Пахаджэньні антысавецкага шпіёна
Ну што ж, першая «вылазка» на «абвешаным» абноўкамі ровары. З жахам на першым жа скрыжаваньні пераканаўся, што задняе гальмо не працуе: відаць, мы, калі ўсталёўвалі ліхтар на задняе кола, недастаткова-ткі нацягнулі спружыну. Калі рукамі крутнуць кола і загльмаваць, то яно спыняецца, але вось на дарозе пад нагрузкай гэтага абсалютна не хапае. Ну нічога, можна карыстацца пярэднім гальмом.
У падземным пераходзе спынілі мянты. Маўляў, «тут толькі ровар у рукі - і пайшоў». Паколькі мне не хацелася зь імі зьвязвацца, я сказаў, што па прыступках абавязкова падымуся пешкі і паехаў сабе далей.
Ну а вяртаўся ўжо вакольнымі шляхамі. Чырвоны Бор ня так і далёка, як здавалася. У ім знайшоў «Амкадор» з поўным загонам трактароў, поўны загон каровак са сьлядамі «цывілізацыі» (у дадзеным выпадку «цывілізацыя» не нясе ніякое станоўчае ацэнкі, а азначае, што кароўкі «калгасныя»), здалёк пабачыў пра агароджу нешта бліскучае і расьцягнутае на вялікай плошчы, што прынабліжэньні аказалася плянтацыяй… цяпліцаў.
Да цяпліц падысьці разгледзець не было як: усё ж агароджа, а на варотах шлягбаўм.
Вярнуўся да сажалкі, дзе пасьвіліся рыбакі. З супрацьлеглага боку адзін з рыбакоў проста загараў на траўцы. Праўда, пры маім набліжэньні ён стаў выдаваць занепакоенасьць і нацягнуў трусы. Ну а я ж вырашыў не накіроўвацца адразу дахаты, таму павярнуў не ў ягоны бок, а ў процілеглы. І… апынуўся з «таго» боку ад шлягбаўму. 
Ух, там паміж дарожкамі і цяпліцамі зялёная зона ўся такая… ммм… зялёная! З жоўтымі ўкрапленьнямі дзьмухаўцоў. Па іх хадзіць ня стаў, і таму ізноў не разгледзеў, што ж там вырошчваецца. Але ўбачыў адну жывую душу, якая ці то загружала трактар рассадай, ці то выгружала зь яго, наадварот. Паколькі назад выбірацца не хацелася, паехаў шукаць іншы шлях міма іх. Аўтапагрузчык цягаў нешта падобнае на рэдзьку.
Пракаціўшыся па пэрымэтры, так і знайшоў адтуліны ў бэтоннай агароджы ўздоўж кальцавое. Але сустрэў вартавога шабачку (яшчэ адна жывая істота) ля пабудовы без апазнавальных знакаў. Дарэчы, увесь гэты час дзівіўся, чаму ж вуліцу назвалі так дзіўна - «у гонар» прызматычных з закругленымі тарцамі кавалкаў торфу, якімі мы даўней тапілі печку ў роднай хаце…
Выехаў з тэрыторыі рассадніку каля нейкае ці то базы, ці то майстэрні па вытворчасьці плястыкавых вокнаў. А за ёй ужо й пункт мытнага афармленьня намаляваўся.
Вось, цяпер каб толькі не забыцца паўтарыць усе «адкрытыя» на гэтай вылазцы вуліцы… Уладзіслава Галубка, Брыкета, С. М. Вышалескага, Ф. І. Фёдарава, Л. А. Скрыпнікава…
Фотак магло ня быць нават у тым выпадку, калі б фоцік і быў рабочы: наўрад ці я стаў бы яго браць замест заплечніка. Ну а аднаго камплекту акумуляараў таксама недастаткова, каб карыстацца ім у адсутнасьць фоціка.

А як гэта ты з С.М.Вышалескага трапиу на Ф.І.Фёдарава?
Comment by BelAngel — May 11, 2009 @ 16:50:21
Праз Скрыпнікава, напрыклад.
Comment by Renessaince — May 11, 2009 @ 21:51:09