічны крызіс толькі багатых закране. А нам, бедным, сынку, гамон.
  2. Вайна – гэта зло.
  3. Дарэчы, хто такія бэнгальцы? А то надоечы мне з Новай Зэляндыі прыгожую марачку з паштовачкай даслалі… emoticon
  4. Ды пофіг мне ваш Менск.
  5. У, дзеўкі – гэта добра. Паэткі – гэта горш. Ці аніяк.
  6. А вось уяўляеце сытуацыю: кліент тэлефануе ў арганізацыю, дзе яму адказваюць на незразумелай мове. Альбо калі прыходзіш у краму і спрабуеш растлумачыць прадавачцы, што хочаш набыць, без тыканьня пальцам у вітрыну і кіраваньня пальцам «лявей!.. ніжэй!..». У першым і другім выпадках чалавеку адмаўляюць ў абслугоўваньні на дзяржаўнай мове. Адпаведна, службовая асоба (альбо прадавачка, альбо арганізацыя, альбо прадстаўнік паслуг) не застаецца без пакараньня ў выглядзе прынамсі запісу ў кнізе скаргаў. Вы ж атрымоўваеце з боем тое, што павінны былі мець па першым патрабаваньні. Цяпер самае цікавае. Калі вы гэта падаяце ў якасьці прыкладу, як трэба адстойваць свае правы, людзі не асуджаюць аўтара, а пераймаюць яго прыклад сабе на ўзбраеньне. Вось тады і паўстане доўбаны беларускі нацыяналізм!
  7. А таму што не паўстаў доўбаны беларускі нацыяналізм. Мне ўвогуле незразумела, як у дзясятыя-дваццатыя гады здолелі вылучыцца ў асобныя краіны пасьля развалу Расейскае імпэрыі, напрыклад, прыбалтыйскія краіны, і як яны нагрэліся «паміж Польшчай і Расеяй», у той час як цяпер мала хто ведае пра такую выдатную магчымасьць для Беларусі, як Сярэдняя Літва. Можа, і ва ўкраінцаў Украінская Народная Рэспубліка мела свае адгалоскі ў 20-х гадох, ды мне таксама пра гэта нічога не вядома…
  8. І нарэшце – пазаўчора чарговы раз ніхто не падтрымаў дзень ганьбаваньня дзяржаўнага сьцягу акупантамі-калхозьнікамі…

А яшчэ падзівіла тое, што ці ня ўсе ўдзельнікі «дзён блогераў» «месьцяцца» на ЖЖ. Мдзяяя, адстаем ад цывілізаванага сьвету (маецца на ўвазе не азіяцкая краіна, якой прыналежаць правы на жж з даўніх пор) на некалькі год…

P.S. «Правільныя» пытаньні (і, магчыма, адказы) глядзець на маёўцы блогераў на «Свабодзе».

May 16, 2009 - 7:44:13

Не магу ня выказацца

Цэтлікі запісу: настальгія, абвесткі

Гэты альбом выйшаў не таму, што яго аўтар вырашыў распавесці навакольнаму свету пра свой багаты ўнутраны свет. Гэты альбом выйшаў не таму, што камусці захацелася зарабіць грошай або трапіць у выпускі навінаў. Гэты альбом выйшаў таму, што надыйшоў яго час. У гэты год, у гэты месяц, у гэты дзень, у гэтае імгненне. Прыйшоў час у поўны голас прамовіць тыя словы, да якіх Крывія ішла многія і многія гады…

