We are the greatest!

August 16, 2009 - 8:47:07

Што ні допіс - то гатовы артыкул

Я пра блёг Глеба Лабадзенкі. Сёньня пра два ягоныя пасты.

Па-першае, запіс, які пацьвярджае, што ня мае сэнсу ехаць далёка, каб пабачыць нешта ўнікальнае. У Беларусі ёсьць уся Эўропа!

Ну, а другое - гэта з сучаснасьці. Нашай маразматычнай сучаснасьці, дзе адначасна існуюць Менск і ўсё-яшчэ-Мінск.

Шэдэўр ад ЖЭСаўцаў

July 12, 2009 - 12:13:11

Яшчэ крыху навінаў

Цэтлікі запісу: цікавосткі
  • А. Шадзько, высьвятляецца, працаваў у «Горкаўскім». Зьехаў у Маскву. emoticon
  • Чарговы тэст на беларускасьць. Ці анты-беларускасьць? Цьфу ты, антытэст. Вось!
  • Новыя 7 цудаў сьвету. У сьпісе 77 прэтэндэнтаў, як вядома, і Белавежа. 21 ліпеня застанецца толькі 28 «шчасьліўчыкаў». Галасаваць пакуль што можна за месца абвяшчэньня вынікаў выбараў гэтых самых цудаў у далёкім 2011 годзе. Праўда, арганізатары не абяцаюць, што тое месца, што пераможа ў глядацкім галасаваньні, станецца пераможцам абсалютным, але ну прынамсі адно зь першых месцаў павінны выбраць.

July 4, 2009 - 1:46:05

Скандынаўскія аўкцыёны ў Беларусі

Цэтлікі запісу: цікавосткі

Ня ведаю, хто зь іх першы, хто прэтэндуе на першынство, а які самы малады - зьмяшчаў у парадку азнаёмленьня. Цікава, што аўкцыёны №№ 1 і 4 працуюць цілодобово (слова падабаецца, у нас пакуль што такога прыгожага аналягу ня ведаю), а два астатнія (№№ 2 і 3) - толькі ў прыстойны час. emoticon

 

На "закапейках" і "шчасьлівымлоце" можна рабіць стаўкі нават па смс. Гэта атрымоўваецца яшчэ даражэй, відаць, чым проста сядзець у інэце ўтаропіўшыся ў манітор.

На "шчасьлівымлоце" можна выйграны тавар абмяняць… правільна, назад на стаўкі. emoticon

Я тут зараз дзялюся сваімі ўражаньнямі "на ляту", выкладаючы тое цікавае, што знайшоў на адным з сайтаў. Таму магчыма, што гэткія самыя магчымасьці ёсьць і на іншых аўкцыёнах, проста я іх не заўважыў.

 

Спадабаўся выраз аднаго з удзельнікаў форуму, на якім складаюць чорны сьпіс лахатронаў у сэціве: "можна толькі зьдзіўляцца прадпрымальніцкім здольнасьцям вытворцаў чыпсаў, што здольныя прадаць адну бульбіну па цане аднаго кіляграму бульбы."

Заўважыў, што зьвяртаюць увагу на нейкую таемную сувязь некалькіх расейскіх сэрвісаў па правядзеньні скандынаўскіх аўкцыёнаў між сабой. Ня ведаю, ці ў нас ёсьць такое. Але заўважыў на трох з чатырох анансаваных вышэй сайтаў удзельніка-пераможцу розных аўкцыёнаў зь нікам barazna. Вось і задумаўся: а ці ёсьць сярод "нашых" удзельнікаў боты альбо падстаўныя асобы?.. Каб ня быць галаслоўным, напрыканцы прывяду тры выйграныя "баразной" лоты.

 

Гэххх, і навошта яму столькі ўсяго? Хай бы падзяліўся чым-небудзь на справядлівых аўкцыёнах за палову кошту. :)

P.S. Пра справядлівыя аўкцыёны як-небудзь іншым разам. emoticon

P.P.S. Між усімі чатырма беларускімі сэрвісамі праскоквае дзе-нідзе адно агульнае падабенства: памылкі ў расейскамоўных тэкстах. Ну, зразумела, пра тое "падабенства", што ўсё на мове іншае краіны, я падразумяваю само сабой. Гэххх, прыдуркі…

P.P.P.S. Але затое хоць нейкі вынік: у нас нарэшце зьявіліся электронныя грошы EasyPayemoticon

June 30, 2009 - 19:12:03

Хто сьвяткуе Дзень перамогі 9 траўня?

Цэтлікі запісу: цікавосткі

8 траўня па ўсім сьвеце, за выключэньнем краінаў былога СССР, адзначаецца Дзень перамогі над фашысцкай Нямеччынай у Другой сусьветнай вайне. Разыходжаньне ў даце сьвяткаваньня Дня перамогі вынікае з таго, што на патрабаваньне Сталіна капітуляцыя гітлераўскай Нямеччыны была падпісаная двойчы.

