Скварка
Беларус адразу спытаецца: «А чарка дзе?» А ўсё там сама — у Вікіпэдыі, артыкул пра скварку ў якой стаў 30.000-м!
Беларус адразу спытаецца: «А чарка дзе?» А ўсё там сама — у Вікіпэдыі, артыкул пра скварку ў якой стаў 30.000-м!
Цяпер для пошуку ср**ых сайтаў ср**ых т. зв. «білярюскіх» банкаў, якія ня маюць чамусьці інтэрнэт-бачынаў беларускай мовай, ня трэба пераключацца на пошук на іншых мовах. Дастаткова зайсьці сюды і далей пстрыкаць хоць па ўсіх запар. 
Старонка на дадзены момант яшчэ зусім «цёпленькая» і не пасьпела як сьлед быць праіндэксаваная пашуковымі робатамі. Але разам мы робім Вікіпэдыю даволі рэлевантнай крыніцай, здольнай зьяўляцца ў першых прапанаваных варыянтах знойдзеных запытаў. У гэтым надзвычай проста пераканацца, паспрабаваўшы пашукаць хаця б, напрыклад, «Белаграпрамбанк».
Па выніках тэматычнага тыдню істотных артыкулаў беларуская Вікіпэдыя атрымала ганаровую адзнаку за значнае паляпшэньне рэйтынгу ў сьпісе Вікіпэдыяў паводле наяўнасьці і велічыні артыкулаў са сьпісу істотных. Ганаровая адзнака стала першай узнагародай беларускай Вікіпэдыі ў гэтым рэйтынгу.
У сэнсе - стараюся рыхтаваць інфармацыю на будучы дзень для «Дню ў гісторыі».
Ну вось і скончыўся тыдзень супольнай працы ў Вікіпэдыі над праектам «Грунвальд». Хоць і дацяміў я яго запачаткаваць ужо пасьля круглае даты (бо зразумеў, што сам не асілю ўсё зрабіць), тым ня меней ініцыятыва была ўспрынятая іншымі ўдзельнікамі з энтузыязмам. Супольная праца прынесла надзвычай плённыя вынікі.
Асноўная праца была зробленая літаральна двума-трыма ўдзельнікамі. Але й гэтага хапіла: дастаткова было крышачку скіраваць іхнюю працу ў патрэбнае русла, і ўсяго. Яскравым прыкладам гэтага стаўся артыкул пра места ў Славаччыне пад назовам Кежмарк, які я ў сьпіс на стварэньне дадаў яшчэ ў самым пачатку працы. Здавалася б, якое дачыненьне мае нейкі славацкі горад да Грунвальдзкае бітвы? Вось і ўсе так думалі, і вісеў бы сабе гэтак артыкул няствораным і далей, калі б не… Калі б нарэшце я, дапаўняючы артыкул пра «Вялікую вайну» (у межах якое, дарэчы, і адбылася Грунвальдзкая бітва), не памянуў пра тое, што ў Кежмарку за некалькі месяцаў да бітвы крыжакамі быў зьдзейсьнены замах на Вітаўта. І, як і чакалася, адзін з удзельнікаў адрэагаваў імгненна: артыкул пра Кежмарк адразу ж зьявіўся. 
Увогуле ў працэсе працы над Грунвальдам і вакол (а гэта насамрэч вельмі вялізная тэма) паўсплывала столькі новых цікавых падрабязнасьцяў і падзеяў, пра якія я ніколі ня чуў, што нават стала страшнавата, а ці асілім столькі? Паспрабаваў паспытаць дапамогі звонку. І тут зьдзівілі адказы знаёмых, якія матывавалі свае адмовы занятасьцю, недахопам досьведу гісторыкаў (а ў каго з Вікіпэдыйцаў ён ёсьць, цікава?) і да т.п. Ды і не абавязкова гістарычныя веды патрэбныя былі: не ставала артыкулаў і пра мясьціны, і пра культурныя падзеі, і пра мастацкія творы, і пра асобаў… Карацей, спраўляліся сваімі сродкамі.