…"Малітвы вайны" — паўнафарматны альбом Алеся Мікуса, лідэра гурта КРЫВАКРЫЖ. Не шукайце на гэтай кружэлцы прыгожых мелодый, салодкіх галасоў вакаліста, уражвальнай студыйнай работы або багатых аранжыровак. Не намагайцеся нават слухаць "Малітвы вайны", калі галоўнае для вас - гэта атрымаць задавальненне ад музыкі. Задавальнення не будзе. Не будзе "фармату". Не будзе клубных хітоў. Не будзе нічога з таго, што сёння асацыюецца з шоўбізнэсам. "Малітвы вайны" - гэта песні, што гучаць па вечарам ля вогнішчаў пад сценем святых дубоў Крывіі. "Малітвы вайны" - гэта маршы, пад якія героі новай Імперыі будуць уваходзіць у вызваленыя гарады. "Малітвы вайны" - гэта малітвы, якія зляцяць з матчыных вуснаў, калі будуць выпраўляюць крывічоў за славай…

Крывакрыж

May 15, 2009 - 21:41:44

Міжнародны дзень музэяў

Цэтлікі запісу: абвесткі

16 траўня 2009 году ўпершыню на тэрыторыі беларускага дзяржаўнага музэю народнай архітэктуры і побыту моладзевая танцавальная вечарына "ТАНЦЫ Ў СКАНСЫ":

  • Народныя гульні, танцы, атракцыёны;
  • Выступ сучасных фальк-гуртоў ("Джамбібум", "Рэха" і інш ) і маладых выканаўцаў;
  • Майстар-кляса ад лепшага фальк-ды-джэя Ільлі Арэстава па аўтэнтычных гульнях і танцах;
  • Добры настрой, незабыўныя ўражаньні і прыемны адпачынак.

17 траўня 2009 году:

12.30 - 18.20 - выстава музэйных паслуг "Музэй запрашае"
13.00 - 13.45 - пачатак сьвята. Урачыстае адкрыцьцё выставы "Народныя абразы з калекцыі музея" у Пакроўскай царкве - помніку народнай архітэктуры XIX ст.
12.30 - 18.20 - народныя гульні і атракцыёны
12.30 - 18.20 - дзіцячыя забавы
12.30-16.00 - майстар-клясы па пляценьні паясоў на бёрдачках, народнай вышыўцы і інш.
15.30 - узнагароджаньне пераможцаў віктарыны "Мінулае побач".
 
На працягу сьвяточных дзён з 10.00 працуе экспазіцыя музэю, беларуская карчма, выстава - продаж сувэніраў ад Саюзу майстроў Беларусі.

Кошт уваходнага квітка:
- для дарослых - 6300 руб.
- для студэнтаў і школьнікаў - 3150 руб.
(У кошт уваходзіць: наведваньне экспазыцыі Беларускага дзяржаўнага музэю народнай архітэктуры і побыту; удзел ва ўсіх мерапрыемствах сьвята)

За дадатковую плату :

  • Набыцьцё сувэніраў;
  • Наведваньне карчмы;
  • Катаньне на брычцы (кошт катаньня: маршрут №1 - 2500 руб.; маршрут №2 - 5010 руб.)
Тэлефоны для даведак:
(8-017) 209-41-63 (акрамя суботы і нядзелі);
(8-017) 507-69-37 (акрамя панядзелка і аўторка);
(8-029) 697-89-01 (Velcom).


Памылак было столькі ў арыгінальнай абвестцы, што давялося іх завочна выправіць, зьмясьціўшы свой варыянт тутака.

May 14, 2009 - 22:04:13

Зорачкі

Цэтлікі запісу: верш, слуханка

Зоркі

Зоркі нашыя ў небе бяз нас
Пазнаёміліся выпадкова.
Мы якраз на зямлі ў гэты час
Прашапталі спрадвечныя словы.

Зоркі нашыя ў небе бяз нас
Шчырасьцю незямной пакляліся
Мы якраз на зямлі ў гэты час
Зазірнулі ў прадонныя высі.

Зоркі нашыя ў небе бяз нас
Весьці нас па зямлі захацелі.
Мы якраз на зямлі ў гэты час
Думалі аб патайным вясельлі.

