Coinsidence or conspiracy?
Хто яшчэ, акрамя Аляняткі і Аладкі, ведае «чымбрэчыка»?
Нечакана для сябе знайшоў у rss-стужцы водгук пра сканчэньне апошняга, шостага сэзону, а зь ім і ўсяе эпапеі «Згубленых». Прычым ад чалавека, які піша, як мне здавалася, выключна на рэлігійныя тэмы. Бо й блёг ягоны тэматычны - «Эвангельскі аванпост». Але гэтым разам я прачытаў ягоны запіс да канца, каб упэўніцца, што я не адзін такі. Адным словам, пераклад запісу Шэйна Патэрсана «Farewell to LOST».
Эпічна.
Гэта першае, што прыйшло мне ў галаву пасьля сканчэньня «Згубленых». Было шмат эмоцыяў, трыюмфу, яшчэ некалькі пытаньняў вырашыліся, і, у рэшце рэшт, сканчэньне. Так, на мае вочы недзе апошнія 10 хвілінаў фіналу навярнуліся сьлёзы. Хоць я не адношу сябе да заўзятых фанаў гэтага сэрыялу, я правёў цэлы вечар у спробах узламаць код на ўэб-бачыне Dharma Initiative, што паўстала падчас другога сэзону. Так што я недзе паблізу. Шмат хто ў пастах арыгінальна праводзіць глыбокі разбор фіналу. Тыя, хто не глядзеў LOST (так, ёсьць тут такія), могуць пацікавіцца, ці варта ім пачынаць праглядаць увесь сэрыял зараз. Мой адказ «ТАК!» І вось чаму.
У цэлым, LOST быў выдатным, бо:
1. Сюжэтная лінія ахоплівала ўсе сэрыі. Я часта пасьля чарговае сэрыі праводзіў дзень у роздумах, каб раскласьці ўсё ўбачанае для сябе па палічках. Шоў сьмела сумяшчала падарожжы ў часе і «альтэрнатыўную рэальнасьць». У большасьці сэрыялаў вандроўкі ў часе адлюстроўваюць благі стыль сцэнару, альбо спробы замаскаваць благі сэзон добрай мінай. Са сваёй і так закручастай сюжэтнай лініяй, LOST здолеў прадставіць часавыя перамяшчэньні у вельмі упэўненай манэры.
2. Аповед факусуецца на пэрсанажах: мінулым, цяперашнім і «паралельных варыянтах». Ня мае значэньня, наколькі лінейнай можа быць гісторыя ці сюжэт, бо асоба нашмат больш цікавая. Усе пэрсанажы, незалежна ад таго, якую яно дачыненьне маюць да выспы, займелі перадгісторыю, якая паказала ўплыў на паводзіны і змаганьне гэтага чалавека на высьпе. Кожная асоба займела шанец стаць лепшай, і я заўсёды запамінаў, дзе, калі і як яны да гэтага прыйшлі.
3. Гэта пэўна было шоў «для мазгоў». Яно ўздымала пытаньні тэалёгіі, філязофіі, лёсу супраць ўласнае волі, рэлігіі супраць навукі, і г.д. Я нават не ўяўляў, колькі шмат усяго зьмяшчае сэрыял, пакуль не пачаў чытаць пасьляслоўе да эпізодаў Джэфа «Дока» Енсэна на EW.com. Нават як толькі палова знойдзеных у ягоных нататках спасылак слушныя, усё адно станае зразумела, што стваральнікі сэрыялу задумвалі скласьці суцэльную і лягічна завершаную гісторыю. (Напрыклад: зазірніце ў кнігу «Haroun and the Sea of Stories», якую Дэзманд чытае ў самалёце ў пачатку 6-га сэзону і паглядзіце, якія можна ў ёй адшукаць падабенствы).
4. Пытаньні ўсё яшчэ застаюцца. Спачатку гэта мяне раздражняла. Я высока ацаніў доўгае разьвіцьцё падзеяў і пастаянныя павароты сюжэту, але хацеў большага. Я хацеў канчатковага рашэньня / тэхнікі / альгарытму, якія б патлумачылі усе падрабязнасьці, кожную драбязу. Нават пабачыўшы, чым ёсьць «сэрца выспы» у фінале, усё што вы ўбачылі – проста аб’ект. Не было ніякага мудрацу, ані архітэктара матрыцы, якія б патлумачылі вам прынцыпы. На працягу сэзону можна было пабачыць падобную трывогу таксама і ў саміх герояў. У рэшце рэшт, стала відавочна, што нельга даведацца пра ўсё, у гэтым ці ў наступным жыцьці.
У многіх шоў на тэлебачаньні дастаткова паглядзець толькі апошнія сэрыі, ну ці прынамсі апошні сэзон, каб прыблізна ўнікнуць у сутнасьць рэчаў. LOST неабходна глядзець і абдумваць увесь цалкам. Ня ўсе адказы на жыцьцё прыходзяць адразу, і часам мы мусім прайсьці скрозь выпрабаваньні, каб знайсьці патрэбныя адказы. Сэрыял LOST паказвае гэта надзвычай яскрава.
Незразумела? На адрыў!«Выкручваю і станаўлюся на сьветлафоры з Маякоўскага. Масквіч ззаду нярвова бікае. Яму такія круцялі рабіць нельга, яму зайздросна. Купіў бы сабе ровар і езьдзіў бы як чалавек.»
Гэты альбом выйшаў не таму, што яго аўтар вырашыў распавесці навакольнаму свету пра свой багаты ўнутраны свет. Гэты альбом выйшаў не таму, што камусці захацелася зарабіць грошай або трапіць у выпускі навінаў. Гэты альбом выйшаў таму, што надыйшоў яго час. У гэты год, у гэты месяц, у гэты дзень, у гэтае імгненне. Прыйшоў час у поўны голас прамовіць тыя словы, да якіх Крывія ішла многія і многія гады…
…"Малітвы вайны" — паўнафарматны альбом Алеся Мікуса, лідэра гурта КРЫВАКРЫЖ. Не шукайце на гэтай кружэлцы прыгожых мелодый, салодкіх галасоў вакаліста, уражвальнай студыйнай работы або багатых аранжыровак. Не намагайцеся нават слухаць "Малітвы вайны", калі галоўнае для вас - гэта атрымаць задавальненне ад музыкі. Задавальнення не будзе. Не будзе "фармату". Не будзе клубных хітоў. Не будзе нічога з таго, што сёння асацыюецца з шоўбізнэсам. "Малітвы вайны" - гэта песні, што гучаць па вечарам ля вогнішчаў пад сценем святых дубоў Крывіі. "Малітвы вайны" - гэта маршы, пад якія героі новай Імперыі будуць уваходзіць у вызваленыя гарады. "Малітвы вайны" - гэта малітвы, якія зляцяць з матчыных вуснаў, калі будуць выпраўляюць крывічоў за славай…
Ух і доўга ідуць лісты ў Расею! Я ж думаў, што вернемся з выходных, а дома ўжо будзе чакаць ліст у адказ – але ж Вяруня толькі ўчора атрымала мой… Ну а цяпер пакуль яна яшчэ будзе спрабаваць зразумець тое, што там напісана…
Дык я ня стаў чакаць колькі месяцаў, пакуль справа дойдзе да наступнага ліставаньня. Ух, нагаварыліся!