Фактычна, баявыя дзеяньні ў Эўропе закончыліся 7 траўня 1945 году. На наступны дзень, 8 траўня, у Бэрліне быў падпісаны акт безумоўнай капітуляцыі Трэцяга Рэйху. Акт капітуляцыі, які быў пазьней названы «папярэднім пратаколам», ад імя нямецкай арміі падпісаў генэрал Альфрэд Ёдль у прысутнасьці амэрыканскага генэрала Ўолтэра Сміта і савецкага генэрала Івана Суслапарава.

У адказ на катэгарычнае патрабаваньне з боку Сталіна, позна ўвечары 8-га траўня (22:43 паводле цэнтральнаэўрапейскага часу або 00:43 паводле маскоўскага) падпісаньне капітуляцыі было паўторанае ў штаб-кватэры маршала Жукава. Паводле маскоўскага часу, гэта ўжо было 9 траўня. Гэтым разам капітуляцыю падпісаў нямецкі фэльдмаршал Вільгэльм Кэйтэль у прысутнасьці прадстаўнікоў ЗША, Вялікай Брытаніі й Савецкага Саюзу.

Варта адзначыць, што Дзень перамогі заўсёды адзначаўся надзвычай ўрачыста ў краінах камуністычнага лягеру. Асноўная заслуга ў перамозе над нацысцкай Нямеччынай прыпісвалася выключана Савецкаму Саюзу. Пасьля краху камунізму краіны былога сацлягеру пачалі адзначаць сьвята ўсьлед за заходнімі краінамі 8 траўня і ня так урачыста, як за савецкім часам.

9-га траўня Дзень перамогі па-ранейшаму адзначаюць Расея і некаторыя былыя савецкія рэспублікі.

Тым часам у Эўрапейскім Зьвязе 9-га траўня адзначаецца Дзень Эўропы, у гонар Дэклярацыі Шумана, абвешчанай 9 траўня 1950 году, якая заклікала да аб’яднаньня Эўропы і стала пачаткам руху да аб’яднанай Эўропы.

© «Радыё Свабода» (дастаў з кэшу)

June 8, 2009 - 21:36:18

А калісьці быў фотакрос…

Цэтлікі запісу: настальгія, цікавосткі

«Выкручваю і станаўлюся на сьветлафоры з Маякоўскага. Масквіч ззаду нярвова бікае. Яму такія круцялі рабіць нельга, яму зайздросна. Купіў бы сабе ровар і езьдзіў бы як чалавек.»

Незразумела? На адрыў!

May 24, 2009 - 21:32:17

Часта карыстаўся, ды ня ведаў, як правільна завецца

Чыгунная патэльня (з высокімі сьценкамі, цяжкая) - брытван.

via Бывай, мова

May 23, 2009 - 20:47:34

Гукаперайманьні

Гаворым з жывёламі па-беларуску

Кот

мяў-мяў, курняў; вур-вур

мяўкае, курняўкае, курню пяе; вуркоча

Сабака

гаў-гаў, ууу

брэша, вые, вяхае

Мыш

пі-пі-пі

пішчыць

Пацук

 

 

Сьвіня

рох-рох

рохкае

Карова

муу

рыка́е, мычыць

Конь

і-го-го, тпррр

іржэ, сапе

Каза

меее

мекае

Авечка

беее

бекае, бляе

Воўк

ууу

вые

Ліса

дзяў-дзяў

дзяўгае

Мядзьведзь

ррр

рычыць, раве

Алень

 

трубіць

Лось

 

трубіць

Жаба

ква

кумкае

Зьмяя

шшш, сссс

шыпіць, сыкае

Пугач

уфф, ку-га, угу

ухае, кугае, угукае

Бусел

клёк

клёкае, клякоча

Журавель

курлы

курлыкае, курлыча

Голуб

уррр, врр

буркуе, буркоча, варкуе

Гусь

го-го-го

гагоча, га́гае

Качка

кра-кра

крача

Курка

кудах-кудах, ко-ко-ко, квох-квох

квокча, сакоча, кудахча

Певень

кукарэку

кукарэкае

Зязюля

ку-ку, ку-ва

кувае

Салавей

шчоўк-шчоўк

шчоўкае, заліваецца

Верабей

чык-чырык

чырыкае

Жаўрук

 

цьвіркае, зьвініць, сьпявае

Дзяцел

тук-тук

стукае, грукае, доўбіць, дзяўбе

Драч

 дзярэ горла

крычыць

Дрозд

 

 

Крумкач

крум-крум

крумкае

Варона

кар-кар

каркае

Шпак

 

 

Бугай

 

скрыпіць

Сініца

ціў-ціў, цінь-цінь

ціўкае, цінькае

Глушэц

тук-тук

такуе

Цецярук

тук-тук

такуе

Кнігаўка

кі-гі

кігікае

Каня

піць

канькае

Перапёлка

 

плача

Чмель

бом-бом

бомкае, гудзе

Жук

жжж

жужжыць

Камар

ззз, пі-пі

зьвініць, пішчыць

Конік

 

стракоча

Цвыркун

цвыр-цвыр

цвыркае

Муха

зум-зум

зумкае

via Бывай, мова

May 22, 2009 - 2:08:38

Падрыхтоўка зьвестак для першага тэматычнага занятку

Цэтлікі запісу: цікавосткі

У наступны чацьвер тэма «Беларускае стравы» - заедкі. Гугаль выдаў усяго чатыры старонкі па запыце «беларускія заедкі»; зь іх дзьве аднолькавыя на розных бачынах; адна з чатырох не загрузілася. Ну а самая першая аказалася надзвычай цікавай і інфарматыўнай.

