Я ўжо выконваў ролю фатографа падчас вясельля SlyAlex‘а, а пасьля яшчэ падчас росьпісу ў аддзела ЗАГС Дзімазаўрыка. То ўжо да Алеся было не ў навінку. Але ён так прасіў, і я згадзіўся.
Сканчаўся кастрычнік, і дзьмуў халодны вецер. І кветкі з травой ужо былі не такія зялёныя, як улетку. Ды й людзі зьмянялі вопратку. А Іна пасьпявала зьмерзнуць падчас караценькіх выхадаў на вуліцу. І яны хуценька беглі ад машынаў у цёплае памяшканьне, і іхні настрой (асабліва Алесь) зусім не адпавядаў сьвяту. А ўсе родныя (і сьведкі) былі сьвяточна апранутыя, а я - як заўжды. І гэтак застанецца назаўжды ў іхнім сямейным альбоме. А пасьля мы яшчэ чакалі сканчэньня гэтай іхняй фотасэсыі, а далей ужо паехалі адрабляць мой хлеб да палацыку. І там я ледзь не аддаў Іне панасіць сваю куртку, але ў Алеся быў пінжак, і ў перапынках між пазіраваньнямі яна грэлася хаця б так. А нам усім астатнім было нармалёва, і яны доўга яшчэ пазіравалі б. Але больш нікуды яны не паехалі, толькі зрабіўшы, магчыма, кола па горадзе. А на вечар запрасілі пафоткаць на неафіцыйную частку.
Рэстаран быў заняты, і сьведкаў мы чакалі на вуліцы. І Іна зноў мерзла, паколькі не хацела зайсьці ўнутар памяшканьня, а Дзіма з Таняй не сьпяшаліся. Але ў бары я таксама даўно ня быў. Хоць там нічога й не зьмянілася. Нават Маша, якая не забылася, што для мяне азначае маскальскае пЫва; але ад гэтага яны прадаваць іншага, тым ня меней, ня сталі. Мы замовілі закуску і здабылі беларускае пітво. А Дзіма пасьля некалькіх чарак стаў ірвацца ў рэстаран, а маладыя - у танцы. Я уключыў далькажыка - і тэлефанаваньні пасыпаліся.
Андрусь сядзеў за барнай стойкай - літаральна за маёй сьпінай - але падысьці да нашага століку яму было цяжэй, чым патэлефанаваць. Папрасіў на наступны дзень узяць фоціка, а ўзамен пляснуў мне марціні. Таксама, здаецца, не беларускага. Ці тое я не распрабаваў, ці то сапраўды нічога не разумею ў адрозьненьні салодкага віна ад дарагога.
Фоціка Андрусь браў на свой ці то сэмінар, ці то выступ па тэме прафіляктыкі СНІДу. Да таго ж абяцаў аддаць адразу па вяртаньні. Прапаноўваў і мне прыняць удзел. Я падзякаваў і пайшоў "да сваіх". Што да вяртаньня фоціку ў тэрмін - надта ня верылася з папярэдняга вопыту, таму папярэдзіў яго, што ў суботу мне трэба быць зь ім у Берасьці. І назаўтра паўтарыў яшчэ раз, перадаючы, што вярнуць трэба адразу, як толькі вернецца.
У бары людзей набіралася, але добра, што ня так шмат, як звычайна падвечар. А пакуль маладыя разьміналі свае косткі на пляцоўцы, мы спусташалі сьвяточны стол. У рэшце рэшт усе здаволіліся, акрамя Дзімы, якога цягнула на працяг пасядзелак. Але іхнія з Алесем размовы пра аўтамабілі ніхто слухаць не хацеў. Мы праводзілі па чарзе ўсіх, хто быў бліжэй, і разышліся.

Андрусь фоціка ў той дзень не аддаў, канечне ж. Спаслаўся на каньяк. Абяцаў зранку ў суботу. У суботу, канечне ж, таксама ні слыху ні прослыху. Давялося патэлефанаваць самому - цягнік чакаць ня будзе. Гэтым разам ён спаслаўся на просып. Мяне гэта мала цікавіла ў сьвеце магчымасьці маёй паездкі ў Берасьце бяз фоціку, і я корчыў незадаволеную міну. Фоткі і відэа зь ягонага сэмінару (ці што там) паглядзеў пасьля. Пашкадаваў крышачку, што не паехаў. Паглядзець на шкаляроў - як яны там мітусіліся, гаманілі. На шкалярак - цікава, яны так у школу апранаюцца ці ўсё-ткі рыхтаваліся да вечара? Ды і ўвогуле - мой фоцік, здаецца, без гаспадара ня любіць фатаграфаваць нармалёва.