Гэта ж ужо недзе два гады будзе з часу паездкі ў Маскву, атрымоўваецца. Адчуваецца нават з голасу, што Вяруня зьмянілася. Ну прынамсі мне так падалося, і гэта нармалёва, калі людзі зьмяняюцца. Ну, можа й не зусім з голасу, а хутчэй з гутаркі. Зьявіліся элемэнты «моднага падонкафскага жаргону», сьмех без прычыны. Ня ведаю, добра гэта ці блага. Канечне, дваццаці хвілінаў зусім недастаткова, каб зразумець чалавека. Мне недастаткова. Тым болей што гэта цудоўная чалавечка і добрая знаёмая. З такім чалавекам – дваццаць хвілінаў раз на год? Вой, добра, што яна сама распачала гэтую зацею зь ліставаньнем. Гэта ня так б’е па кішэні, як патэлефанаваць ды нагаварыцца. І марачкамі можна зьдзіўляць да таго ж. Я так і ведаў, што яны ёй спадабаюцца.
А яшчэ болей, мабыць, павінны спадабацца тыя, што пайшлі на другой капэрце. Адсылаў яе «пад дзень народзінаў», але з такімі тэмпамі, як у іх пошта працуе, «сюрпрыз» можа й спазьніцца…
Сюрпрызам сталася тое, што ейны дзядуля таксама зьбіраў марачкі, дык цяпер яны валяюцца ў шафе разам зь нейкімі каталёгамі. Маркі і каталёгі Вяруня выкідаць, па ўсім відаць, не зьбіраецца, але можа быць, калі нешта ёсьць цікавае, то каталёг прышле. Калі ж не каталёг, дык дамовіліся на кнігу па гісторыі Ізраілю, як ужо яна вырашыла заснаваць аналяг посткросынгу што да кніжак.
Такім чынам, цяпер пра ейную цікавую задумку кшталту буккросынгу-посткросынгу з улікам спэцыфікі сяброў. Кожны, хто падтрымае ейнае пачынаньне на старонцы Веры Бярлінаўны Ўпоперак, зможа абмяняцца зь ёй кнігамі. Памятаю, што кніга якраз і сталася маім падарункам ёйпадчас прыезду ў Маскву. Але ж не памятаю, што то была за кніга. А здарылася гэта наступным чынам…
Мы не маглі прайсьці міма кнігарні на нашым шляху, тым болей што гэта была ўлюбёная Вярунява букіністычная кнігарня, калі не памыляюся. У такіх месцах можна знаходзіцца гадзінамі… ну ці пакуль абед ня скончыцца прынамсі
(гэта з улікам маіх сёньняшніх рэаліяў). Відаць, наведаньне ў той раз было «не па графіку», таму прыдбаньне кнігі не плянавалася. Але ж паколькі я ў той краме яшчэ ніколі кніг не набываў, дык мы выйшлі адтуль з найлепшым скарбам, які надоўга застанецца ў госьцепрымальнага чалавечка ня толькі на палічцы, але і ў сэрцы…
Нядаўна давялося ў Танькавых старых знаёмых бачыць «фотасправаздачу» зь іхняе паездкі ў Маскву. Глядзеў на ўсе гэтыя «ўпрыгожаньні-фантаны-будынкі» і думаў, што такое вандроўкі, як у мяне, ні ў кога больш не было і ня будзе. А таксама адчуў, што хачу яшчэ ў Маскву. Каб ізноў НЯ трапіць у тыя мясьціны, куды імкнуцца турысты; каб паблукаць у цішы Вераб’ёвых гор каля страшна чорнае ракі-Масквы; у рэшце рэшт, каб проста пабачыць Веру…
* * *
Здаецца, я зрабіў падчас гэтага прыезду дахаты ўсё, што мог, каб пазьбегнуць паўтарэньня раней апісанай сітуацыі з сустрэчай двух маладых людзей у мэтро… Яшчэ перад Слонімам пачаў тэлефанаваць Алесю, і нагода была: мелася пытаньне пра «Аўдзі», у якіх ён «шарыць» болей, чым ўсе мы разам узятыя. Ды і нам бы можа пад капот залез з большай эфэктыўнасьцю, чым я. Алесь не падняў і не ператэлефанаваў ні гэтым разам, ні на наступны дзень, такім чынам ускосна адмовіўшыся ад сумеснага паяданьня смажанае на сьвежым паветры каўбаскі. Каўбаскі спадабаліся ўсім, дарэчы, і ўсе дзякавалі за гэта завочна Тамары Барысаўне. Вось толькі аб’есьціся імі ў такой колькасьці цяжка – трэба гэта наступным разам улічыць…
Дзімазаўрык падняў слухаўку толькі на другі раз, калі мы ўжо ехалі ў машыне дахаты. Шкада: першае тэлефанаваньне магло б стацца значна болей эфэктыўным у сэнсе сустрэчы, а каму й знаёмства. Бо ж ён вельмі быў зьдзіўлены пачуць нават імя
Танькі, ня кажучы ўжо пра іншыя навіны. Размаўляць у машыне «пра ўсё» ўжо не было як, таму разьвітваліся мы з пачуцьцём прынамсі недагаворкі.
Сёньня стаўся сьведкам выпадковае сустрэчы ў мятро старых, відаць, сяброў аднаклясьнікаў/аднагрупнікаў.
«Ініцыятар» сустрэчы увайшоў са мной разам і паклікаў іншага, які ўвайшоў на адной са станцыяў. Ну, далей падразумяваецца некалькі імгненьняў разгубленасьці, пасьля зьдзіўленьне на твары і – нарэшце – усьмешка (я мог бачыць толькі твар таго чалавека, да якога зьвярталіся). Некалькі стандартовых у такім выпадку пытаньняў («як маесься», «якім чынам ты тут», «што парабляеш», «дзе працуеш» і г.д.), абмен тэлефонамі. Той, першы, што болей быў дапытлівы, нагадаў чымсьці Дзімазаўрыка… Другі, адпаведна… Дарэчы, разгледзеў я пасьля абодвух, як яны сталі разам – таксама прыблізна аднаго росту… Дамовіліся: «Абавязкова трэба стэлефанавацца, тады і пагаворым падрабязьней».