Па-першае, падзел страваў па ролі ў харчаваньні:

  • Прыварак
  • Закрась
  • Закалота
  • Затаўка
  • Валога
  • Прысмак
  • Прыправы

Па-другое, розныя спосабы цеплавой апрацоўкі прадуктаў:

  • смажаньне
  • абсмажваньне
  • падсмажваньне
  • пражаньне
  • сквараньне
  • падскварваньне
  • вараньне
  • тушэньне
  • смажаньне на ражне, варочаючы над вугольлем
  • вараньне ў люце (лют – герметычная апрацоўка прадуктаў у жары)

Разнастайныя рэцэпты беларускіх страваў. Ды іх там проста безьліч! Усе пералічваць няма сэнсу, а заедкі працытую. Гэта тое, выглядае, з чаго пачыналася харчаваньне. Ды й само слова «заедкі» пра тое, уласна кажучы, цьвердзіць.

БУРАК З ХРЭНАМ

Звараны бурак парэзаць саломкаю. На дробнай тарцы нацерці хрэну (2-3 ст. лыжкі). Бурак, хрэн, соль, цукар добра перамяшаць і заправіць алеем.

РЭДЗЬКА СА СЬМЯТАНАЙ І ЦЫБУЛЯЙ

У чорнай рэдзькі зняць шалупеньне, нацерці на дробнай тарцы, адціснуць сок (сок можна дадаць да мёду: добра дапамагае ад кашлю). Цыбуліну дробна пасекчы і зьмяшаць з рэдзькаю і сьмятанаю. Для мяккасьці можна дадаць цертую моркву.

КВАШАНІНА

Сьвіную галавізну і ногі вымачыць у халоднай вадзе гадзінаў з 5. Потым ваду зьліць, заліць халоднай вадою і давесьці да кіпеньня. Кіпяціць хвілінаў 10, зноў ваду зьліць. Галавізну і ногі прамыць вадою. Пачысьціць дзьве морквы, дзьве цыбуліны, пяць-шэсьць зубкоў часныку і разам са сьвінымі галавізнай і нагамі варыць гадзінаў пяць-шэсьць, дадаўшы соль, перцу гарошкам і духмяны лаўровы ліст. Калі мяса пачне добра аддзяляцца ад костак, закончыць варыць. Дастаць сьвініну, даць ахаладаць, каб пазбавіцца ад костак, парэзаць невялікімі кавалачкамі і раскласьці па глыбокіх талерках. Праз часныкаціснаўку на кожную порцыю мяса выціснуць па 1-1,5 зубкі часныку, заліць булёнам, пасыпаць дробна парэзанымі кропам і пятрушкаю. Ахалодзіць. Спажываць з хрэнам, гарчыцаю альбо воцатам.

САЛАТ СА ШЧЫПЯРОЎ ЦЫБУЛІ

Шчыпяры цыбулі абчысьціць, памыць, дробна парэзаць. У талерцы, пасаліўшы, даць пастаяць хвілін 15. Потым дадаць сьмятаны ці кіслага малаку, ці 1 ст. лыжку воцату, чорнага молатага перцу і алею, ці тварагу і сьмятаны.

 

Астатняе - тутака.

May 11, 2009 - 18:25:40

Вясельле па-беларуску? Гэта проста

Цэтлікі запісу: цікавосткі, Беларусь

Сьпіс людзей, якія аказваюць паслугі па правядзеньні вясельляў на роднай мове. Стыль - адвольны. Калі з кантактамі - значыцца, людзі самі іх пакідаюць. Карыстайцеся.

  • Наталюга з мужам.
  • Усевалад - беларускамоўны маршалак (вядоўца на вясельлі). Адэкватныя конкурсы, свая апаратура і музыка (ёсьць дэкаратар залі, калі трэба). Прыкладны сцэнар узгаднім папярэдне. +375 (29) 551 93 08.
  • Віктар Шалкевіч
  • Мікола. +375 (29) 612 49 83.
  • Ансамбаль «Янка» - вясёлыя хлопцы, некалі сьпявалі народныя песьні ва ўласнай апрацоўцы на Камароўцы. З хрысьціянскім ухілам.
  • Гузік. Праводзіць любыя сьвяты (юбілеі, вясельлі, дні нараджэньня, карпаратывы) для дарослых і дзяцей. Калі ў Вас няма грошай, каб зрабіць сьвята па-беларуску для дзетак, ўсе адно зьвяртайцеся, бо гэта ж нашы дзеткі. +375 (29) 775 70 76. E-mail: 7757076@tut.by
  • Наста - рэкамэндацыі, запрашэньні з Вашым фота; хлапечнік, дзявочнік (можна са стрыптызам); рэстаран, кавярня (можна ў намётах на прыродзе), дэкор памяшканьня; сцэнар, відэё, фота, настаўнік танцаў і г.д. +375 (29) 784 63 13; +375 (29) 9117887.
  • Айцец Андрэй Абламейка. Нечакана. Думаю, імя гаворыць само за сябе.
  • Тацяна Махнач - сьвяточная вопратка пад  мясцовыя строі, сцэнар, вядзеньне. +375 (29) 697 56 30; 241-23-33. Пэрсанальная бачына ў сэціве.
  • Невядомыя - праводзяць беларускае вясельле з элемэнтамі традыцыйнага абраду, народнымі танцамі і дудой. + 375 (29) 704 00 18.
Вясельле па-беларуску? Гэта цудоўна!