Некаторыя артыкулы ўсё яшчэ патрабуюць стварэньня, некаторыя трэба папаўняць і паляпшаць. Карацей, работа не спыняецца, але цяпер ужо будзе весьціся не арганізавана, а «па меры мажлівасьці». Старонка праекту нікуды не падзенецца, так што сьпіс таго, што трэба зрабіць, заўжды будзе пад рукой. А вось некаторыя артыкулы палепшаныя значна, і ў першую чаргу, вядома ж, уласна пра Грунвальдзкую бітву. Па ім адным ужо можна напісаць рэфэрат у школу. J Праўда, збольшага з погляду польскіх і летувіскіх гісторыкаў. Таму, ізноў жа – праца далёка яшчэ ня скончаная.
Але сама ідэя супольнай працы аказалася такой удалай, што напрыканцы тыдню Грунвальду ўдзельнікі выказалі жаданьне распачаць працу над чарговай тэмай. Цяпер гэта сьпіс з 1000 артыкулаў, якія мусяць быць у кожнай Вікіпэдыі. Посьпехаў нам!Учора пабачыў, што гэта такое. Адразу бачны недахоп вопыту (!) ў параўнаньні зь іншымі ўдзельнікамі. Вядома ж, там прысутнічаў сам кіраўнік расейскае філіі фундацыі Вікімэдыя, пару адмінаў Вікіпэдый, неаднаразовыя ўдзельнікі Вікіманій і г.д., і да т.п. Але ўсё ня так страшна - яны адэкватныя людзі, бы мы з вамі.

Паколькі зь іншых падзелаў ведаю/знаёмы толькі з Васькам, разьвіртуаліўся са «сваімі» zedlik-ам, Wizardist-ам ды Яўгеніям. Ну і, як слушна заўважыла Гомелька (якая сябе - вядома ж, няслушна
- называе Хамелькай), зь ёй мы ўжо перасякаліся на абшарах посткросынгу. Дакладней, форуму.
Ну, пра Вікіманію-2010. Вікторыя выступала там з дакладам «From Russia with love and squalor: an overview of Russian Wikipedia». А яе аповед прыблізна паходзіў на «нам бы праблемы буржуяў». Цікавыя факты: самыя якасныя неабходныя артыкулы - у каталёнскім разьдзеле. Іншымі словамі, Вікіпэдыя на каталёнскай мове - самая якасная!
Дарэчы, у гэтым годзе Вікіманія адбывалася ў польскім Гданьску пад дэвізам «Free knowledge in the city of freedom». Як падумаў, дзе б такое гучала да месца ў Беларусі, стала
сьмешна нудна. Асабліва пасьля пачутага пра пэрспэктывы беларускага… зрэшты, пра гэта крыху пазьней. А вось у Польшчы, напрыклад, узровень разьвіцьця Вікіпэдыі такі, што там арганізацыі маюць права аддаваць 1% свайго падатку не дзяржаве, а… цяжка паверыць - фундацыі Вікімэдыя!
З нашай Вікімэдыяй ўсё будзе ня так… Расейцы доўга зьдзіўляліся нашай рэальнасьці, а нешта і для мяне дзікавата выглядала. Напрыклад, я нейк і не задумляўся, што дзякуючы дэбільнаму закону пра дазвол цэнзуры інтэрнэту ў нас цяпер няма Wi-Fi як такое - бо гэта ж бяз пашпарту можна было б выходзіць!
Даведаўся пра цяжкасьці рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў і пра тое, што ў нашых рэаліях прасьцей арганізаваць менавіта міжнародную арганізацыю, бо для яе дастаткова, здаецца, 10 чалавек зь Беларусі і 4 зь якое іншае краіны. Шкада толькі, што давядзецца каапэравацца з расейскай філіяй, удзельнікі якой чамусьці называюць нашую краіну Белоруссіей. З усімі выцякаючымі. Дастаткова зазначыць тое, што міжсобку ўдзельнікі розных разьдзелаў стасаваліся па-маскальску. Ужо пасьля, пабачыўшы на мяне-пафігіста, да нашае шчырае кампаніі беларусаў далучыўся Wizardist. А то б і слова не пачулі па-беларуску.
Wizardist, дарэчы, паведаміў цікавую навіну пра Picas-у. Аказваецца, там ёсьць магчымасьць прастаўляць ліцэнзыю на выпадак, калі хто схоча скарыстацца выявамі з майго альбому. То я ўжо паставіў у сябе ліцэнзыю Creative Commons - Attribution-NonCommercial-ShareAlike 3.0 Unported. Праўда, незразумела, якім чынам можна скарыстацца маім фотаздымкам, калі ён сам адлюстроўвае творы мастацтва, што ахоўваюцца аўтарскімі правамі? Ну вось нават гэты самы помнік, які я знайшоў непадалёк ад месца ўчорашняе сустрэчы. Мабыць жа, не прайшло яшчэ 50 год са сьмерці аўтара?