А колькі часу таму такіх вось абяцаньняў «стэлефанавацца» ня трэба было даваць нават… Добра, калі гэтае абяцаньне проста абяцаньнем не застанецца.
Ужо недзе 1,5 тыдні не працуе MyPhilately.com. На шчасьце, мне крыху раней стукнула ў галаву, што няблага было б адрэсы сваіх… ммм… добрых знаёмых адтуль перанесьці ў афляйн. Акрамя таго, літаральна за некалькі дзён да крэшу адаслаў ім лісты з марачкамі/паштовачкамі/віншаваньнямі ці чым там яшчэ. Сёньня да таго ж адаслаў КПД па астраноміі і сваёй партнэрцы па раўнд робіну - яе адрэсу чамусьці таксама запісаў на цыдулцы ў той самы час. Спадзяюся, што нават і без досягу да сайту повязі між намі ня згубяцца - дзякуючы нашай суполцы мая калекцыя радуе вока болей і болей. Вось толькі лісты ад іх ходзяць рэдка, і нешта апошнім часам не чуваць зусім нічога…
Спадзяюся таксама, што і МайФілятэлі неўзабаве адновіць працу. Сёньняшняя абвестка там падае надзею, што нешта рухаецца.
А пакуль што ў адсутнасьць філятэлістычнага гуртку даводзіцца задавольвацца ліставаньнем на посткросынгу. Тут, канечне, паступленьні марачак адбываюцца ў значна меншых колькасьцях, затое рэгулярна. Але нібыта намеціліся яшчэ пару чалавек, якія жадаюць памяняцца.
Але гэтым разам я ізноў бы хацеў парэклямаваць паштовачку. Прыйшла яна ад чалавека, што працуе экскурсаводам у гэтай вось царкве.
Зусім выпадкова, гуглячы, дзе скапіяваць фінскую назву вёскі, дзе стаіць гэтая царкоўка - - натыкнуўся на бачыну ЮНЭСКА, дзе гэтая царква ўпамінаецца як… сусьветная спадчына. Вось так. Сусьветная спадчына як "выбітны прыклад тыпу пабудовы, архітэктурнага альбо тэхналягічнага ансамблю ці відарысу, што адлюстроўвае істотную(-ыя) стадыю(-і) чалавечае гісторыі".
Называная цяпер "Старая Царква ў Petäjävesi", яна была ўзьвіжаная прыблізна між 1763 і 1765 гадамі. Збудаваная ў традыцыі лютаранаў, зьяўляецца ўнікальнай для ўсяе ўсходняе Скандынавіі, спалучаючы рэнесансную канцэпцыю цэнтральнага плянаваньня царквы з гатычнымі скляпеньнямі, што існавалі ў гатычнай традыцыі.
Ну а далей ужо няцяжка было знайсьці і афіцыйную бачыну. Для тых, хто нічога не зразумеў у маім перакладзе вышэй. 
* * *
Усё-ткі, відаць, ня проста так мне сьніўся ліст ад Вяруні…
Некалі ў дзяцінстве трапляўся такі тэст-апытаньне: "Што вы будзеце рабіць, даведаўшыся, што ваш лепшы сябар ўжывае наркотыкі?" Не памятаю, што я тады лічыў для сябе і што рабіў бы на самой справе.
А вось цяпер - ведаю. Ну, тут справа не пра наркотыкі вядзецца, дзякуй Богу. І хоць учынак Андруся я ўхваліць не магу, тым ня меней, зараз ужо ня стану яго папракаць гэтым і тым болей пераконваць яго адмовіцца. Бачна, што яму й так зараз цяжка. А хоць і лічу гэты ўчынак няправільным, усё адно ён добры чалавечык і застанецца маім добрым знаёмым. І ня толькі за тое, што ён калісьці зрабіў нешта добрае ці быў іншы. А таму, што такія людзі на дарозе не валяюцца.
Радуе, што Валера незалежна ад мяне сышоўся ў разуменьні гэтае праблемы і так сама ставіцца да Андруся. І перажывае. Хоць царква, канечне, павінна ў любым разе больш строга ставіцца да падобных грахоў. Аднак Валера разумее, што на гэтым адносіны парываць ні ў якім разе нельга: калі чалавек адрынае чалавека, дык гэта ня так страшна, калі праз гэтую крыўду чалавек пачне адрынаць яшчэ й Бога.
Але ж гэта не галоўнае ўражаньне ад Віцянявага вясельля. Больш за тое, галоўнае ўражаньне - гэта нават ня тое, што ўласна Віцяня ажаніўся. А самае цудоўнае - гэта тое, што такія падзеі дазваляюць сустрэцца ўсім разам з добрымі знаёмымі. І вось гэта ёсьць вялізным плюсам вялікіх вясельляў з мноствам людзей. Шкада, што па зразумелай прычыне такіх нагодаў сустрэцца штораз станае ўсё менш… 
Апошнім разам так пабачыць шмат каго з унівэрсытэцкіх знаёмых давялося на вясельлі ВіКа й Лілі. Хоць пасьля гэтага быў яшчэ на такім сама вялізным вясельлі ў
Кацішчы , аднак там ужо чамусьці са знаёмых сустрэў хіба Базыліска…
Дарэчы, банк "Хрещатик" яшчэ круцей, чым я думаў самыя крутыя яйкі! Ён настолькі круты, што працуе нават у выходныя, калі не працуе нават дурацкая 500-я філія "Беларусбанку".
Ø Лятучы галяндзец даслаў на выходныя ліст. Неее, пакуль што толькі на е-мыла.
Затое я не чакаў, што ён вырашыць даслаць адразу недзе каля 80 сваіх марак! Значыцца, не дарма я завітаў у філятэлістычную краму – запаўняць новы альбом пачну ўжо зусім хутка. 