May 5, 2009 - 22:18:42

«Казкі беларускія»

Цэтлікі запісу: цікавосткі, Беларусь

У сэціве зьявіўся новы беларускі праект «Казкі беларускія» (kazki.by). Cайт прысьвечаны беларускім казкам для малых і дарослых, але й ня толькі.

Таксама на старонках прымаўкі, конкурсы, сцэнкі, показкі, загадкі, хуткамоўкі, калыханкі, прыпеўкі, лічылкі, розныя дапаможнікі для беларускіх бацькоў і шмат іншых цікавых матэрыялаў.

«Мы зрабілі праект з казкамі, трохі такі альтэрнатыўны, калі глядзець на беларускія дзіцячыя кніжкі, бо ён адрозьніваецца ад іх у першую чаргу кароткім «інтэрнэт-фарматам» казак, добрай падабранай ілюстрацыяй да кожнага артыкула. Мы хацелі, каб у маладых бацькоў была магчымасьць, напрыклад, узяць наўтбук замест кніжкі і прачытаць вячэрнюю казку дзіцяці проста з экрана, паглядзець малюначкі разам і г.д.» — кажуць стваральнікі рэсурсу.

Дарэчы, галоўны прынцып праекту — 1 казка ў 1 дзень. Таксама на «Казках» магчыма зарэгістравацца і публікаваць свае творы і навіны.

April 16, 2009 - 21:35:31

Бярозавы квас

Цэтлікі запісу: цікавосткі

Рэцэпт паводле дзядзі з Піцеру

Даўней сяляне на сенакосе наталялі смагу бярозавым квасам, нарыхтаваным увесну. Замест дубовае бочкі ўжываюцца цяпер шкляныя ды плястыкавыя слоікі ды банкі. На дваццаць літраў бярозавіку каліўца (ня болей за 5-10 грамаў у сухім выглядзе) дрожджаў. Пасьля гэтага закаркаваць посуд, накрыць цёмнай коўдрай і паставіць у цёплае памяшканьне на тры-чатыры тыдні. Надалей захоўваць можна ў склепе.

Да гэткім чынам прыгатаванага бярозавага квасу можна дадаваць хлебны квас (напрыклад, канцэнтрат) і цукар па смаку.

Замест дрожджаў дзядзя Жэня дадае па 10-15 разынак на літар бярозавіку. Квас можа захоўвацца да двух год, вось толькі незразумела - ці менавіта той, што бяз дрождаў, ці любы.
Шкада, карацей, што мы столькі бярозавага соку пасьпяшаліся выліць…

March 31, 2009 - 23:19:32

Справядлівасьць перамагае, калі за яе змагаесься

Цэтлікі запісу: photo, цікавосткі

Канечне, ужо самога выслоўя, вынесенага ў загаловак гэтага запісу, дастаткова.

 

Але ж да яго трэба было дайсьці…

 

А перад гэтым да мяне павінна была дайсьці паштоўка з Партугаліі.

Galo de Barcelos

Стала цікава, што ж гэта за ледзь не нацыянальны гярой-пеўнік. Шукаць доўга не давялося.

Пеўнік з Барсэлясу

Як цьвердзіць лягенда, у XIV стагодзьдзі пілігрым з Галісіі, што кіраваўся ў Сант’яга-да-Кампастэла, апынуўся ў Барсэлясе. На няшчасьце, якраз у гэты час там адбывалася вялізная гулянка, падчас якой у гаспадара хаты зьніклі сталовыя прыборы са срэбра. Самым "крайнім" апынуўся іншагародні госьць. Як ён ні сьцьвярджаў сваю невінаватасьць, як ні тлумачыў, што накіроўваўся ў Сант’яга-да-Кампастэла, каб зьдзейсьніць сваё манаскае абяцаньне, ніхто не хацеў яго слухаць. Небарака быў прысуджаны да павешаньня.

Помнік Панне Марыі і Сьв. ЯнуПерад выкананьнем пакараньня абвінавачаны папрасіў яшчэ раз сустрэцца з суддзёй, які абвясьціў гэткі несправядлівы прысуд. Манаха прывялі у дом судзьдзі, дзе той якраз зьбіраўся есьці смажанага пеўня. Абвінавачаны яшчэ раз пакляўся, што не зьдзяйсьняў крадзежу. А каб яму нарэшце паверылі, дадаў, што калі ён насамрэч невінаваты, тады гэты вось певень паўстане з талеркі і закукарэкае. Судзьдзя і ўсе прысутныя зарагаталі, але страву пакінулі некранутай.

