We are the greatest!

September 27, 2009 - 8:11:23

Ізноў столькі ўсяго добрага ды цікавага забылася ў штодзённым тлуме

У пачатку месяцу езьдзілі дахаты, як звычайна, абодвума сем’ямі. На «пянькох», дзе прыпыніліся перакусіць па трасе, целяпаўся туды-сюды маленькі жвавы шабачка ды дахаты відавочна не сьпяшаўся. Найхутчэй яму не было куды сьпяшацца…

Але бачна было па ўсім, што да людзей ён прывыкшы, бо сьмела падыходзіў да ўсіх, хто там прыпыняўся адпачыць. Ды шукаў ён у іх ня ежы: мы прапанавалі і хлеба, і кавалак цеста – усё засталося на зямлі. Па ягонай дагледжанай поўсьці таксама можна было здагадацца, што ён прывык жыць у людзей. Таньцы стала вельмі ўжо шкада шабачку…

Цяпер ён жыве ў нашых бацькоў. Астатні кавалак дарогі ён ляжаў ці спаў ля маіх ног. А я думаў пра ягонае новае імя. Так ці іначай мы ніколі не даведаемся, да якога імя ён прызвычаіўся ў ранейшых гаспадароў і чаму яны вырашылі ад яго (шабачкі) адмовіцца. Дык можна, напрыклад, назваць паводле мясьціны, дзе яго падабралі – добрая памяць будзе пра паходжаньне. Неўзабаве пасьля працягу нашае паездкі мы прамінулі зубра, што на мяжы Менскай ды Берасьцейскай абласьцей. Так зьявіўся Зубік

Нейкія памкненьні перайначыць імя Зубіка на свой лад былі ў той вечар, ды ўсё-ткі я ягоны прыёмны бацька, ці хто?! emoticon Так усё і засталося, і назаўтра Зубік пацьвердзіў трапнасьць свайго новага імя, ператварыўшыся з такога спакойнага шчанючка на трасе ў сапраўднага гаспадара двару дома. Абгаўкаў усіх гасьцей, абкусаў тату. emoticon Адным словам, усім спадабаўся…

* * *

На наступны ўік-энд меў супэрмаратон ва ўнівэры. Гадаўцы пачалі мерапрыемства на гадзіну пазьней, чым напісалі ў запрашэньні, і паўдня адвялі на напышлівыя прамовы і прапаганду маскальскамоўнай культуры ўнівэру. Праз гэта давялося правесьці тамака ўвесь дзень замест плянаванае паловы. Ну і два выходныя дні таксама…

Ці ня ўсе выкладчыкі ўпэўненыя, што частка завочнікаў кантрольныя працы будзе выконваць… скажам так, з дапамогай іншых людзей. Таму адразу папярэдзілі, каб хаця б разумелі сутнасьць таго, што ў кантрольнай напісана, і маглі яе пасьля абараніць. Кантрольных гэткіх проста нейкая навала. Ну і, як заўсёды, кожны выкладчык лічыць свой прадмет самым неабходным. Карацей, унівэр ад унівэру мала чым адрозьніваецца. emoticon Хаця ўзровень тэхнічнай аснашчанасьці апошняга вышэйшы, канечне. Але можа ўжо і ў Берасьці тое самае, бо столькі ж часу прайшло…

Хоць і цяжка паверыць, што гэта ўсё даступна й нам, завочнікам: тут і басэйн, і інтэрнэт-бібліятэка, і шматлікія «гурткі па інтарэсах». Толькі пасьпявай іх наведваць у перапынках між працай, вучобай ды сном. Альбо замест яго. emoticon

Некаторыя выкладчыкі яскрава выказвалі сваё стаўленьне да існуючага рэжыму. Дакладней, у тым сэнсе, што ўсе ўсё разумеюць. Але зьмяніць нічога не могуць, таму даводзіцца існаваць у такіх умовах, выжываць. Відаць, лёс наш такі на дадзеным этапе: выжыць, каб пасьля адрадзіць заняпалую культуру. Таму і беларускую мову і ад студэнтаў, і ад выкладчыкаў можна пачуць хіба што на ўроку беларускай мовы, ды й тое – ад выкладчыкаў збольшага трасянку, а ад студэнтаў – толькі некаторых. Во, вельмі прыгожае імя мае адзін з аднагрупнікаў: Алесь.

Вой, давядзецца, відаць, яшчэ пазмагацца за права вучыцца на роднай мове…

September 26, 2009 - 11:04:22

Справаздача «Беларускай стравы»

Цэтлікі запісу: абвесткі

­­­Зацірка, ламанцы, праснакі, лапеня, сьліжыкі, капыткі, медавуха, кулага і крупнік

­Назвы, якія нават гучаць смачна!

 

Гурток беларускай стравы запрашае вас правесьці з намі разам утульны

вечар традыцыйнай беларускай кухні.

Мы падзелімся з вамі набытымі ведамі, пачастуем абрадавымі стравамі.

 Вас чакаюць беларуская музыка і танцы, народныя гульні і забавы, прыемныя водары і сяброўская атмасфэра.

Мы будзем рады вас бачыць у суботу 26 верасьня а 18.00 у Гістарычнай майстэрні па вуліцы Сухой, 25. Кошт уваходнага квітку – 10 тыс. рублёў.