Зоркі нашыя, толькі б ня згас
Позірк ваш і ў начы, і ў блакіце!
I апошнюю сьцежку для нас
Велікодным сьвятлом асьвяціце.

————————————————

© Рыгор Барадулін

Дайшоў да мяне дзякуючы Зьмітру Вайцюшкевічу

May 13, 2009 - 21:45:23

Паразважаць можна

Цэтлікі запісу: прышпіл, уласна_блёг_сам
  1. Трэба ў цырку бываць часьцей.
  2. Зямля пад бамбёжкай.
  3. Або пан, або пані.
  4. Малая і дурная яшчэ кніжка.
  5. Тысяча пяцьсот дваццаць дзевяць, тысяча пяцьсот шэсцьдзесят шэсьць — няма дзе прылегчы, і нават прысесьць.
  6. Ворагам прыйдзе трындзец.
  7. Агульная млявасьць і гэта не валчанка.
  8. Узяўся за яйца і пачасаў.
  9. Закапаць кроплі вам у вочы.
  10. Ты не чакай, кіна ня будзе, кіншчык сьпіўся.
  11. Разумнаму гадасьць - дурню радасьць.
  12. А можа вас яшчэ і марозівам пачаставаць?
  13. Паміж Польшчай і Расеяй ня ходзіць мэтро.
  14. Не пакідайце ж недапалкі міма сьметніц.
  15. Грантасос-паравоз.
  16. Сын за бацьку, бацька за рэпку, цягнуць-пацягнуць, і не выцягнуць.
  17. Каго любіш? Таго і чубіш!
  18. Не разьбіць, не спыніць нашых вялікіх баявых чалавекападобных робатаў.
  19. Мёртвым можна без чаргі.
  20. Мой родны вечна галодны.
  21. Не хачу разуць, бо вы шкарпэткі даўно не пралі.
  22. Абое на габое.
  23. Саша і прастакваша.
  24. Зьявілася вада гарачая ў душы.
  25. Намацаць у майтках сонца.
  26. Пане ня ў стане.
  27. Ідзіце ў дупу, калі ласка.
  28. Асьцярожна, яны кусаюцца.
  29. Ні Богу сьвечка, ні ў войска не возьмуць.
  30. Дзьве дзюркі ў носе і тыя з казяўкамі.
via Ку-Палінка
 
Арыгінал:
  1. Трэба дома бываць часьцей - верш Барадуліна
  2. Зямля пад белымі крыламі - кніга Караткевіча
  3. Або пан, або прапаў - прыказка
  4. Малая падарожная кніжка - Біблія, выдадзеная Скарынам
  5. 1529, 1566, 1588 - гады выданьня Статуту ВКЛ
  6. Ворагам Беларушчыны - верш Янкі Купалы
  7. Агульная млявасьць і абыякавасьць да жыцьця - устойлівы выраз
  8. Толькі ўзяўся за яйца, дык малако (масла, сьмятана) прапала - адна з пэрлінаў лукі
  9. Хрэн вам у вочы - прымаўка з п’есы "Пінская шляхта"
  10. Ты не чакай, сюрпрызаў ня будзе - з песьні Лявона Вольскага "Тры чарапахі"
  11. Цацанкі-абяцанкі - дурню радасьць - прыказка
  12. А, можа, вас яшчэ і пучыць? - рэкляма Альмагель-нэа на трасянцы
  13. Паміж Польшчай і Расеяй полька беларуская - песьня на верш Дранько-Майсюка
  14. Не пакідайце ж мовы беларускай, каб ня ўмёрлі - афарызм Багушэвіча з прадмовы да "Дудкі беларускай"
  15. Міколка-паравоз - аповесьць Лынькова
  16. Сын за бацьку не адказвае - канцэптуальныя словы Сталіна, якія гучаць у шмат якіх творах кшталту "Вязьмо" Зарэцкага або "Аблава" Быкава
  17. Каго любіш? - Люблю Беларусь! - Дык узаемна. Пароль паўстанцаў 1863 года
  18. Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць - цытата з "Пагоні" Багдановіча
  19. Мёртвым не баліць - аповесьць Быкава
  20. Мой родны кут, як ты мне мілы - цытата з "Новай зямлі" Якуба Коласа
  21. Не хачу разуць рабыніча - словы Рагнеды, якая не хацела замуж за сына рабыні Уладзіміра, Яраполка ёй падавай!
  22. Абое рабое - прымаўка
  23. Саша і Сірожа - дуэт, сьпяваюць Калыханку на трасянцы
  24. Дзьве душы - аповесьць Гарэцкага
  25. Намацаць галінамі сонца - канцэпт-цытата з трылогіі "На ростанях" Якуба Коласа
  26. Пане Каханку - каларытны пэрсанаж беларускай гісторыі, з Радзівілаў
  27. Выбачайце, калі ласка - п’еса Макаёнка
  28. Асьцярожна, дзьверы зачыняюцца - фраза зь менскага мэтро
  29. Ні Богу сьвечка, ні чорту качарга - прыказка, якая фігуруе ў п’есе Купалы "Тутэйшыя"
  30. Дзьве дзюркі ў носе - і сканчылося - фінал п’есы "Паўлінка" Янкі Купалы
 