Цікавая практыка існуе ў ру-вікі (дзякуй, Васька). Калі няма вольнае выявы ў Commons, але ў артыкуле яна адзіная і ўяўляе з сябе нешта такое, без чаго артыкул абысьціся ну ніяк ня можа, дык дапускаецца зальціцё гэтага файлу ў саму ру-вікі з ліцэнзыяй fair use. Вось бы й нам было добра ўзяць гэтую ідэю на ўзбраеньне, а не сьпяшацца «адстрэльваць» такія файлы.

Крыху болей стаў разумець, чаму нельга проста ўзяць і тупа скапіяваць інфармацыю з сайту. Інфармацыя, разьмешчаная на ім, ня ёсьць свабоднай, калі гэта не афіцыйныя дакуманты (напрыклад, законы; так, праект закону - гэта яшчэ не афіцыйны дакумант і зьяўляецца аб’ектам аўтарскага права), дзяржаўныя сымбалі і ананімныя творы. Вось і даводзіцца ўсяляк вычварацца. Альбо максымум - прыводзіць як цытату. Зразумела, што цалкам артыкул у энцыкляпэдыі цытатай быць ня можа. Гэта было б непрыгожа.
Ну ў астатнім - усё як заўсёды. Арганізоўваць філію фундацыі ў нашай краіне будуць маскальскамоўныя з усімі адсюль наступствамі. Відаць, атрымаецца яшчэ адна грамадзкая арганізацыя, якіх шмат. Казалі пра тое, што трэба заклікаць грамадзтва да ўдзелу ў абодвух беларускамоўных падзелах, але якім чынам з такім стаўленьнем - невядома. Большасьць усё ж абмяркоўвалі апошнія навіны, плыні і цікавосткі ў маскальскамоўнай Вікі, дзе я пераканаўся, што нічога пра гэта ня ведаю. І гэта мяне зусім не засмучала.
Увогуле - разрыў між Вікіпэдыямі нашых двух краінаў такі самы, бы паміж расейскай і заходнімі, відаць. Бо шмат хто не разумеў нашых рэаліяў, у якіх даводзіцца працаваць. Дый нават Гомелька, якая, здаецца, ня так і далёка адышла (плённа працуе ў бе-вікі), пры аповедзе пра тарашкевіцкі разьдзел апэруе, відаць, нейкімі іхнімі лягендамі. Пра назвы местаў, пра талярантнасьць да вонкавых спасылак і г.д. Беларусы й тут ня могуць дамовіцца. Але пакуль што гэта дае нам магчымасьць не падзяляцца далей, а супрацоўнічаць, як ні дзіўна гэта гучыць.
А ў тым катле тым часам булькаў, чмякаў
Славуты б і г а с - першынец прысмакаў.
Баюся, што не перадам нікому
З гурманаў, а тым болей гарадскому,
Які ён смачны, пах які, бо мова
Не вынайшла ў сваім багацці слова
Для азначэння гэтай нашай стравы.
Каб ацаніць паэзію аблавы
І нашых песень, трэба жыць вясковым
Няхітрым побытам абавязкова,
Без сумятні і марнай беганіны,
Як і жывуць яны ў сябе, ліцвіны.
Калі ўсурё’з сказаць, то саладжава
Яго й хваліць ці трэба - гэта страва
Прыйшлася б нават каралю да густу.
А вараць проста: кіслую капусту,
Якая у сялян, па іх выслоўі,
Найлепшая пажыўнасць у здароўі.
Не менш гадзіны з добрым тлустым мясам
У печы тушаць ці над жарам часам
У сагане, пакуль з вяршка да нізу
Ўсю масу сок і тлустасць не праніжа.
Вось і гатоў ён, бігас наш, - зірніце,
А пах які - язык не праглыніце!
————————————————–
© Адам Міцкевіч, «Пан Тадэвуш»Пераклад Язэпа Семяжона
Учора гэта быў ужо чацьвёрты Пэсах на маёй памяці за два гады.