- 11:02:50

Дзеці на марках і маркі пра дзяцей

Цэтлікі запісу: заняткі, абвесткі

Нарэшце дайшлі рукі, і ад сёньня мая віртуальная філятэлістычная выстава праходзіць на MyPhilately, які так лагодна пагадзіўся прадставіць свае рэсурсы для ўсіх, хто патаемна жадаў, ды баяўся гэта зьдзейсьніць. emoticon

September 6, 2009 - 22:50:39

Наступствы «вопытаў» над чалавекамі

Цэтлікі запісу: мроі

Таргі падыходзяць да завяршэньня. Калі нічога ня зьменіцца ў лепшы бок, то прадам 22 лоты. Даволі няблага для першага… ну добра, для другога разу. Для першага - у сэнсе, калі ўзяўся з галавой за гэтую справу. Так, прадаваць таксама трэба ўмець.

Як я й баяўся, вельмі зашкодзіў большай эфэктыўнасьці, то бок аддачы ад продажу, нязручны час сканчэньня мноства аўкцыёнаў. Людзі ня ўсе могуць мець досяг у працоўны час да сэціва. То максымальная колькасьць ставак дасягнула толькі сямі па адным з лотаў. Што таксама няблага. Але магло быць і нашмат болей.

Тым разам я змаўчаў пра яшчэ адзін свой дальнабачны ход. Змаўчаў мо таму, што зрабіў яго зусім не дальнабачна, але ўсё атрымалася так, як мне хацелася б. Здарылася вось што: я зрабіў стаўку на лот з маркамі шабачак, якіх у мяне не было. А потым заадно падумаў, што гэты чалавечак (які ў мяне раней ужо купляў маркі) можа паглядзець на тое, хто зрабіў стаўку, ды таксама ў сваю чаргу зацікавіцца маімі прапановамі. А паколькі прапановы гэтыя якраз па ягонай тэматыцы, то я займею яшчэ аднаго патэнцыйнага пакупніка, а значыцца, ён зможа скласьці канкурэнцыю іншым. Канкурэнцыя ў дадзеным выпадку выгадная якраз мне, прадаўцу. emoticon

Так і атрымалася. Праўда, ён вытрымаў такую паўзу, што я нават пачаў сумнявацца ў слушнасьці сваіх разьлікаў. А вось жа й не: ён проста чакаў сканчэньня таргоў па адным з аўкцыёнаў. Выйграць яго яму ня склала цяжкасьцяў (ізноў жа з-за нязручнаша для іншых часу, блін).

September 4, 2009 - 7:30:29

Убачана ў Курасоўшчыне

Цэтлікі запісу: canon, прышпіл
Тупіцы вучацца пісаць

September 2, 2009 - 4:41:53

Шышкі на сацыяльным інжынірынгу

Цэтлікі запісу: мроі, заняткі, тэхналёгіі

Увесь набор лотаў «папярэдняга выданьня» адстаяў моўчкі і так сама моўчкі скончыўся безпасьпяхова. Перавыставіў некалькі штук наноў «проста так, каб было». Ну і некалькі новых марачак адсканаваў яшчэ, бо ў гэты дзень атрымаў неверагодную іх колькасьць ад чалавечка з Аўстраліі, імігранта з Украіны.

На наступны дзень зайшоў праверыць лёс «навічкоў» - не, ні фіга, усё глуха пакуль. Ну, карацей, усё як і мае быць. Але ж стаў глядзець маркі іншых… Бачу: нехта мэтанакіравана ставіць стаўкі на фаўну, ці нешта кшталту гэтага (ну, усё-такое-што-прыгожае-і-ўвогуле-дзяўчынкам-падабаецца). Ёлкі, а вось гэта ўжо сьвінства, спадарства!

Але разважыўшы цьвяроза, падумаў, што маіх лотаў яшчэ проста не заўважылі, бо яны далёка ў канцы. І тады ўключыў сацыяльны інжынірынг… emoticon

Не, я ня стаў «гуляць коштамі» ці «рэклямаваць», як тое прапануе аўкцыён як парады, калі таргі сканчаюцца безвынікова. Я… дадаў яшчэ больш лотаў. Што гэта дасьць? А дык я паставіў на іх меншы тэрмін, чым у тых, што ўжо былі. У агульным сьпісе, такім чынам, яны зьявіліся бліжэй да пачатку. А гэта трэба было, каб «засьвяціцца», пакуль яшчэ ня зьніклі патрэбныя мне пакупнікі (дзеля якіх усё й стваралася, зразумела). Заставалася толькі чакаць выніку…

І вось ён! 20 лотаў са стаўкамі (~ 41%), і яшчэ адзін выкуплены. emoticon Справа ж уся ў тым, што галоўнае, каб цябе твае лоты заўважылі, а далей ужо каму трэба - той знойдзе й усё астатняе.

Але вось ужо заўважыў першую (і пакуль што апошнюю) сваю памылку. Канечне, дагэтуль у мяне не здаралася, каб на лоце было больш за адну стаўку (цяпер такіх лотаў нават некалькі!). І вось час іх сканчэньня атрымаўся ня надта зручны для аднаго з патэнцыйных пакупнікоў. Найхутчэй ён не пасьпее пазмагацца за іх. Вось каб я іх выставіў на некалькі гадзін пазьней, выніковы кошт прадажы мог бы быць некалькі вышэй…






















Get free blog up and running in minutes with Blogsome
Theme designed by Helga Cleve

Custom Logo Design, Company Logo Design, Business Logo Design, Logo Designs.
Company Logo Design