May 12, 2009 - 18:41:18

Тканыя паясы

Цэтлікі запісу: photo, творцы

Пояс - гэта агароджа

May 11, 2009 - 18:25:40

Вясельле па-беларуску? Гэта проста

Цэтлікі запісу: цікавосткі, Беларусь

Сьпіс людзей, якія аказваюць паслугі па правядзеньні вясельляў на роднай мове. Стыль - адвольны. Калі з кантактамі - значыцца, людзі самі іх пакідаюць. Карыстайцеся.

  • Наталюга з мужам.
  • Усевалад - беларускамоўны маршалак (вядоўца на вясельлі). Адэкватныя конкурсы, свая апаратура і музыка (ёсьць дэкаратар залі, калі трэба). Прыкладны сцэнар узгаднім папярэдне. +375 (29) 551 93 08.
  • Віктар Шалкевіч
  • Мікола. +375 (29) 612 49 83.
  • Ансамбаль «Янка» - вясёлыя хлопцы, некалі сьпявалі народныя песьні ва ўласнай апрацоўцы на Камароўцы. З хрысьціянскім ухілам.
  • Гузік. Праводзіць любыя сьвяты (юбілеі, вясельлі, дні нараджэньня, карпаратывы) для дарослых і дзяцей. Калі ў Вас няма грошай, каб зрабіць сьвята па-беларуску для дзетак, ўсе адно зьвяртайцеся, бо гэта ж нашы дзеткі. +375 (29) 775 70 76. E-mail: 7757076@tut.by
  • Наста - рэкамэндацыі, запрашэньні з Вашым фота; хлапечнік, дзявочнік (можна са стрыптызам); рэстаран, кавярня (можна ў намётах на прыродзе), дэкор памяшканьня; сцэнар, відэё, фота, настаўнік танцаў і г.д. +375 (29) 784 63 13; +375 (29) 9117887.
  • Айцец Андрэй Абламейка. Нечакана. Думаю, імя гаворыць само за сябе.
  • Тацяна Махнач - сьвяточная вопратка пад  мясцовыя строі, сцэнар, вядзеньне. +375 (29) 697 56 30; 241-23-33. Пэрсанальная бачына ў сэціве.
  • Невядомыя - праводзяць беларускае вясельле з элемэнтамі традыцыйнага абраду, народнымі танцамі і дудой. + 375 (29) 704 00 18.
Вясельле па-беларуску? Гэта цудоўна!