Фоткі, праўда, усё адно талковыя не атрымаліся. Можа быць, што-небудзь у Хрысьціны лепей пашукаць - болей сэнсу будзе. 
І, як заўсёды, рыхтаваліся ў апошні момант. Да таго ж яшчэ давялося некаторы час правесьці ў калідоры перад уласнымі дзьвярыма, такімі блізкімі, але такімі непрыступнымі. Шкада, што маем і іх пакоцанымі, і грошай паменела (маглі абысьціся толькі грашыма, каб я не паслухаўся прапановы заняцца дуратой).
Але, здаецца, нягледзячы ні на што, гасьцём спадабался.
Даволі нечакана прыдбаў на тамтэйшым імправізаваным рынку чарговы КПД. Але які!..
Як добра ўсё пачыналася… Я тады ўжо мог, хоць і не напоўніцу, перажываць падзеі тых дзён. А вось да сьпецгашэньняў мне было яшчэ вой як далёка.
Ад замочваньня гэтае капэрты мяне спыніў апошні погляд на яе ўжо перад ванначкай.
Колькі раней падобных капэртаў прайшло цераз мае рукі!..
А на гэтым спыніўся. Хоць і кітайскі, але яму лепей будзе ў новапачатай калекцыі, ніж у сьметніку.
Цікава, няўжо гэта пачатак прасьвятленьня?
Мая невялічкая выстава марак трапіла ў лік фіналістаў, якія будуць змагацца за USB-мікраскоп. Ну а там ужо такія годныя прэтэндэнты, якім прайграць зусім ня сорамна.
У пачатку месяцу езьдзілі дахаты, як звычайна, абодвума сем’ямі. На «пянькох», дзе прыпыніліся перакусіць па трасе, целяпаўся туды-сюды маленькі жвавы шабачка ды дахаты відавочна не сьпяшаўся. Найхутчэй яму не было куды сьпяшацца…
Але бачна было па ўсім, што да людзей ён прывыкшы, бо сьмела падыходзіў да ўсіх, хто там прыпыняўся адпачыць. Ды шукаў ён у іх ня ежы: мы прапанавалі і хлеба, і кавалак цеста – усё засталося на зямлі. Па ягонай дагледжанай поўсьці таксама можна было здагадацца, што ён прывык жыць у людзей. Таньцы стала вельмі ўжо шкада шабачку…
Цяпер ён жыве ў нашых бацькоў. Астатні кавалак дарогі ён ляжаў ці спаў ля маіх ног. А я думаў пра ягонае новае імя. Так ці іначай мы ніколі не даведаемся, да якога імя ён прызвычаіўся ў ранейшых гаспадароў і чаму яны вырашылі ад яго (шабачкі) адмовіцца. Дык можна, напрыклад, назваць паводле мясьціны, дзе яго падабралі – добрая памяць будзе пра паходжаньне. Неўзабаве пасьля працягу нашае паездкі мы прамінулі зубра, што на мяжы Менскай ды Берасьцейскай абласьцей. Так зьявіўся Зубік…
Нейкія памкненьні перайначыць імя Зубіка на свой лад былі ў той вечар, ды ўсё-ткі я ягоны прыёмны бацька, ці хто?!
Так усё і засталося, і назаўтра Зубік пацьвердзіў трапнасьць свайго новага імя, ператварыўшыся з такога спакойнага шчанючка на трасе ў сапраўднага гаспадара двару дома. Абгаўкаў усіх гасьцей, абкусаў тату.
Адным словам, усім спадабаўся…
* * *
На наступны ўік-энд меў супэрмаратон ва ўнівэры. Гадаўцы пачалі мерапрыемства на гадзіну пазьней, чым напісалі ў запрашэньні, і паўдня адвялі на напышлівыя прамовы і прапаганду маскальскамоўнай культуры ўнівэру. Праз гэта давялося правесьці тамака ўвесь дзень замест плянаванае паловы. Ну і два выходныя дні таксама…
Ці ня ўсе выкладчыкі ўпэўненыя, што частка завочнікаў кантрольныя працы будзе выконваць… скажам так, з дапамогай іншых людзей. Таму адразу папярэдзілі, каб хаця б разумелі сутнасьць таго, што ў кантрольнай напісана, і маглі яе пасьля абараніць. Кантрольных гэткіх проста нейкая навала. Ну і, як заўсёды, кожны выкладчык лічыць свой прадмет самым неабходным. Карацей, унівэр ад унівэру мала чым адрозьніваецца.