Тым ня меней, манаха павесілі. І тут смажаны певень узьняўся і закрычэў. Тады судзьдзя, ачомаўшыся, кінуўся хутчэй да віселіцы. Бедалагу ўдалося не зламаць сабе шыю, бо ці то вузел быў кепска завязаны, ці што яшчэ. Але пасьля гэтага яго адпусьцілі ў далейшы шлях.

Праз некалькі год пілігрым ізноў апынуўся ў Барсэлясе. У памяць пра апісаную падзею ён паставіў у горадзе помнік Дзеве Марыі і Яну (я так разумею, St. John - гэта Ян, эвангеліст).

* * *

Мараль сей басьні такава, як казаў Пушкін. Беларускае правасудзьдзе цяпер на ўзроўні тагачаснага, сярэднявечнага. Адзін чалавек вырашыў, што ты вінаваты - усё, трындзец - ні фіга ты не дакажаш. Хоць ты й не абавязаны даказваць сваю невінаватасьць. Гэта яны павінны даказваць тваю віну.

February 6, 2009 - 20:20:40

Ці ўмееце вы пісаць сваю адрэсу?

Цэтлікі запісу: цікавосткі

Ну вось, цікавыя зьвесткі падкінуў посткросынг: пісаць сваю адрэсу таксама трэба ўмець. Дзеля гэтага на бачыне Міжнароднага Паштовага Зьвязу ёсьць нават цэлы мануал па краінах-чальцах UPU.

January 31, 2009 - 17:02:23

Камяні могуць гаварыць

Цэтлікі запісу: canon, цікавосткі, вандроўка

Прыцягнула ўвагу ўчора да сябе дзіўная царкоўка з чырвонае цэглы і з зялёным дахам. Нколі ня быў у гэтым месцы, то завітаў на могілкі, што акружалі гэтую царкоўку.

Ад рукі контаррэвалюцыіАдразу ж кінуліся ў вочы могілкі «крыху знаёмых» Каржанеўскіх і Караткевіча, хоць яны й былі ўбаку ад цэнтральных шляхоў. Але я й не пайшоў наўпрост па алейцы да царквы, а пачаў шукаць абыходныя шляхі. Пыска

Магіла Б. І. ЛуцэвічЛедзь толькі выбраўшыся на асвальтаваную дарожку, тыкнуўся проста носам у магілу… маці Янкі Купалы. "Ды што ж гэта за могілкі такія?" - зьдзівіўся я і неадкладна атрымаў адказ на сваё пытаньне па тэлефоне ад Гражынкі. Праўда, яшчэ пэўны час патрабаваўся растлумачыць, дзе я знаходжуся, але пасьлявысьветлілася, што яна гэтае месца добра ведае (і мне не казала), а таксама распавяла шмат цікавых гісторыяў пра «насельнікаў» Вайсковых могілак (ну, ад яе цікавостак заўжды можна чакаць аба ўсё што датычыцца гісторыі, асабліва Менску, так што я гэтага чакаў з задавальненьнем).

Помнік Янку КупалуПакуль трымаў у рукох слухаўку, зразумела, фатаграфаваць ня мог - даводзілася дзяліць сваімі «адкрыцьцямі» ў «жывым этэры». Ну а потым пабегаць па сьцежках паўторна дзеля таго, каб усё-ткі гэта сфатаграфаваць. Ну, пасьля ўсяго пачутага-убачанага для мяне ўжо не было нічога дзіўнага ў тым, каб пачуць напрыканцы размовы з Гражынкай, што на гэтых самых могілках пахаваны недзе і сам Янка Купала. Дык я нават і не зьбіраўся асабліва шукаць ягоную магілу, бо столькі наглядзеўся іншых знаёмых, паўзнаёмых і незнаёмых прозьвішчаў і асобаў…

…Што на мяне ўжо пачалі скосу паглядаць і наведнікі (альбо служкі?) царквы, і нейкі папрашайка ля яе. Але паглядзеўшы, што я не раблю шкоды (мабыць), ён вырашыў мне "дапамагчы" і падказаў шлях да… той самай магілы маці Янкі Купалы. emoticon

І хацелася ж сюды ісьці выкідаць...Ну добра, абышоўшы могілкі яшчэ раз і па калена ў сьнезе (але шчасьлівы), пабачыў і Янку Купалу (гэ, што там яго шукаць), і, на жаль, сьляды чалавечага сьвінства. Нават у цэнтры гораду. Нават пасярод магілаў…

Самі магілы - кожная зь іх - вартыя асобнага расповеду. Шмат пра што яшчэ трэба будзе пачытаць, бо адчуў сорам, што ня ведаю. Канечне, камяні маглі б расказаць шмат цікавага пра часы, у якія іх ставілі. Але цяпер, пакуль ёсьць мажлівасьць, будзе добра ведаць хаця б тое, што засталося ва ўспамінах іншых людзей.

Царква на Вайсковых могілкахP.S. А царкву я ўсё-ткі, ледзь не забыўшыся, сфоткаў напрыканцы. Бо сьпярша зайшоў туды дзеля яе, але потым стала не да таго.