Ø Затое яшчэ больш пераканаўся (пасьля таго, як далучыўся да суспільства посткросэраў), як усё-ткі цяжка ў нашай краіне з прыгожымі паштовачкамі. Марак-то без праблемаў можна дастаць і на капэрты наклеіць, і ў калекцыю розных краінаў папоўніць… А вось як існуюць філякардысты (здаецца, так гэта завецца)? Такое засільле пошлых і проста тупых «віншавальных» паштовак з Расеі і некалькі паштовак з выявамі пераважна Менску – на паштовых аддзяленьнях. І гэта ўсё?! Астатняе даводзіцца шукаць па кнігарнях. Якія па выходных не працуюць. Якія прадаюць не паштоўкі, а цэлыя наборы на пэўную тэматыку. Памятаю, неяк тата дасылаў нам з камандзіроўкі ў Ерэване вестачкі поштай. З аднаго боку можна было пачытаць, з другога – паглядзець. І памяць якая засталася…
Ø Яшчэ разьвіталіся ўсе разам з братавай сям’ёй (так атрымалася) з Чыжоўкай, панастальгавалі пра падзеі, што там адбываліся. На апошні іспыт здавацца брат пайшоў сёньня сам…
Ø А я ж па дарозе зразумеў, чаму сустракаю то аўтазакі па дарозе, то натоўп мянтоў у аўтобусе. Яны таксама рыхтуюцца «адзначаць» Дзень Волі. Значыцца, сёньня ўвечары грымне. Вясна ўсё-ткі…
Зараз толькі трэба ўзгадаць…
P.S. Уга! Дарэчы! Як жа ж можна гуляць у УФА бяз Уфапэдыі!
Вось так, прыемна было нават узгадаць тое, што раньш было… І адначасна знайсьці столькі новае інфармацыі пра любімае. Прыдумаюць жа людзі, напрыклад, чарговую клёна-пэдыю.
А яшчэ ж у такім кароткім сьпісе нельга пералічыць усё, на што варта зьвярнуць увагу… Вось, напрыклад, тыя ж "Гяроі III" і, як выяўляецца, "Каралеўская ўзнагарода" была пачынальнікам гэтае сэрыі! А я загульваўся ёй да позьніх начэй і ня ведаў гэтага. Ці вось яшчэ "Заўтрашні вецер", першая, здаецца, гульня, што давала абсалютную свабоду яе галоўнаму пэрсанажу… Але гэта ўжо з пазьнейшых часоў. А да гэтага ж яшчэ доўга быў DOS, і гэта былі шчасьлівыя часы…
…А ў тым Мінску прапіска і гарвыканкам,
І Лядовы палац, і бэтонны паркан,
Зруйнаваных дамоў цені прывідныя.
І дзяцінства майго праляцелыя дні…
Горад руйнуецца будуецца. Паўсюль, дзе мы хадзілі, бэтонныя платы альбо драцяныя агароджы, пашпарты аб’ектаў, разкапаныя ямы і разкіданае сьмецьце. Ды іншыя атрыбуты новабудоўляў. Тут ніхто не разьвешваў на гаўбцах ці вокнах памерлых ужо будынкаў расьцяжкі з патрабаваньнем спыніць бязглуздае зьнішчэньне гісторыі. Тут проста ціха разбурылі паводле "генэральнага пляну рэстаўрацыі", які завецца "вялікія грошы і ні граму мазгоў".
Мяне не цікавіла, што будзе на гэтым месцы. Мяне засмучала тое, што ані я ня ведаю, ані нашыя нашчадкі ніколі больш ня ўбачаць таго, што там было. Што нават каштоўны гістарычны пляст зямлі будзе выкінуты на невядомую звалку ў невядомым накірунку і нікому зь іх няма да гэтага справы.
Я не хацеў пісаць гэты пост, калі б не…
Новыя беларускія показкі:
пра зьнесены флігель у Горадні:
- што праўда, той флігель XVIII ст. зьнесьлі?
- ды не, што ты, па-беларуску трэба казаць "падрыхтавалі да рэстаўрацыі"
Што ж, даводзіцца прызвычайвацца падымацца а 7-й раніцы. Дакладней, пасьля 7-й. Ну хоць крышачкууу… 
Яшчэ няблага б навучыцца. Дакладней, неяк пераразьмеркаваць свой час. Каб яго ставала яшчэ й на жыцьцё пасьля працы.
Жытло нечым нагадвае часы інтэрнату. Але цяпер сам сабе гаспадар. Ну, праўда, не зусім сам. 
Вось ня думаў, што зьнікне жаданьне адсыпацца па выходных. Дакладней, жаданьне-то яшчэ не зусім зьнікла. Але час не чакае.
А яшчэ пачынаю прыблізна разумець, што значыць жыць па сродках. У сэнсе - гэта-то зразумела. Вось як жыць у адсутнасьць сродкаў?..
Ну, гэта, зрэшты, усё не сьмяротна. Заўсёды ёсьць да каго зьвярнуцца. Усё з часам раскладзецца па палічках. Справа ў часе.
P.S. І столькі чэскага пЫва пастаянна мігціць перад вачыма… Калі я ўжо буду мець магчымасьць бачыць яго на сваім стале? 
Усё, нарэшце. Учора схадзіў на абед апошні раз. Чамусьці ў апошні дзень усім спатрэбілася бачыць мяне на працы. Затое нарэшце буду ведаць, што “Мядовая прэмія” вярнулася ў наша места пасьля гадавое адсутнасьці. Чакаецца таксама прыезд шмат якіх літаратараў. Відаць, дзеля таго, каб у бібліятэцы раптоўна не “прарвалі трубы”.
А пасьля абеду праведаў інспэкцыю па працы. Проста каб ведаць, дзе яна хоць знаходзіцца. Ну й ад кансультацыі не адмовіўся заадно. Абнадзеілі й там мяне. Значыцца, колькі дзён пачакаем.
Добра, што ёсьць з кім проста паблукаць і пагаварыць. Бо зранку перад працай зайшоў у краму – а адтуль Наташу, высьвятляецца, ужо перавялі. А ўвечары яна якраз гуляла ў цэнтры на сваім выходным. Ну, нейкія яе камплімэнты недарэчныя ў канцы перарасьлі ў пажаданьні нават; а яшчэ паблукалі ў мясьцінах, дзе я б яшчэ няхутка быў, відаць; рыбкі ў акварыюмах і ў нас ёсьць, высьвятляецца, толькі не на выставу, а на продаж. Ну і – сама спыталася, дзе я пляную быць на Новы год. То патлумачыў як мог. Спадзяюся, зразумела, хто ёсьць такая Танька. Ну й болей гэтай тэмы не краналіся.