Хаця ўзровень тэхнічнай аснашчанасьці апошняга вышэйшы, канечне. Але можа ўжо і ў Берасьці тое самае, бо столькі ж часу прайшло…
Хоць і цяжка паверыць, што гэта ўсё даступна й нам, завочнікам: тут і басэйн, і інтэрнэт-бібліятэка, і шматлікія «гурткі па інтарэсах». Толькі пасьпявай іх наведваць у перапынках між працай, вучобай ды сном. Альбо замест яго. 
Некаторыя выкладчыкі яскрава выказвалі сваё стаўленьне да існуючага рэжыму. Дакладней, у тым сэнсе, што ўсе ўсё разумеюць. Але зьмяніць нічога не могуць, таму даводзіцца існаваць у такіх умовах, выжываць. Відаць, лёс наш такі на дадзеным этапе: выжыць, каб пасьля адрадзіць заняпалую культуру. Таму і беларускую мову і ад студэнтаў, і ад выкладчыкаў можна пачуць хіба што на ўроку беларускай мовы, ды й тое – ад выкладчыкаў збольшага трасянку, а ад студэнтаў – толькі некаторых. Во, вельмі прыгожае імя мае адзін з аднагрупнікаў: Алесь.
Вой, давядзецца, відаць, яшчэ пазмагацца за права вучыцца на роднай мове…
Нарэшце дайшлі рукі, і ад сёньня мая віртуальная філятэлістычная выстава праходзіць на MyPhilately, які так лагодна пагадзіўся прадставіць свае рэсурсы для ўсіх, хто патаемна жадаў, ды баяўся гэта зьдзейсьніць.
Увесь набор лотаў «папярэдняга выданьня» адстаяў моўчкі і так сама моўчкі скончыўся безпасьпяхова. Перавыставіў некалькі штук наноў «проста так, каб было». Ну і некалькі новых марачак адсканаваў яшчэ, бо ў гэты дзень атрымаў неверагодную іх колькасьць ад чалавечка з Аўстраліі, імігранта з Украіны.
На наступны дзень зайшоў праверыць лёс «навічкоў» - не, ні фіга, усё глуха пакуль. Ну, карацей, усё як і мае быць. Але ж стаў глядзець маркі іншых… Бачу: нехта мэтанакіравана ставіць стаўкі на фаўну, ці нешта кшталту гэтага (ну, усё-такое-што-прыгожае-і-ўвогуле-дзяўчынкам-падабаецца). Ёлкі, а вось гэта ўжо сьвінства, спадарства!
Але разважыўшы цьвяроза, падумаў, што маіх лотаў яшчэ проста не заўважылі, бо яны далёка ў канцы. І тады ўключыў сацыяльны інжынірынг… 
Не, я ня стаў «гуляць коштамі» ці «рэклямаваць», як тое прапануе аўкцыён як парады, калі таргі сканчаюцца безвынікова. Я… дадаў яшчэ больш лотаў. Што гэта дасьць? А дык я паставіў на іх меншы тэрмін, чым у тых, што ўжо былі. У агульным сьпісе, такім чынам, яны зьявіліся бліжэй да пачатку. А гэта трэба было, каб «засьвяціцца», пакуль яшчэ ня зьніклі патрэбныя мне пакупнікі (дзеля якіх усё й стваралася, зразумела). Заставалася толькі чакаць выніку…
І вось ён! 20 лотаў са стаўкамі (~ 41%), і яшчэ адзін выкуплены.
Справа ж уся ў тым, што галоўнае, каб цябе твае лоты заўважылі, а далей ужо каму трэба - той знойдзе й усё астатняе.
Але вось ужо заўважыў першую (і пакуль што апошнюю) сваю памылку. Канечне, дагэтуль у мяне не здаралася, каб на лоце было больш за адну стаўку (цяпер такіх лотаў нават некалькі!). І вось час іх сканчэньня атрымаўся ня надта зручны для аднаго з патэнцыйных пакупнікоў. Найхутчэй ён не пасьпее пазмагацца за іх. Вось каб я іх выставіў на некалькі гадзін пазьней, выніковы кошт прадажы мог бы быць некалькі вышэй…
У першы дзень мінулай зімы я напісаў Санце ліст…
Як я ўжо паведамляў раней, Санта абяцаў адказаць кожнаму, хто напіша яму ліст, неістотна, якім чынам: ці то на паперы, ці электронны. Але ж я хацеў марачку з месца жыхарства Санты і таму стаў чакаць капэрты ў адказ…
Думаю, што больш чакаць няма куды: ужо ня тое што паўгады, а 9 месяцаў амаль прайшло…
Усё, я болей ня веру ў Санту. 