January 29, 2009 - 23:04:56

“Ліцьвінскі клюб” і “Тутэйшыя”

Глядзелі фільм па п’есе, ці то зьняты «Белсатам», ці то проста на ім паказаны раней. Зразумеў, што нічога не памятаю пра «Тутэйшых»-арыгінал. Вельмі даўно зразумеў, зрэшты. Дык хоць бы цяпер буду ўяўленьне мець.

Апасьля прагляду не было ніякага жаданьня ўвязвацца ў іхнія (да таго ж дзіцячыя нейкія) разважаньні пра тое, "ці тутэйшыя беларусы, ці ўжо не, а мо яшчэ не?.." І абмеркаваньне на ўзроўні "вось яны такія-сякія, а гэтыя вось якія малайцы-гяроі…" Банальна. Не, я прыйшоў у клюб не дзеля гэтага, а дзеля ўласна «Тутэйшых». А не каб праходзіць прымусова-добраахвотную працэдуру "знаёмства" ў пачатку.

Ну, за немцаў!

А ў «Тутэйшых» галоўнага гяроя, Янку Здольніка, граў "асабіст" Шкалін з «Салдатаў». Нават ня ведаў, што ён беларус. Але памылкі быць ня можа - такая прыгожая мова ў яго. Цяпер дык ужо ведаю сапраўднае прозьвішча актора. Знаёмцеся - Анатоль Кот.

Янка Здольнік aka Анатоль Кот

Ну але ўсё-ткі длясябе я разважаў над пытаньнем "добра ці блага ўвогуле быць «тутэйшымі»?" і "ці ёсьць «тутэйшымі» мы, ці беларусамі?" Адказ прыйшоў у той жа вечар у… ліфце. …На рэклямным прашпэкце (канечне ж, расейскамоўным) нейкай фірмы, што спэцыялізуецца на гірудатэрапіі (па-простаму - лячэньне піяўкамі). Першы ж радок ідыёцкага буклету: "Істокі гірудотерапіі в Россіі, уходят в глубіну веков…"

Ні храна мы яшчэ ніякія не беларусы, пакуль існуюць такія вось дэбілы. І я нават не пра памылкі.

Ну а сёньня яшчэ раз, паўторна атрымаў адказ на тое, хто мы ёсьць. Проста прайшоўшыся па вулачках і паазіраўшыся на бакі. То бок - на шыльды. Усялякіх там "національніх спарціўных лацярэй". Так што, спадарынька, якая выказвала ўчора сваё абурэньне і нязгоду з тым хвактам, што беларусы непаважаюць сябе як нацыю, але ж варта зьняць ружовыя акуляры.

January 25, 2009 - 12:54:46

Пра печанюжкі і арахісавы алей

Цэтлікі запісу: цікавосткі

Паштовачка ад дзяўчынкі-скаўта

Вось жа каб не атрымаў паштовачку ад чалавечкі зь Пендастану, дык ня ведаў бы, што «печанюжкі дзявочых скаўтаў» (Girl Scout Cookies) - гэта такая ж неад’емная частка амэрыканскае культуры, як і які-небудзь макдональдз. Калі не напоўніцу, дык вялізная частка прыбыткаў, на якія існуе дзявочая скаўцкая арганізацыя ў ЗША, ізнуе з продажу гэтых печанюжак. Хто б мог падумаць.

А заадно даведаўся і пра «арахісавы скандал», які разгарэўся там акурат нядаўна пасьля таго, як амаль 500 чалавек заразіліся сальманэляй, зь іх каля 90 былі шпіталізаваныя, а прынамсі 6 чалавек памерлі, атруціўшыся прадуктамі, якія ўтрымоўвалі ў сабе арахісавы алей.

Арганізацыя дзявочых скаўтаў адразу ж абвясьціла, што ў іхніх прадуктаў не ўжываўся какосавы алей гэтага вытворцы. Так што - смачна есьці!

November 19, 2008 - 20:50:44

Што новага

Цэтлікі запісу: цікавосткі, Беларусь

Мапа Зямлі па прынцыпе GFDL - далучайся і дадавай свае мясьціны/мовы/апісаньні. smileys

* * *

О Божа! Тралейбусны парк пачуў мае малітвы! Сёньня пачуў нарэшце «вуліца Чайлыткі». Праўда, адначасна з гэтым несумненна прагрэсам паўгадзінкай раней давялося чуць «вуліца Цімашэнка». smiley

November 13, 2008 - 12:34:49

І вясельле – магчымасьць да навукі

Заўчора нарэшце забралі вясельныя фоткі, зробленыя «крутым» фоцікам. Шкада, што з розных прычынаў да яго не прыкладаліся «залатыя» рукі. Таму наперадзе яшчэ чакае праца па вычышчэньні «сьмецьця» – ну навошта было ўвогуле запісваць на кружэлку размытыя і нярэзкія фоткі?

Ну а паколькі ўжо зайшла размова пра вясельле, дык колькі словаў пра тое, як усё прайшло ў тую такую далёкую ўжо пятніцу. emoticon Але паколькі далёка пастфактум – дык адпаведна з далёка ідучымі высновамі.