Дарэчы, Новы год сам па сабе для мяне ня ёсьць нейкім адмысловым сьвятам. Ён для мяне існуе толькі ў повязі з Боскім Нараджэньнем, і нездарма ў Эўропе сьвяткаваньні пачынаюцца ўжо падчас куцьці, то бок на ноч з 24 на 25 сьнежня. Ну я яшчэ, відаць, улічваючы старое летазьлічэньне, працягваюцца да 7 студзеня, калі не памыляюся. Толькі, паўтаруся, для мяне тое, як сьвяткуюць эўрапейцы і (тым болей!) амэрыкосы, ня мае значэньня. Істотна тое, што ў гэтыя дні адбываецца не прыход новага году ці провады старога, а найперш – прыход Хрыста на зямлю.
Новы год жа хай прыходзіць з адраджэньнем прыроды.
На наступныя выходныя пасьля паездкі ў Берасьце былі шабачкі, шмат шабачак. І за гэта ніхто ня думаў іх ані біць нажом, ані кідаць галавой аб сьценку, ані марыць голадам. Наадварот - іх узнагароджвалі. Хаця тут, несумненна, нельга забывацца і пра іхніх гаспадароў. Праўда, яны былі не такія заўважныя, як іхнія гадаванцы: тут і пухлікі, і замухрышачкі, і кракадэлечкі… дакладней, цэлыя кракадэлі пацучыныя, гарцуны, пажмяклікі… Вось толькі пажмякаць да іх не пускалі самі гаспадары. 
Толькі другі раз за паўгады пабачыліся з
Жонкаю. І яна нават паводзіла сябе па-даросламу, хоць і гуляючыся з малой, хоць такая яшчэ маленькая… Абедзьве.
Хоць і радыя былі нас бачыць. І нават кот.
Праўда, мы зь ім не паразумеліся. Аднак вось у тэатры… ну, непрыгожа так рабіць - прасілі ж мабільныя тэлефоны адлучыць. Праўда, мы там былі толькі кропляй у моры (шкаляроў - тэатар-то быў юнага гледача). Надалей - альбо Жонка бяз мабілкі ў тэатар, альбо мабілка бяз Жонкі.
На наступны дзень было яшчэ больш знаёмстваў, новых і розных. Аднак сьпярша я усё-ткі пабачыўся (усяго толькі трэці раз за… хм… за год пяць знаёмства?
) з Гражынкай. Але ўсё-ткі слухаць асабліва многа не давялося - бо ў нас дзеля росказьняў ёсьць яшчэ й далькажыкі.
Па хатах нам было гэтым разам па дарозе, а па дарозе яшчэ нарэшце разьвіртуаліліся яны й зь
БелАнёлкай.
Нарэшце ўсе перазнаёміліся з усімі, пазапрашалі ўсіх куды ня позна, памарылі пра што-небудзь, паразважалі пра тое, што ў жыцьці бачылі…
Я нарэшце пабачыў чорную трусіху Грымзу… і маму.
А таксама пачуў колькі нечаканых (і прыемных) словаў у свой адрас ад сяброўкі. На тым і разышліся, а мяне нават падвезьлі да вакзалу на машыне ўсёй (дружнай) сямейкай. Відаць, за тое, што паўсталу зьеў. Каб астатняе не даеў ад граху падалей. 
Назаўтра прыпёрся здуру зраньня на працу - ніхто ні слыхам, ні дыхам, чаго я тамака забыўся. Каб ведаў, на ехаў бы на ноч гледзячы дахаты… Выслухаў нярадасныя навіны ад калег, пачакаў прыезду начальніка, апісаў сваё гледжаньне праблемы і пайшоў далей дасыпаць. Ды толькі дзе там - сон ужо перабіў.
Наконт нярадасных навін. Гэххх, ня думаў я, што перажыву каго-небудзь з нашых на гэтай фірме… Ажно вось увасьлед за Алегам сышоў і другі прадавец таго аддзелу. Значыцца, гэты ўрок іх нічому гэтых "капіталістаў" нічому не навучыў. У першы дзень выйшаў і атрымаў так, нібы мімаходзь, прапанову стаць кладаўшчыком на ўсе аддзелы.
Сёньня да гэтага дадалася яшчэ й пэрспэктыва сядзець друкаваць фотаздымкі. Цікава, што-то будзе заўтра.
Але самага істотнага-то я так і не пачуў. І не пачую…
А яшчэ проста так супала, што ў першы дзень працы быў яшчэ й нібыта дзень студэнта. То Алянятка палічыла гэта нагодай для размовы. Я ж нібыта таксама цяпер студэнт. Ізноў…
Не стае часу (а значыцца, жаданьня) ўдзяліць увагу старым знаёмым, ня кажучы ўжо пра новых. Вось так і перацякаюць "новыя" пакрысе празь некалькі месяцаў зносінаў у "старых", а значыцца, зь імі ўжо можна маўчаць і заводзіць новыя знаёмствы. Гэта я пра аську ўсё.
Але зрэдку яны вяртаюцца… Такім чынам, зьявілася нагода панастальгіраваць.
Больш за год таму, магчыма ўлетку, але можа быць і дзе-небудзь напрыканцы вясны, бо
Барабулька тады ўсё яшчэ сядзела ў Польшчы, а ў мяне большая частка рэсурсаў (і фінансаў) мабілкі выдаткоўвалася на жапарэз… Але ў тыя часы мне думалася зусім пра іншае… Каб схавацца дзе-небудзь ад сваіх думак, я вырашыў абысьці тады возера зь недасьледаванага боку. Ну, само сабой, бяз фоціку не абышлося. Праграму-мінімум (фарсыраваньне возера) выканаць не атрымалася - рэчка, што плаўна перацякала ў забалочаную мясцовасьць, аказалася даўжэйшай, чым думалася; праграму-максымум (зьнікнуць са сьвету ці зьбегчы ад сваіх думак) таксама пасьпяхова(?) заваліў. І вось калі, пакарміўшы ўдосталь на тым балоце камароў, стаў выбірацца ў адваротны шлях, у асьцы, якая чакала запушчаная ўвесь гэты час, амаль адначасна зьявіліся Барабулька з
Рысяняткай. Канечне, яны не маглі ведаць, наколькі яны мне ў той момант дапамаглі лягчэй успрымаць рэчаіснасьць паднялі настрой. Няма цяпер тае мабілкі, таго чалавечка (цьфу-цьфу-цьфу, яна то ёсьць, несумненна, і будзе яшчэ доўга, дай Божа!); з Барабулькай згубілі сталы кантакт і кропкі паразуменьня; ды й Рысянятка ўжо ня такая, якая была, калі я дадаваў яе ў іЛЖэ-сябры (а вось гэтая перамена да лепшага). Але мне пакрысе пачынае недаставаць зносінаў зь імі ўсімі…
Авіда,
Мулашка,
Алівія… Ці ня ў той пасьлядоўнасьці, але вынік будзе той самы. Першую дык увогуле нецікава стала чытаць у жж, але ж гэта не перашкода для далейшае перапіскі. Нібыта… Вось жа прыклад другое зь іх паказвае, што калі б не жж - то й ня ведаў бы нават, зь якога боку прычапіцца завесьці размову было б. Сама-то яна, хітрушка, не сьпяшаецца ў гутарку ўступаць чамусьці, і ўсё даводзіцца рабіць таму, каму прасьцей памаўчаць. Вось так і маўчым кожны сабе ужо мабыць апошні месяц…
З трэцяй знаёмства параўнальна нядаўна склалася, то яшчэ зносіны пакуль што такія-сякія маем. Заўчора няблага пагаварылі. Ну, адзін паслухаў, другі(-ая) пагаварыла.