Ды мне ўжо лістоў хапае і ад шчырых людзей. Філятэлістычнага матэрыялу столькі, што не пасьпяваю проста разгрэсьціся, ня кажучы ўжо пра тое, каб вывучаць. Вось учора, прыкладам, атрымаў сярод завалаў аўстралійскіх марак аднаго (а мо’ й некалькі, толькі яшчэ ня ведаю) Нобэлеўскага ляўрэата-урача…
А таксама марку ў гонар 100-годзьдзя нейкае Y•M•C•A (так надрукавана на марцы). Як… ммм… чымсьці чуў, вырашыў даведацца пра яе паболей…
А гэта грамадзкая арганізацыя, што ўвасябляе хрысьціянскія прынцыпы ў жыцьцё праз разнастайныя аздараўляльныя праграмы для духу, душы і цела. Во як. Сто год ужо споўнілася ў 1955, значыцца, на цяперашні момант YMCA існуе ўжо 154 гады. Як далёка нам яшчэ да цывілізацыі…
200 адасланых паштовак на посткросынгу. Да яго (юбілею) я прышоў 12-м па колькасьці і 8-м па сумарнай адлегласьці.
Дык цяпер значна звузіўся выбар марак, прыдатных для перасылкі паштовак не ў капэртах. Абрыдлыя «вывад савецкіх войскаў з Аўганістану» падыходзяць па намінале, але не па духу. Значыцца, будзем капа́ць. 
Надоечы вырашыў напісаць хлапаку грунтоўнаму калекцыянэру з Бэльгіі з прапановай памяняцца. Я ведаў, што ён зьбірае беларускія маркі, а мне схацелася прыбалтыйскіх і з сэрыі "Эўропа", як ён рабіў і першым разам.
Але я ўжо спазьніўся… Ён адказаў, што беларускія маркі да яго паступаюць рэгулярна праз партнэра… зь Летувы.
Вось блін, гэта ж трэба, каб беларускія маркі перасылаў пастаронні чалавек, хай сабе і з суседняе краіны. А значыцца, яму ў сваю чаргу перасылае нехта зь Беларусі. І прычым перасылае не ў адзінкавым асобніку, а ў такой колькасьці, каб летувіс меў іх яшчэ на абмен. Тады ўвогуле не ўяўляю, у якіх маштабах іх набывае «першы паста́ўнік», то бок чалавек у Беларусі…
Але вось чаго той летувіс ня можа забясьпечыць Холгеру - дык гэта беларускія капэрты са сьпецгашэньнямі, адасланыя па пошце. Так што адна адтуліна ля мяне пакуль што засталася, хоць і не такая частая і аб’ёмная, як марачкі…
* * *
Ну а калі яшчэ паглядзець, колькі мы выдаткоўваем штомесяц на тэлефон…
То я яшчэ вельмі ашчадны ў сваім калекцыянаваньні. ![]()
Акрыяў МайФілятэлі. Праўда, усе мае апошнія пасты, як яні спадзяваўся, усё-ткі зьніклі.
Блін. А тамака ж быў мой поўны зьдзіўленьня запіс пра адкрыцьцё мной марачак Альбаніі і назвы самое Альбаніі на арыгінале; скаўты зь Вялікабрытаніі… што яшчэ?.. Давядзецца прыгадваць, што я тады сканаваў… Альбо забіць і не паўтараць іх наноў.