- 0:00:11

Ня варта недаацэньваць ворага

Цэтлікі запісу: уласна_блёг_сам, мабіло

Алег Волчак, былы сьледчы, цяпер праваабаронца і кінаактор:

Мне распавядалі, што нашы спэцслужбы маюць тэхніку, якая рэагуе на канкрэтныя словы, прозьвішчы. Колькі захоўваецца інфармацыя, зьнятая зь нечага мабільніка, дакладна невядома. Але за прыкладамі далёка хадзіць не трэба: ня так даўно майму сябру, які раней быў суддзём, а цяпер проста юрыст, прадэманстравалі раздрукоўку яго размоў з прадстаўніком адной прыватнай фірмы…

Праслухваньне можа быць санкцыянаваным і несанкцыянаваным. Так, адзін з апэратараў мабільнай сувязі, які працуе на беларускім рынку, мае ня вельмі добрую рэпутацыю ў гэтым сэнсе. Кажуць, што там нярэдка здаюць кліентаў спэцслужбам.

Валеры Костка, падпалкоўнік запасу КДБ:

У 2001 годзе палітыкі Міхаіл Марыніч і Ўладзімер Ярмошын разам гулялі па лесе, і нікога вакол не было. А стэнаграма іх размовы ляжала на тым стале, дзе трэба! Вось і ўвесь адказ на ваша пытаньне. І тэлефоны разьбіраюць, і сім-карты хаваюць пад нейкія магнітныя палі, а ўсё роўна, калі спэцслужбе неабходна атрымаць інфармацыю, яна яе атрымае. Таму ня трэба спрабаваць непрафэсыйна працаваць супраць прафэсыяналаў. Варта рабіць так, каб у гэтых прафэсыяналаў не было падстаў прыкалупацца да цябе.

— Як лічыце, ці выпадкова пасаду кіраўніка службы бясьпекі адной з кампаній, якая працуе на рынку мабільнай сувязі, займаюць адстаўныя генэралы: спачатку генэрал Віктар Басалыга, цяпер — былы міністар унутраных спраў Валянцін Агалец?

Па-першае, няпыльная пасада, а па-другое, з генэраламі заўсёды можна вырашыць любое пытаньне. Калі ж прызначыць на гэтую пасаду дылетанта, яму давядзецца тлумачыць нейкія нюансы. І спэцслужбы зацікаўлены мець на такіх пасадах людзей, якім доўга ня трэба тлумачыць, што да чаго.

© Беларуская энцыкляпэдыя Зэльвеншчыны

Цяжка высьветліць, што тут праўда, а што лухта, але асьцярожнасьць ніколі не зашкодзіць.

Стары савецкі плякат

May 10, 2009 - 20:10:01

Нашы дзеткі

Цэтлікі запісу: уласна_блёг_сам, Беларусь

Зарэгістраваўся.

- 14:48:08

Пахаджэньні антысавецкага шпіёна

Цэтлікі запісу: вандроўка

Ну што ж, першая «вылазка» на «абвешаным» абноўкамі ровары. З жахам на першым жа скрыжаваньні пераканаўся, што задняе гальмо не працуе: відаць, мы, калі ўсталёўвалі ліхтар на задняе кола, недастаткова-ткі нацягнулі спружыну. Калі рукамі крутнуць кола і загльмаваць, то яно спыняецца, але вось на дарозе пад нагрузкай гэтага абсалютна не хапае. Ну нічога, можна карыстацца пярэднім гальмом.

У падземным пераходзе спынілі мянты. Маўляў, «тут толькі ровар у рукі - і пайшоў». Паколькі мне не хацелася зь імі зьвязвацца, я сказаў, што па прыступках абавязкова падымуся пешкі і паехаў сабе далей.