І перад, і падчас, і нейкі час пасьля вясельля мы шмат чаго даведаліся новага пра людзкія забабоны. Ну і іншае. Такім чынам:

  • Цотная колькасьць машын у вясельным пэлетоне – гэта зло;
  • прысутнасьць бацькоў нявесты ў ЗАГСе – гэта таксама зло;
  • з хлебам-сольлю сустракаюць маладых таксама толькі бацькі жаніха. Ці можа толькі цотная колькасьць чалавек?..
  • Сьветлы касьцюм у дружкі маладога? Ды вы што!
  • А вось пра тое, што дзяцей у капусьце не знаходзяць, мне прышло ў галаву крыху са спазьненьнем. І тое праўда – скуль там дзецям узяцца, калі іх прыносіць бусел?

«Вясельныя традыцыі і сучаснасьць»Учора завітаў на выставу «Вясельныя традыцыі і сучаснасьць» у абласной бібліятэцы. Дзе там бібліятэка, так і не зразумеў, затое адкрыў для сябе новую кнігарню, поўную кніжак па зьніжаных коштах. Пасьля яе вырашыў, што квіток на выставу істотна на таўшчыню кашальку ўжо не паўплывае. emoticon Зайшоў.

«Вясельныя традыцыі і сучаснасьць»« А ільготны дадзіце?» – Спытаўся проста мэханічна, цікава было ведаць, каму даюць ільготныя. «Дамо,» - нечакана адказала цётка. Нечаканасьць прыемная. « А фатаграфаваць можна?» – «Фатаграфуйце, калі ласка.» Болей пытаньняў я задаваць ня стаў. А, не, стаў, але ўжо па тэме выставы. У Строчыцах ладзяцца вясельныя абрады «а-ля народныя традыцыі». Як бы там ні было, але глядзіцца прыгожа і, галоўнае, арыгінальна. Праўда, другі раз дзеля гэтага спрабаваць ажаніцца не зьбіраюся.

Вось так і вывучаеш увесь час нешта новае.

November 7, 2008 - 10:58:38

Паколькі да Прагі мы ўжо ня вернемся ў аповедах

…а ўсё пазнаецца ў параўнаньні, дык вось як гэта бачыла летась Жывы дзёньнікПалярная, белая і пухкая ваўчанятка.

…а ні на якіх паштоўках і фоткаў вы такога ня ўбачыце:

Унітаз!

…а чэская мова - гэта такая незразумелая, але цікавая рэч:
čerstvé малако čerstvy супэрмаркет čerstvé гарбаты

Зразумелі, што гэта? Я, прыехаўшы дадому, каб да канца быць упэўненым, нават адшукаў «тую самую» бутэльку малака.

čerstvé mléko

А пераклад знайшоў на новым (для сябе) рэсурсе. Хоць так тых двух зайцоў застрэліў. smiles

September 6, 2008 - 8:29:51

Аршанская бітва-2008

Цэтлікі запісу: цікавосткі, Беларусь

Расповед, як дабрацца, ёсьць гэтым годам шмат дзе.

Фэст адбываецца на месцы Аршанскае бітвы 1514 г. – левым беразе Дняпра, дзе ў яго ўліваецца рэчка Крапівенка. Ён доўжыцца ўсю ноч, каб за нядзелю ўдзельнікі змаглі адпачыць і спакойна дабрацца дадому. Фэст праходзіць на адкрытым паветры ля ракі, варта падумаць пра цёплую вопратку, ежу і намёт. Дровы для вогнішча будуць на месцы.

Даезд:

З чыгуначнага вакзалу на аўтобусе ці маршрутцы №11 да аўтавакзалу (канцавы). З аўтавакзалу – аўтобусам «Ворша–Дуброўна» да прыпынку «Гацькаўшчына». Гуртам можна наняць маршрутку з вакзалу проста да Гацькаўшчыны.

Таксама аўтобусам або маршруткай можна ад’ехаць ад прывакзальнае плошчы да прыпынку «Цэнтар», затым ад Цэнтральнай плошчы, што ля «Дому гандлю» (прыпынак за помнікам Леніну), можна сесьці на аўтобус ці маршрутку «Ворша — Дуброўна» і ехаць да прыпынку «Гацькаўшчына». Ад прыпынку «Гацькаўшчына» да месца фэсту каля 1 км.

Але ж з мапай усё-ткі больш зразумела.

На месцы Аршанскае бітвы - ральля...

 

* * *

8 верасьня - Дзень беларускай вайсковай славы!

Таму 8 верасьня 2008 году а 18:00 сустракаемся каля ўваходу ў Чыгуначны вакзал.

Запрашай СЯБРАЎ !Ты не пашкадуеш! Будзе самая цікавая гульня!

Вазьмі, калі ласка, з сабою якую-небудзь мяккую рэч (спальнік, ручнік ці падушку).

І трошкі смачнай ежы – для цябе і сябра!

Гэта ўсё вельмі неабходна для пабудовы сапраўднага войска – Канстанціна Астрожскага!