Хоць і давялося ёй зьвесьці шабачак з прычыны недахопу часу й сродкаў, але відно, што тым ня меней чалавечык жывёлу любіць. Падзялілася любоўна пра сваіх гадаванцаў-пацукоў, а таксама высьветлілася, што не ў мяне аднаго жывуць мяккія шабачкі пад бок…
Як ні дзіўна,
Вера ўсё яшчэ не стамляецца радавацца за іншых і перадаваць ім прывітаньні пачкамі.
Відно, што чалавечык радуецца нягледзячы ні на якія свае жыцьцёвыя пэртурбацыі… Сьпіс "адпаднікаў" можна працягваць яшчэ доўга:
Дзінуля - посьпехаў у ахове сямейнага агменю;
Наталька - так прапушчу момант, як станеш сама чарговай ягонай ахоўніцай; Наташа - заходзіла нядаўна у госьці, і добра што па працы; Насту таксама больш цікавіць халяўная сэціва, чым што іншае… А вось наступная прэтэндэнтка на знаёмства аніяк у асьцы не зьяўляецца.
Можа, згуляць на ейных пачуцьцях дзеля дасягненьня сваёй (паганай) мэты?..
P.S. Паганая - таму што дзевачак лублу.
Дарэчы, успомніў яшчэ адзін момант з пагулянак па Маскве.
Мама
Веры ўспрымае ў штыкі любыя даччынавы сустрэчы зь незнаёмымі хлапцамі. Ды ўвогуле, відаць, з хлапцамі, але зь незнаёмымі - тым болей.
Калі Вера сказала маме, што вось, прыяжджае хлапец, якога я ведаю толькі па інтэрнэце і ня разу ня бачыла фотак, прыяжджае зь Беларусі, зь нейкага ледзь там ці не забытага Богам месца…
Маці адразу занепакоілася, са словаў Веры, а ці ёсьць мне дзе пераначаваць, а ці быў я да гэтага раней у Маскве і ці не сустрэць ёй мяне на вакзале самой з машынай, і ці не адвезьці да іх у госьці, ну і г.д.
І падчас пагулянак - калі Вера ня ведала, дзе якое месца, адразу тэлефанавала маме і тая з радасьцю ёй (нам) усё тлумачыла.
х х х
"Учора было сумна, і таму я хацела з табой пагаварыць". Бо ўчора на смс я не адказаў. Сёньня па слухаўцы стараўся "вытрымваць дыстанцыю". А на працы "быў заняты" і проста скінуў.
Ды што ж гэта такое?! 
Вярнуўшыся ўчора дахаты, застаў Дружка за працэсам бавеньня з… катом!!!
І я зразумеў, што яму даўно пара на прагулянку.
Так і мяне - калі Нехта ня выгуляе, таксама пачну да ўсялякіх котак прычапляцца.
P.S. Да прагуляць Дружка так і ня здолеў прачнуцца.
Мдзя… Зьяўленьне маё ў паліклініцы нават а 10-й гадзіне было таксама пасьпешным, а бацькі выпраўлялі сунуцца мяне туды за нейкім чортам яшчэ раней. Да таго моманту, калі я нарэшце дарваўся ўзяць у рэгістратуры картку, зразумеў, навошта людзям выкарыстоўваць яе як веер - сапраўды вельмі дапамагала. Але гэты быў усяго толькі першы кабінэт…
Заадно пасачыў за ходам касмэтычнага рамонту будынку паліклінікі, павывучаў іншыя будынкі, у якіх яшчэ не бываў (вох і параскідвала кабінэты паліклінікі гэтая перабудова), ну і насіўся ад аднаго зь іх да другога бы… ну, які-небудзь венік, адным словам.
Пасьля абеду засталося прайсьці ўсяго нічога, чым нямала зьдзівіў настроеную скэптычна маму. Пару разоў у бегатні, дарэчы, між кабінэтамі перастрэліся і перакінуліся колькімі словамі з адной прыгожай чалавечкай, якая таксама праходзіла медкамісыю і ўсё ў чарзе трапляла ці то перада мной, ці то пасьля. Але яна, відаць, стартавала раней за мяне, і таму па абедзе мы ўжо не пабачыліся…
Андрусь яшчэ вельмі цікавы чалавечык. Колькі разоў ужо пераконваўся - і гэты дзень ня стаўся выняткам - што ён тэлефануе да мяне спытацца што-небудзь датычнае працы акурат у такія дні, калі ў мяне выходны. Даводзіцца пасьмяяцца зь ім разам (каторы ўжо раз) і перанакіраваць яго да свайго калегі.
А калі нарэшце гэта ўсё пекла скончылася, дык пакуль на скутары - папёрся за горад вывучаць месца ўзьлёту/пасадкі дэльтапляну. Шкада, высьветлілася, што ў гэты дзень ён ня лётаў. Так і не зразумеў, дзе яго будзе шукаць пры жаданьні.
Наведаў па дарозе дахаты вузел электроннае сувязі зь вядома якою мэтай.
Там мяне абнадзеілі: мадэм яны прадастаўляюць бясплатна на ўвесь час карыстаньня adsl-ем. То бок абсалютна бясплатна. Ну ў сэнсе - калі абраць пэўны тарыфны плян. Чамусьці я менавіта яго й абраў.
Вольныя парты ёсьць, мадэмы таксама, здаецца; засталося толькі чакаць. Учора калега ўжо падключыўся. А на працы пачаўся кліенцкі бум па набыцьці adsl-мадэмаў.