Ну а вяртаўся ўжо вакольнымі шляхамі. Чырвоны Бор ня так і далёка, як здавалася. У ім знайшоў «Амкадор» з поўным загонам трактароў, поўны загон каровак са сьлядамі «цывілізацыі» (у дадзеным выпадку «цывілізацыя» не нясе ніякое станоўчае ацэнкі, а азначае, што кароўкі «калгасныя»), здалёк пабачыў пра агароджу нешта бліскучае і расьцягнутае на вялікай плошчы, што прынабліжэньні аказалася плянтацыяй… цяпліцаў. emoticon Да цяпліц падысьці разгледзець не было як: усё ж агароджа, а на варотах шлягбаўм.

Вярнуўся да сажалкі, дзе пасьвіліся рыбакі. З супрацьлеглага боку адзін з рыбакоў проста загараў на траўцы. Праўда, пры маім набліжэньні ён стаў выдаваць занепакоенасьць і нацягнуў трусы. Ну а я ж вырашыў не накіроўвацца адразу дахаты, таму павярнуў не ў ягоны бок, а ў процілеглы. І… апынуўся з «таго» боку ад шлягбаўму. emoticon

Ух, там паміж дарожкамі і цяпліцамі зялёная зона ўся такая… ммм… зялёная! З жоўтымі ўкрапленьнямі дзьмухаўцоў. Па іх хадзіць ня стаў, і таму ізноў не разгледзеў, што ж там вырошчваецца. Але ўбачыў адну жывую душу, якая ці то загружала трактар рассадай, ці то выгружала зь яго, наадварот. Паколькі назад выбірацца не хацелася, паехаў шукаць іншы шлях міма іх. Аўтапагрузчык цягаў нешта падобнае на рэдзьку.

Пракаціўшыся па пэрымэтры, так і знайшоў адтуліны ў бэтоннай агароджы ўздоўж кальцавое. Але сустрэў вартавога шабачку (яшчэ адна жывая істота) ля пабудовы без апазнавальных знакаў. Дарэчы, увесь гэты час дзівіўся, чаму ж вуліцу назвалі так дзіўна - «у гонар» прызматычных з закругленымі тарцамі кавалкаў торфу, якімі мы даўней тапілі печку ў роднай хаце…

Выехаў з тэрыторыі рассадніку каля нейкае ці то базы, ці то майстэрні па вытворчасьці плястыкавых вокнаў. А за ёй ужо й пункт мытнага афармленьня намаляваўся.

Вось, цяпер каб толькі не забыцца паўтарыць усе «адкрытыя» на гэтай вылазцы вуліцы… Уладзіслава Галубка, Брыкета, С. М. Вышалескага, Ф. І. Фёдарава, Л. А. Скрыпнікава…

Фотак магло ня быць нават у тым выпадку, калі б фоцік і быў рабочы: наўрад ці я стаў бы яго браць замест заплечніка. Ну а аднаго камплекту акумуляараў таксама недастаткова, каб карыстацца ім у адсутнасьць фоціка.

May 8, 2009 - 18:34:29

Я мала набываю марачак, выяўляецца

Цэтлікі запісу: заняткі

Надоечы вырашыў напісаць хлапаку грунтоўнаму калекцыянэру з Бэльгіі з прапановай памяняцца. Я ведаў, што ён зьбірае беларускія маркі, а мне схацелася прыбалтыйскіх і з сэрыі "Эўропа", як ён рабіў і першым разам.

Але я ўжо спазьніўся… Ён адказаў, што беларускія маркі да яго паступаюць рэгулярна праз партнэра… зь Летувы. Пысачка Вось блін, гэта ж трэба, каб беларускія маркі перасылаў пастаронні чалавек, хай сабе і з суседняе краіны. А значыцца, яму ў сваю чаргу перасылае нехта зь Беларусі. І прычым перасылае не ў адзінкавым асобніку, а ў такой колькасьці, каб летувіс меў іх яшчэ на абмен. Тады ўвогуле не ўяўляю, у якіх маштабах іх набывае «першы паста́ўнік», то бок чалавек у Беларусі…

Але вось чаго той летувіс ня можа забясьпечыць Холгеру - дык гэта беларускія капэрты са сьпецгашэньнямі, адасланыя па пошце. Так што адна адтуліна ля мяне пакуль што засталася, хоць і не такая частая і аб’ёмная, як марачкі…

* * *

Ну а калі яшчэ паглядзець, колькі мы выдаткоўваем штомесяц на тэлефон… Пысачка То я яшчэ вельмі ашчадны ў сваім калекцыянаваньні. Пысачка

May 7, 2009 - 18:17:27

Маманты забеларусь!

