We are the greatest!

June 27, 2009 - 18:59:20

Ну, як ужо на форуме зьмясьціў…

Цэтлікі запісу: вандроўка

…як мы езьдзілі у Львіў

Мы ехалі самі (то бок без экскурсыяў усялякіх) і хоць я напачатку плянаваў хоць нешта пачытаць, каб ведаць, тым ня меней намеры гэтыя так і засталіся намерамі… Таму мы проста ішлі куды вочы бачаць. І гэта ў Львіве не найгоршы варыянт: там куды ні плюнеш - калі не царква, дык помнік. emoticon
Падвечар мы набылі мапу Львіву…
Так, тут лірычнае адступленьне. Усё ж я на трэці дзень вандроўкі схіліўся да варыянту беларускае назвы ня "Львіў", а менавіта "Львоў". Бо менавіта так ён пішацца па-польску, а значыцца, так зваўся і за часамі Рэчы Паспалітай. Дарэчы, на шмат якіх будынках можна пабачыць адбітую тынкоўку з надпісамі па-польску.
Дык вось, без мапы мне цяжка арыентавацца, а яе нават проста пачытаць цікава. Якія там вуліцы (я маю на ўвазе - назвы)! Вуліца Францішка Скарыны і Івана Фёдарава (хоць помнік гэтай асобе падпісаны як Івану Федаровічу - ён беларус таксама); помнік Адаму Міцкевічу і вуліца Сьцяпана Бандэры; вуліцы Джахара Дудаева і Джорджа Вашынгтана… Грэка-каталіцкія храмы на кожным кроку. Як я глыбока памыляўся, калі думаў, што мы можам пахваліцца сваёй грэка-каталіцкай царквой…
На вуліцах Львову зьдзіўляесься, калі пачуеш маскальскую гаворку - так гэта не пасуе ўсяму духу гэтага месца. Так, ну тут я ўжо ў лірыку кінуўся. Карацей, па-ўкраінску я гаварыў, прыблізна напалову ўстаўляючы беларускія словы. Ня ведаю, як завецца гэтая сумесь.
З карыснага: грошы на вакзале не мяняць ні ў якім разе - курс там абсалютна нявыгадны, лепей прайсьціся 500 мэтраў у бок цэнтру. Вакзал зусім побач ад яго. На вакзале касір хацеў нам прадаць жэтон у аўтаматычную камэру захаваньня за 45 грывень замест 10-ці. Цяпер-то я ўжо ведаю, што варта паводзіць сябе з такімі людзямі адпаведна, а тады мы проста завярнуліся ды пайшлі ў іншае месца. Але ні ў якім разе ня варта пагаджацца на іхнія ўмовы. Ну, прынамсі адразу. emoticon
Разам з мапай Львову мы набылі і кніжку-кіраўнічку па цікавых мясьцінах. Мне падабаецца іхняя вэрсыя назвы: "путівник" (калі хто ня ведае, чытаецца гэта "путівны́к"). Праўда, за тры дні мы яго так і не адчынялі: проста шкада было марнаваць час. Дарэчы, як мы ні бегалі па горадзе, тры дні - гэта вельмі мала. І калі нам здавалася, што ў першы дзень у нас адвальваюцца ногі, дык мы яшчэ ня ведалі, што значыць стаміцца ў другі дзень…
І калі ў першы дзень я яшчэ выкотваў вочы на кожны старажытны будынак і вапіў бы шалёны ад захапленьня, то на трэці дзень эмоцыі неяк прыгасьлі, і мы толькі варочалі галовы туды-сюды бы кітайскія балванчыкі. Ці не кітайскія. Кітайцаў, дзякуй Богу, дарэчы, было мала.
Так-ссс… Калі не былі ва Ўкраіне ні разу, дык будзьце гатовыя акрамя ўсяго гэтага ўбачыць страшэнны… даруйце за слова… срач на вуліцах. І гармідар. Хадзіць можна дзе заўгодна, аднак там паўсюль брукаванка, таму ногі можна паламаць нават у зручным абутку. А абцасы ў такім горадзе катэгарычна забараняюцца! Шкада таксама і машын: ня ведаю, колькі яны там вытрымваюць.
Карацей, зьменны абутак і парасоны не перашкодзілі нам: надвор’е ўвесь час зьмянялася. Штодня ішоў дождж, але максымум па паўгадзінкі, і потым пачынала парыць. Ветру ні павеву. Уффф, туды трэба езьдзіць, мабыць, увесну ці ўвосень, калі ня так задушна. Да таго ж яшчэ машыны і людзі, як я ўжо заўважыў.
У спадарынькі, у якой мы жылі, гарачая вада адключалася штодня рэгулярна. Праўда, ня ведаю дакладна, у які час. Але, відаць, і ў гатэлях тое самае - крызіс. Таму ў гатэлях жыць няма сэнсу, ды й дорага, са словаў нашае гаспадынькі. Цудоўна, як ё да каго прыехаць у госьці.
Нягледзячы на праблемы з вадой (спадзяюся, часовыя) ўся астатняя цывілізацыя працуе спраўна. Ёсьць і супэрмаркеты з неблагімі коштамі, і рынкі, і кавярні, дзе пахарчавацца. Мы па аналёгіі з Кыівам абіралі "Пузату хату" - як каму, а нам там падабаецца. Хутка, смачна, па-белаукраінску.

2 Comments »

The URI to TrackBack this entry is: http://renessaince.blogsome.com/2009/06/27/p1007/trackback/

  1. як завецца гэтая сумесь? Суржык гэта, суржык!

    Comment by BelAngel — July 6, 2009 @ 12:43:11

  2. А я думаў, суржык - гэта блытаніна расейскае з украінскай.

    Comment by Renessaince — July 6, 2009 @ 20:10:30

RSS стужка камэнтароў да гэтага запісу.

Нашкрабаю чаго-небудзь

Line and paragraph breaks automatic, e-mail address never displayed, HTML allowed: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <code> <em> <i> <strike> <strong>



Anti-spam measure: please retype the above text into the box provided.






















Get free blog up and running in minutes with Blogsome
Theme designed by Helga Cleve

Custom Logo Design, Company Logo Design, Business Logo Design, Logo Designs.
Company Logo Design