Алесь так прасіў прыйсьці да іх на сьвяткаваньне дахаты ў нядзелю і абяцаў "цеснае сямейнае кола", што само сабой вырашылася, куды паехаць сьпярша. А ў Берасьці я ня быў сам ужо шмат часу - а ў іх пасьля таго разгрому, што тварыўся ў цэнтры, шмат чаго зьмянілася. Я, праўда, глядзеў ня ў той бок: часу было мала.
Надвор’е паправілася. Гэтая перамена была такая нечаканая і прыемная. А лялечка у ружовым плюшы ўвесь час была побач. І мы так прабеглі цераз усю Савецкую, і ўзгадвалі аналяг яе ў Менску (і не знайшлі), і лавалі шабачак (але ня мелі чым пакарміць), і вывучалі расьліннасьць (ай, якая там расьліннасьць), і ўрэшце рэшт, калі ў мяне ўжо ўскіпелі ад шпаркай хады ня толькі ногі, але й мазгі, нарэшце выканалі праграму-максымум па абноўках маёй вопраткі і пачаліся насіцца так сама, але ўжо пад’еўшы і з клункамі. Праўда, пакуль мералі-прымяраліся,
Танька й так насілася (бедненькая) з маімі клункамі… А я не разумеў, наколькі бывае прыемна хадзіць па куплі.
З пакетамі цягацца засталося няшмат - усё-ткі без гарадзкога транспарту не абышліся. Забыўся папярэдзіць, што ў Берасьці аўтобусны і тралейбусны паркі так і не дамовіліся пра супрацу, таму квіткі набываць трэба асобна. Алесь нас чакаў, займаючыся сваімі справамі ў выходны дзень. Якраз паказаў сваю калекцыю значкаў Таньцы, пакуль мы дзяліліся навінамі. Ледзь ня пырснуў са сьмеху, калі Танька падзялілася ўражаньнем ад прагляду першага альбому:
- Нават словы знаёмыя знайшла.
-
Ну то вунь у гэтым яшчэ больш знаёмых словаў будзе.
Пакеты-то ў яго разгрузілі, а затое ён нагрузіў мяне ўзамен маркамі й значкамі. Як заўжды. Праўда, гэтым разам і яму таксама дасталося ад нас. Танька малайчынка. Не, ён у даўгу не застаўся. Мы пагрэліся гарбатай, бо сьпяшацца не было як. А яшчэ ён трываў без цыгарэтаў. Праўда, я б можа й не заўважыў, каб ён сам пасьля не сказаў. Алесь малайчук.
Па вечаровым гарадзкім парку там апошнім разам я блукаў амаль год таму. Узімку ён глядзіцца прыгажэй. А яшчэ таму, што тады было яшчэ сьветла. І людзей было меней. І можна было спакойна пасумаваць. А цяпер было добра што цёпла. І можна было не сьпяшаючыся паблукаць. І пастаяць ля возера. Качак гэтым разам таксама не было. Мы слухалі цурчаньне крынічак і пераклёкі варон. Яшчэ ў
Наталькі апынулася надзвычай шмат знаёмых, якія таксама адпачывалі ў парку. Мы не хацелі шумных кампаніяў і зь імі знаёмства не заводзілі. Урэшце сьціхлі нават птушкі.
Былі і каля Берасьцейскае крэпасьці, і каля Мухаўцу некалькі разоў, але сапраўды ў такі час сутак рабіць там не было чаго. Толькі ў аўтобусе па дарозе да Наталькі стаў адчуваць, наколькі я стаміўся. Добра быць чалавекам, які ня ведае наўпроставага маршруту цераз лесапарк і таму робіць такое кола. Вось гэтая дарога й стамляла найбольш. Парк воінаў-інтэрнацыяналістаў застаўся яшчэ адным месцам для Аладкі, каторае must be. Вавёркі, бярозавы гай, камары - рамантыка. А я-ткі паблукаў па ім па дарозе да Алеся.
Назаўтра дамовіліся выехаць на вакзал раней, каб сустрэць
госьця з Кыіву. Ня ведаю, што рабіў Алесь пасьля таго, як я заснуў, але спаў ён бы пшаніцу прадаўшы. Ранішні званок БелАнёлкі яго не абудзіў, а толькі перакуліў на іншы бок. На гаўканьне будзільніку ён не адрэагаваў аніякім чынам. Я сабраўся і паехаў на вакзал, каб не апынуцца апошнім з усіх. Наіўны - як я памыляўся… Наталька з Танькай і не зьбіраліся сустракаць цягнік. Яны палічылі, што цераз перавод стрэлак (так-так, акурат у гэтую ноч іх пераводзілі на гадзіну назад) можна паспаць падолей. Такім чынам, мы зь імі памяняліся месцамі. Добра, што я хоць прыблізна ведаў зьнешнасьць Жэні па апісаньні. Аднак на выхадзе з падземнага пераходу нікога падобнага альбо не сустрэў, альбо яны былі зь неадпаведнага памеру для такой вандроўкі багажом. Тады я вырашыў пашукаць шчасьця каля абменнага пункту і не памыліўся. Першы ж чалавек, на якога я падумаў, і быў Жэка. Перавод стрэлак не абмінуў і іх: каб не абагнаць графік, яны проста гадзіну стаялі на нейкім вакзале і тупа чакалі. Таму сядзець яму абрыдла. Мы выйшлі сустракаць дзяўчатак (вось у рэшце рэшт хто каго сустракаў) на сьвежае паветра. Не ў мяне аднаго з сабой быў фоцік.