Першы дзень пачынаўся, як іншыя дні пачынае ад веку прырода… Мы яшчэ пасьпелі перад вечарынай памяняць колы на летнюю гуму (і тэхнік на СТА быў нейкі цікавы і цікаўны – відаць, такім чынам спрабаваў спадабацца; і зрабіў усё хутка, але там і работы было тае… а вось пакуль у чарзе чакаць давялося, дык я яшчэ пасьпеў схадзіць у лес, што там побач – дык там яшчэ сярод усюдыісных «турыстаў» з шашлыкамі сустракаюцца такія вялізныя птушкі і з такімі прыгожымі сьпевамі… і там такая заваблівая сьцежка ў глыб лесу была – вось жа як-небудзь трэба будзе праехацца там, падыхаць сьвежым паветрам, пакуль да яго яшчэ не дайшла «цывілізацыя», што літаральна ў некалькіх кроках ужо), і адмыць сваю «новую старую» лядоўню, а заадно й вокны, ад атрутнага сіняга пылу («неатрутны» застаўся), прыпаркавацца крыху далей за месца «дысьлякацыі», забегчы на знойдзенае па дарозе паштовае аддзяленьне і аплаціць мае набытыя марачкі за пяць хвілінаў да закрыцьця, сустрэць сп. Антона ды Натальлю, нарэшце адшукаць, дзе ж той касьцёл Сьвятога Роха (ух, які прыгожы!), пашкадаваць пра адсутнасьць Руфіны (зрэшты, гэта ж ёй трэба шкадаваць, што яна не прысутнічала пры гэтым…) і нарэшце мы прыйшлі.
Цяпер ужо, гледзячы з вышыні свайго ўласнага вопыту (але пра гэта будзе далей), станае зразумела, чаму ў такой спрошчанай манэры мелі мы першы сэдар на Пэсах. А там жа кампанія сабралася болей «свая», чым будзе назаўтра ў нас… Так што нам было яшчэ лягчэй «адаптаваць» парадак цырымоніі да нашых рэаліяў. Але ж затое «ў іх» не было тае смачнае працэдуры наталеньня жывату… Але й усяго таго, што зрабілі тамака дзяўчаткі-вядоўцы, было дастаткова, каб запаліць агонь у сэрцы… Толькі выйшаўшы, зьдзейсьніў пару тэлефанаваньняў, каб высьветліць, каго варта чакаць назаўтра на аналягічную вечарыну да нас дахаты. Ну а пры гэтым мы з сабой ужо мелі габрэйскую музыку, сцэнар сэдару і тэарэтычны досьвед у выглядзе прысутнасьці на першай падобнага роду вечарыне. Назаўтра тэарэтычны досьвед было вырашана любым чынам ператварыць у практычны… Бо пасьля і Пэсах можа скончыцца…
…Гаспадынька спазьнілася з танцаў на вячэру першай.
Праўда,
Танька яшчэ заяжджала за іншай Танькай, якая даведалася пра свой удзел у вечарыне ня болей як за дзьве гадзіны, так што спрацавала даволі апэратыўна, а яшчэ ж дапамагла разыграць іншых гасьцей, няблага інсцэнаваўшы набыцьцё ў нас хамэцу.
Сярога на наступны дзень цалкам сур’ёзна пытаўся, ці забрала Танька той хамэц, што «набыла» ў нас (назваўшы яго харорам).
Апошняю спазьнілася Ксюшка, і ня дзіўна – яна-то пра свой удзел у сэдары даведалася хвілін за сорак да пачатку, так што цалкам даравальна.
Добра тое, што ўвогуле яна згадзілася нечакана для нас. Але на яе, зразумела, гэткі магічны ўплыў аказала чароўнае слова «Пэсах», так дарэчы сказанае Танькай у слухаўку. Болей нічога можна было не казаць – Жонка_енарала, высьвятляецца, няблага ведала гісторыю і традыцыі габрэйскага народу й так, але ж з часам усё забываецца. Дык хай гэта стане штуршком да далейшага вывучэньня… А ўчора яна задаволіла Сярогаў інфармацыйны голад, якому стала цікава самому, відаць, што гэта ўсе вакол успрымаюць як належнае, а ён нічога не разумее. І вось тады ён уключыўся ў нашую гульню.
Але ж гэта была не зусім гульня – бо ўсё-ткі сэдар мы выканалі як магчыма набліжана да аўтэнтычнага габрэйскага. Найперш гэта было заўважна з прыкідаў, а яшчэ… з думак прысутных «ну калі мы ўжо пачнем нарэшце есьці?», якія яны выказвалі нават услых. Разважаючы цяпер, прыходжу да высновы, што галоднае чаканьне ў нейкім сэнсе таксама ёсьць істотным пунктам традыцыі сэдару, які ўвесь цалкам ёсьць успамінам пра часы жыцьця за эгіпецкімі фараонамі і па выхадзе з Эгіпту ў Эрэц-Ісраэль.