На вечар засталося забраць нарэшце Валеравы кыеўскія фоткі і паказаць іх адразу Баранчыку з Настай, каб яны мне што-небудзь пракамэнтавалі. Фоткі зь іх рабіць, канечне, ня мела сэнсу, ібо гнусмас. Затое фотак зь іншых фоцікаў выбраць было ў каго.
Мдзя… Вось мне й давялося праводзіць ім экскурсыю па гэтых фотках; бо ўсё, што яны бачылі тамака са сваёй экспэдыцыяй, так і ня здолелі мне ўцямна адкамэнтаваць. Яшчэ раз упэўніўся, што мы значна болей атрымалі, паехаўшы асобна цягніком і правеўшы там 2 дні (дзякуй,
Аладка).
Дарэчы, усталяваны новы рэкорд па размовах слуханьні Таньку па тэлефоне. Дзьве гадзіны - такога выніку мы й блізка не дасягалі нават з… Прывітаньнямі, адным словам, завочна абмяняліся.
Учора зайшла-ткі на працу Наташа. Сама. Бо цяпер і нагода была (ну нібыта), а яшчэ сказала, што і надалей прычына будзе часьцей заходзіць. Гэта стаўся яе першы дзень працы цераз дарогу ад мяне.
Але ж зусім невыпадкова Рэнесансік папытаў у мяне пра Zenya…
І я так даўно аб ім нічога не чула.
Загарэлась, падумала, абавязкова яго знайду. Нават калі Мірку пампаваць прыйдзецца
Але, як гаворыцца, на лаўца і звер бяжыць. 
Niki (20:07:06 11/07/2007)
что нового у тебя?
zenya (20:08:12 11/07/2007)
та чтотут особо нового )
zenya (20:08:13 11/07/2007)
нас трое )
Niki (20:08:23 11/07/2007)
уже? O:-)
zenya (20:08:28 11/07/2007)
ну )
Niki (20:08:35 11/07/2007)
сын/дочка?
zenya (20:08:39 11/07/2007)
юлька)
Niki (20:08:46 11/07/2007)
поздравляю!!!
zenya (20:08:51 11/07/2007)
угу )
Niki (20:09:17 11/07/2007)
и насколько вы уже выросли?
zenya (20:09:37 11/07/2007)
мэсяц)
Niki (20:09:58 11/07/2007)
ооо! уже большие *THUMBS UP*
Niki (20:10:06 11/07/2007)
скоро папу за нос цапать будет
zenya (20:10:18 11/07/2007)
))
Вось так. Нас ставае больш.
З.Ы. А я вось думаю, можа й добра, што Жэнька раней нічога не казаў. Затое якую прыемную нечаканасць зрабіў! 
Яшчэ раз пераканаўся, што папса – ня тое, што здольна мяне прывабіць. Але чаго ня зробіш дзеля мастацтва большай глыбіні пачуцьцяў падчас наступнага перагляду сапраўднага шэдэўру – таго самага, ды ўжо ў «гоблінскім» перакладзе.
Між тым, узгадваў сваё знаёмства з клясыкай фэнтазы ад самага што ні на ёсьць клясыка гэтага жанру Джона Рональда Толкіена, па твору якога, уласна, і стваралася гэтая галівудзкая падроба. Хоць у казках усё па азначэньні павінна скончыцца было гэпі-эндам, я тым ня меней ніколькі не разчараваны тым хвактам, што ў адрозьненьне ад многіх і многіх маю магчымасьць параўноўваць. Ды, зрэшты, няма сэнсу казаць, што ніводзін фільм аніяк ня зможа пераўзысьці кнігу.
Дык вось. Нягледзячы на скрупулёзную прапрацоўку аўтарам сьвету гобітаў, воркаў і эльфаў; нягледзячы на дзіцячую наіўнасьць галоўных герояў раману на шляху да свае мэты; і нягледзячы на поўную і непаваротную перамогу дабра над злапідарам Саўронам, - пасьля сканчэньня прачытаньня мне хацелася скавытаць ад таго, што на душы скраблі каты. Не, не таму, што кніга скончылася. На працягу незьлічонае колькасьці старонак на маіх вачох нараджалася, гартавалася цераз нягоды і сталела Дружба абсалютна розных і несумяшчальных, здавалася б, (ня скажаш людзей, хоць гэта насамрэч ня мае істотнага значэньня) расаў. У фільме, дзе Пітар Джэксан зрабіў галоўным героем нейкае дзіцятка, гэты хвакт адыграе зусім нязначную ролю, і асабліва ніякавата глядзіцца ў заключных кадрах з галівудзкай (альбо а-ля Аліса Селязьнёва перад адлётам на машыне часу) усьмешкай скрозь сьлёзы Фрода Бэгінса (ён жа Сумкінс) для сваіх такіх сама маларосьлікаў…
А вось кніга прымусіла мяне (мажліва ўпершыню) задумацца, чаму гэтая Дружба, што прайшла цераз страты і сьмерць таварышаў, павінна сканчацца ў той час, калі нішто ўжо не пагражае ня тое што жыцьцю – а проста спакойнаму сну Братэрства кальца? Вось тая заключная маленечкая частачка кнігі, якая зьмясьцілася між зьнішчэньнем Мордару й адваротным бокам вокладкі раману, аказала на мяне найбольшае ўражаньне. І я ніколі не зразумею, ці Толкіен таксама задаваўся пытаньнем, чаму Дружба сканчаецца. Я ведаю толькі адно: калі б Аляксандар Дзюма жыў стагодзьдзем пазьней, ён бы дакладна напісаў «Міжзем’е 20 гадоў пасьля»…
Страляў збольшага па флёры, фаўне і антрапалягічных ляндшафтах.
Родная alma mater успрыняла, але ўжо не як свайго. Я не памятаў, каб кольвечы даводзілася вучыцца ў аўдыторыі, дзе заставаўся апошні тэст, а ніхто ва ўнівэры ўжо не памятаў мяне. Ды й шмат зьмянілася: яшчэ на вуліцы прыбіральшчыца, што даўно ўжо адвыкла ад падобнага сьвінства праз наплыў двуногіх, з праклёнамі зьбірала вакол прыступак недакуркі. Яны былі паўсюль. І сьцяна цыгарэтнага дыму ў туалеце з напамінам пры ўваходзе: “паліць забаронена”. Сорамна. Такога ў тым, другім унівэры сабе нават дуры дзеўкі не дазвалялі…
Як заўжды, мой нумар – самы любімы.