Нарэшце можна было проста спакойна пасядзець і паспрабаваць дасьніць на плячку, чаго яшчэ не пасьпеў дасьніць у гасьцёх. Але электрычка - не пасьцеля, і пастаянна спаўзала. Галава.
Так. Гэта не па-хэмінгўэйску.
Ледзь пасьпеў угаварыць Таньку забегчы дахаты і павіншаваць яе запозьнена з днём народзінаў, як набегла знаёміцца радня. Я пахваліўся сваімі абноўкамі і адразу ж памяняў куртку - усё-ткі сьвята. У Алеся. Мы ўрэшце вырваліся і пайшлі ў абыход. І хоць я ведаў, што ў нядзелю кірмаш, усё-ткі мая кемлівасьць мяне гэтым разам падвяла. Толькі на наступны дзень, пасьля моладзевага, я прачытаў абвестку пра тое, што гарадзкія аўтобусы не маглі хадзіць па перакрытай вуліцы, а таму падвезьлі нас бліжэй да хаты. Усё было для нас.
Мы хутка прагледзелі кірмаш. Нічога асаблівага. Ну й добра, што ў нас была капэрта. Сьпяшацца не было куды. Мы абышлі саджалку кругом. Зайшлі на могілкі да маіх дзеда з бабай - а гэта ж было акурат на дзяды. Каплічка ўжо набыла сучасны выгляд, хоць яе зьбіраліся адрэстаўраваць. На бусьлянцы гэтым разам нікога не было. Але Танька пачаплялася да кацяняці (ці ён да яе?). І ўсё адно мы прыйшлі самыя першыя, яшчэ да саміх арганізатараў імпрэзы. Алесь прыехаў акурат пасьля нас. Уся моладзь чакала ў асобным пакоі, пакуль вакол усе мітусіліся ў апошных падрыхтоўках. На нас заходзілі паглядзець, але не чапляліся. І так было спакайней, але пра свой абавязак фатографа я ўсё адно не забываўся.
З Алесевымі бацькамі Таньцы нават давялося пагаварыць даўжэй, чым з маімі, і яна малайчынка. Пазнаёміліся зь Інай таксама, ды ўвогуле ўсім спадабалася. Першы раз мае пачуцьці ледзь не зашкалілі, калі я апытваў Іну пра гасьцей. Дайшла чарга да месцаў, дзе сядзелі мы.
- Гэта Танька. [skipped] і ўвогуле прыгожая, разумная, добрая. Як ты яе знайшоў?
Другі раз - калі ўжо на вуліцы мы разьвітваліся з Алесем і ягоным бацькам, і яны ўгаворвалі нас не сыходзіць, і прапанавалі падвезьці нас да вакзалу, і Алесь запрашаў да яго ў госьці яшчэ й на кватэру, і патлумачыў свайму тату, што мы яшчэ б хацелі пабываць шмат дзе, і ў рэшце рэшт так расчуліўся, што абняў нас як родных. Алесь малайчына. Ягоны тата таксама. На разьвітаньне малайчынка яшчэ пажадала ім усяго такога, чаго я ня ведаў сказаць.
Хату, дзе кватаруе Алесь, мы пабачылі здалёк. І наш басэйн таксама. І Танька сьпярша назвала яго лужынай. Мне ўжо страшна паказваць будзе нашае возера. Палацык паказваў на ўсялякі выпадак ужо зблізку. І парк. Двойчы. І ў парку затрымаліся. Дацямна. Было цёпла. І цішэй, ніж у берасьцейскім. Гэта адразу адчуваецца, як толькі зь яго выходзіш.
А шабачку я-ткі пакарміў. А Танька яшчэ ня ведала на той час, як ёй спатрэбяцца ўсе гэтыя смачняшкі і хацела ўсіх іх аддаць то нам, то скарміць каму-небудзь. Але яна малайчынка і слухалася. І пра гэты ўік-энд не засталося прыкрых успамінаў.