Не-гульнёй нашая вечарына была яшчэ й таму, што некаторыя госьці нават занатоўвалі габрэйскія назвы прысутных на стале страваў ды іншыя азначэньні. І занатоўвалі не дарма, між іншым, як высьветлілася пазьней: пытаньні ў «Брэйн-рынгу» датычыліся таксама і некаторых з гэтых словаў. З дапамогай вядоўцаў і каманды, якая сьпярша вырвалася ў лідары, але потым разгубіла сваю перавагу, перамогу атрымала дружба – памятныя падарункі дасталіся ўсім. І гэта нават ня ежа. Хаця ежы засталося даволі, але ўсе, відаць, наеўшыся харосэту (а мо марору?), астатняе ніасілілі. 
Марор увогуле быў агнём вечарыны і ў простым, і ў пераносным сваім значэньні. Прычым як нашае вечарыны, так і тае, першага дню сэдара. З такім праяўленым ажыятажам да яго магло на ўсіх не хапіць, так што добра ўсё-ткі, што па сэдары на стале павінна быць сем страваў, а не адзні марор ці чатыры, напрыклад (чатыры – гэта нейкі таксама сакральны лік у юдаізме, я так зразумеў – чатыры кубкі віна/соку, яшчэ недзе ўжываўся…).
Пасьля таго, як госьці разышліся і пачалася самая непрыемная частка абодвух дзён сэдару – прыбіраньне са стала – тым ня меней сваімі водгукамі госьці нам гэты абавязак значна палегчылі. Танька выказалася ў машыне, пакуль ехала дахаты; Ксюшка ледзь пасьпела вылезьці ля хаты з маршруткі і адразу адзванілася, каб падзяліцца сваімі эмоцыямі, што заўважна ў яе пераліваліся праз край; сёньня «дапытаў» Сярогу, каб раскалоць і яго на тое, што ён думае пра ўсё гэта. Задаволеная была, зь ягоных словаў, нават Волька. Хоць ім, канечне, гэта было найменей з усіх зразумела. Ну нічога, цяпер і яны наблізіліся да асэнсаваньня «значнасьці моманту». Сёньня акрамя таго даведаўся шмат новага і дзівоснага пра Жонку і адкуль у яе такія энцыкляпэдычныя веды.
Адным словам, найлепш ахарактарызаваць гэтыя выходныя так: вы многа страцілі, што не былі там. ![]()
Ну што ж, нечакана.
Прыйшоўшы крыху са спазьненьнем на "Беларускі дух", думаў, што там ужо скончаныя арганізацыйныя і падрыхтоўчыя апэрацыі, малітва, і ўсе сядзяць і гамоняць, папіваючы гарбату. Але гэтым разам усё было не як заўжды. У чаканьні мяне сядзелі… тры чалавекі.
Значыцца, засталіся самыя стойкія. Што ж, у рэшце рэшта сходка прайшла як звычайна, а па колькасьці людзей мне нават болей спадабалася. Бо трох чалавек перакрычэць прасьцей, чым большы натоўп. Дык нават нягледзячы на тое, што тэма была не асабліва цікавая (пра гарады), дык і я здолеў уставіць свае пяць капеек да аповеду кожнага з разказьнікаў, грунтуючыся на ведах з галіны агульных ведаў (даруйце за калямбур), прыдбаных, у сваю чаргу, апошнім часам.
Астатнія проста ня ведаюць, што яны губляюць. Вось толькі б гэтых людзей, што ходзяць стала, неяк яшчэ болей зьяднаць…
Люблю атрымоўваць лісты з усяго сьвету.
Кожнага разу, як бываю на пошце, зазіраць у скрынку і бачыць яе не пустую.
Хаця б з-за гэтага варта было далучацца да посткросынгу (для несьвядомых
).
У якога, дарэчы, нядаўна здарыўся невялічкі юбілей: 1000 атрыманых адным чалавекам паштовак!
1000 адасланых ім жа было крыху раней. Відаць, прапусьціў гэты момант.
Але памятаю, што сярод тае тысячы адна дасталася й мне. Узгадваем.

Get free blog up and running in minutes with Blogsome
Theme designed by Helga Cleve