Такім чынам, сярэдняе арыфмэтычнае майго любімага нумару… Вой, гэта ж не матэматыка, а фізыка ўсё-ткі! Вось і аўдыторыя пераважна мужчынская (прычым такы яскравы кантраст з папярэднімі двума тэстамі…). Што адразу ж вылілася і ў роўна ўдвая скарачэньне людзей з “маім” прозьвішчам, і ў рознаполае суседзтва вакол… Зрэшты, яшчэ на аўтастанцыі аніякага ажыятажу не пабачыў, ды і ў электрычцы было зусім амаль пуста, нібыта й тэст праводзіўся ня ў гэты дзень.
На правядзеньне тэсту па фізыцы выдзяляецца найболей часу з усіх прадметаў – 4 гадзіны. Тым ня меней – і тут я ўжо дакладна не памыліўся з вызначэньнем часавае адлегласьці – першы чалавек здаўся (так, менавіта здаўся/склаў рукі/склеіў ласты і г.д.), як не прайшло шчэ й 5 хвілінаў ад пачатку. Гм, і ў гэтым ён быў не самотны… Было пару абітурыентаў у пагонах – яны таксама надоўга не засядзеліся. Сапі-не сапі, а забытыя формулы ня мае сэнсу зараз узгадваць, як раней не даўмеўся іх паўтарыць. Але затое, як што, цераз год буду ведаць, што мяне можа чакаць.
А надалей чакаюць ужо зусім іншыя клопаты… Добра, што застаўся ў Берасьці. Узгадаў, што даўно ня гутарылі нармалёва ў асьцы зь Юрасём, дык хуценька забабахаў заказік і папярэдзіў, што заеду забяру. Заадно й нагода будзе аддзякаваць нарэшце. Ну па дарозе з фотастудыі падмацавацца фаст-фудам яшчэ ж. Паштоўка з трапным апісаньнем характару Юрасю дала нагоду пасьмяяцца, а фотка… Хм, ну нешта падобнае да папугаяў на ёй ёсьць, канечне…
Далей ужо тыркаўся паўсюль з цяжкім пакункам неабходнага нам тавару, але ж мядовы фэст (не, так, фэсьцік) прапусьціць нельга – Міколе далажыў, што ён фактычна пражыў паўжыцьця дарма. Можа, наступным летам ужо не прапусьціць паўдзельнічаць. Хаця… беларускага нічога там пачуць не атрымалася. Ці гэта я можа ня ў той краіне жыву?..
Аніяк не магу прызвычаіцца. Мяркуючы па візытоўках удзельнікаў-прадаўцоў, уся гэтая дзея адбывалася ў нейкай маскальскай глыбінцы. Толькі гарэлкі хіба не было. А вось мёдам мяне пачаставалі, па вусах цякло і ў рот трапіла.
Ад “Сьвету мёду” недалёк заставалася да гарадкога парку, дзе я плянаваў пабыць у цішы, аднак не ўлічыў, што ў гэты дзень там адбываецца сьвяткаваньне нейкага ці то дню моладзі, ці то яшчэ нейкая п’янка гулянка. А вось сярэднявечная мода – гэта цікава. Найхутчэй за ўсё там будзе й… сярэднявечныя танцы каторыя.
Да гэтага дню я думаў, што бугурт – гэта добра адрэжысаваная пастаноўка. Аднак цяпер я быў бліжэй да месца баталіяў. Божухна, яны біліся не на жыцьцё, а на сьмерць! Усё, як і гадоў шэсьцьсот таму, толькі хіба што зброя незагостраная (і добра). Недзе ў гэтых ваколіцах павіталіся з
Валікам, жонку ягоную ня бачыў, а на дачку ўвагі не зьвярнуў: маленькая яшчэ
.
Дарэчы, Ціма зарганізаваў-ткі свой каляктыў сярэднявечных танцаў і пасьпяхова перадае ім вопыт, набыты ў “Берасьцейскім замку”. Настолькі пасьпяхова, што гэтага самага “замку” відаць на танцах не было, акрамя хіба што асобных людзей, якія былі ў Цімавай тусоўцы “на падтанцоўцы”. Бо відаць, што займацца ён пачаў нядаўна; шмат новых людзей прыйшло; ня ўсе яшчэ разумеюць, што трэба рабіць і зь якое нагі; але гэта – справа часу… Адно хвалюе: што ж сталася зь “Берасьцейскім замкам”?.. Ніхто ня мог мне пра гэта нічога ўцямна патлумачыць. “Ніхто” – гэта дзяўчына па суседзтве, што зацікаўлена сачыла за гуртом людзей у старажытных строях на чале з Цімонам, якія пад музыку спрабавалі сынхронна паўтараць адны й тыя ж рухі ды яшчэ пры гэтым пераканаць гледачоў, што яны таньчаць.
Адначасна яна нешта занатоўвала сабе на паперцы і крытыкавала танцы сваёй сяброўцы. Крытыкавала – маючы права – яна прадставілася харыёграфам. Думаю, што такі чалавек Ціме прынамсі на першыя час не зашкодзіў бы, а то й праўда – аніякае экспрэсыі, ня кажучы ўжо пра станоўчыя пачуцьці. Хіба што самім танцорам гэта прыносіць задавальненьне. Але, паўтаруся, па іхных тварах гэтага не было відно…
Такім чынам, гэты сурагат, як я і здагадаўся, адбыўся замест паказу сярэднявечных мод. Ну, зрэшты, гэта ня мела вялікага значэньня – я чакаў выступу “Літуусу”. На фаяршоў, натуральна, пасьпець ужо не было аніякае мажлівасьці. Ды й тут час падціскаў, а “танцоры” пачалі ўжо па другім коле свае скокі… Але ўсё-ткі баранавічкі гурт выйшаў на сцэну. Мдзя… Я думаў, яны хоць што-небудзь зьменяць у гэтым панаваньні татальнае русыфікацыі. Аднак ужо ў сьпіну мне ляцела агаламшальнае ў сваёй абсурднасьці: “полацкая цітрадзь”. Не пабачыў каго спадзяваўся, ды й тут яшчэ такое – нават пашкадаваў, што прапусьціў дзеля гэтага ранейшую электрычку. Усё адно фаяршоў бы аніяк не пабачыў.
Што яшчэ заставалася рабіць у напаўпустым цягніку, як не паспаць? Прыемна (і дзіўна ў той самы час), што перад нашым прыпынкам мяне абудзіла нейкая дзяўчына і папярэдзіла, што час выходзіць. Так і не зразумеў, хто гэта, бо пакуль прачухаўся, яна ўжо сышла і зьнікла на заднім сядзеньні легкавікую. Нават падзякаваць не пасьпеў… 
Get free blog up and running in minutes with Blogsome
Theme designed by Helga Cleve