Цэтлікі запісу: прышпіл

У аснове арнаменту беларускага сцяга — бівень маманта

Рамбiчны арнамент, якi прысутнiчае на дзяржаўным сцягу Рэспублiкi Беларусь, iснаваў яшчэ 12 тысяч гадоў таму, калi на зямлi жылi маманты. Пра гэта на прэс-канферэнцыi "Развiццё беларускай геральдыкi ў Рэспублiцы Беларусь. Вытокi беларускай сiмволiкi" журналiстам паведамiў доктар гiстарычных навук, член Геральдычнага савета пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь Сяргей Расадзiн. Паводле яго слоў, арнамент яскрава бачны пры зрэзе бiўня маманта Mаmmutus рrimi gеnius.

"Арнамент мае глыбокую гiсторыю, яго элементы прасочваюцца нават у культуры цывiлiзацыi Цэнтральнай Азii i Кiтая (яго выкарыстоўвалi земляробы. — І.Л.) Некаторыя кажуць пра iсламскае прачытанне нашага сцяга, але гэта не так. У сваёй новай кнiзе "Гiстарычныя вытокi i лёсы дзяржаўных сiмвалаў Беларусi" я прыводжу шэраг аргументаў на карысць хрысцiянскага бачання сцяга. Чырвоны колер — гэта колер пакутнiцтва, вечнага жыцця; зялёны — гэта сiмвал вечнасцi (колер пальмы, якая асвячаецца ў Пальмовую нядзелю — I.Л.)". Герб Радашковiчаў, на выяве якога ёсць абодва хрысцiянскiя элементы, Сяргей Расадзiн прыводзiць у якасцi пацвярджэння сваiм здагадкам. Мы павiнны належным чынам ставiцца да сваёй гiсторыi, — падкрэслiў навуковец.

"Усе гербы i сцягi нашай краiны ўваходзяць у дзяржаўны геральдычны рэестр, за якi адказвае Дэпартамент па архiвах i справаводстве Мiнiстэрства юстыцыi, — кажа сакратар Геральдычнага савета пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь Марына Елiнская. — I перш чым дакументы па той цi iншай геральдычнай сiмволiцы паступяць на разгляд Геральдычнага савета, яны вывяраюцца i ўзгадняюцца з мясцовымi жыхарамi тых канкрэтных населеных пунктаў".

Пачынаючы з 1998 года, паводле слоў Марыны Елiнскай, была распачата праца па стварэннi дзяржаўных гербаў i сцягоў тэрытарыяльных адзiнак, перш за ўсё гарадоў i гарадскiх пасёлкаў. Сёння ў краiне па тэрытарыяльным падзеле сваю сiмволiку мае наступная колькасць населеных пунктаў:

Брэсцкая вобласць — 31,

Вiцебская вобласць — 49,

Гомельская вобласць — 38,

Гродзенская вобласць — 25,

Магiлёўская вобласць — 31.

Мiнская вобласць — 32.

Сёлета Дзень Дзяржаўнага герба i Дзяржаўнага сцяга будзе адзначацца 11 мая.


Iлья Лапато.

May 5, 2009 - 22:59:24

OMG

Цэтлікі запісу: photo, прышпіл
Коленька
 





















Get free blog up and running in minutes with Blogsome
Theme designed by Helga Cleve

Custom Logo Design, Company Logo Design, Business Logo Design, Logo Designs.
Company Logo Design