August 16, 2008 - 13:28:32

Да Калядаў засталося 4 месяцы 8 дзён з капейкамі

Цэтлікі запісу: цікавосткі

А значыцца, можна адсылаць лісты з заказамі на падарункі. emoticon

Прычым, не абавязкова рабіць гэта традыцыйнай поштай: Санта Кляўс умее працаваць з кампутарам і прымае электронныя лістыemoticon

Але! Для тых, хто любіць атрымоўваць звычайныя лісты, нягледзячы ні на што, Санта падае сваю адрэсу для ліставаньня:

Santa Claus
The North Pole
H0H 0H0
Canada

Усе, хто пазначыць на капэрце сваю зваротную адрэсу, атрымаюць у адказ ліст з адмысловай марачкай і штампікам на ёй ад самога Санты. Адасланыя ўнутры ЗША, лісты прыдуць да Санты, нават калі яны будуць бяз марак - Санта можа ўсё! А ўвогуле ў 2005 годзе Санта атрымаў у сваёй рэзыдэнцыі на Паўночным полюсе 120 тысяч лістоў з 26 краінаў.

Ліст да Санта Кляўса прыйдзе своечасова!

Галоўнае зараз - не адаслаць надта рана, а пазьней - не забыцца адаслаць увогуле. emoticon

August 11, 2008 - 2:29:37

Хто б даў падобную статыстыку пра Беларусь

Цэтлікі запісу: shit happens, цікавосткі

Насельніцтва Расеі. Статыстыка, хвакты, камэнтары, прагнозы. Пажадана дачытаць да канца (хоць гэта й цяжка ўсё ўсьведамляць) - там ёсьць працяг…

July 24, 2008 - 12:16:14

Дзеля гэтага варта вывучыць ангельскую

Цэтлікі запісу: цікавосткі

"Гран-каньён" і яшчэ колькі чалавекападобных зьяваў у прыродзе. Аўтар распачынае аповед цікавай алюзыяй, ацэньваючы свае здольнасьці ў распазнаваньні сылюэтаў такім чынам (цытую): "Я заўсёды пачуваўся блага ў гульні, дзе трэба глядзець на аблокі і вынаходзіць у іх розныя фігуркі. Я распавёў пра гэта свайму сябру некалькі тыдняў таму, у дзень, калі было прыгожае сіняе неба і мноства пухкіх аблокаў для падобнага дасьледваньня. Я: "цукерка з хлопку?" - Ён: "Не, гэта падобна да перакуленае дагары нагамі каўчукавае качкі з крышталёвымі крылцамі ў моры.""

8 найбольш варя’цкіх чампіянатаў. Ну, пра ўдзел і перамогу беларускі ў чампіянаце па сядзеньні ў саўне чуў, пра спаборніцтвы на падушках ведае кожны піянэр. emoticon Але астатнія… А яшчэ ў камэнтах чытачы падкінулі столькі чампіянатаў… Усе ніасіліў нават, але думаю, што ніхто там не падкінуў прыклад такога нашага спаборніцтва, як чампіянат па паяданьні дранікаў. Зараз нешта яго не чуваць, а якім чынам я пра яго пачуў тады? Ну, цяпер гэта ўжо невядома, але тады я падбухторыў свайго суседа па пакоі ў інтэрнаце "паўдзельнічаць". Згодна з правіламі чампіянату мы "прыйшлі" са сваімі дранікамі. І так аб’еліся! Недзе пад 30 штук кожны зьелі. Што праўда, рэкорд, які прыводзіла крыніца, быў блізу 56-і зьедзеных дранікаў ці недзе ў гэтым абсягу. Так што - трэніравацца ды трэніравацца. emoticon

10 рэлігіяў, пра існаваньне якіх вы й не ўяўлялі. Як і спадзяваўся аўтар, маё "адно вуха" "іншым краем" чула пра Асатру (праўда, мне чамусьці здавалася, што гэта нейкая багіня), а "царква ўніфікацыі" - хіба ж ня прошукі ЦРУ? Гэта ў ЗША такія назвы распаўсюджаныя. Ну і, як заўжды, чытачы актыўна дадаюць свае варыянты.

12 манумэнтаў, прысьвечаных выбітным жанчынам.

10 цэркваў з "Боскім" дызайнам. Збольшага, насамрэч нечым выбітным там можна назваць толькі пару будынкаў (па мне, дык толькі Hallgrimskirkja ды Jubilee Church), але ізноў жа - камэнты хваляць, наколькі разумею, тое, што для іх бліжай геаграфічна. І гэта даволі слушна. Хіба ж мы ня маем нестандартовых дызайнаў цэркваў? Ды ў пратэстантаў яны ўвогуле ўсе адна на адну непадобныя! Не хапае толькі фотаздымкаў і артыкулаў у Вікіпэдыі. Пачаць можна адсюль…

+7 твораў чалавецтва ў сьпісе сусьветнай спадчыны UNESCO. Ну, тут нам пахваліцца можна хіба тым, што мы са шмат большай хуткасьцю зьнішчаем свае гістарычныя й архітэктурныя помнікі. Што тут сказаць… UNESCO знойдзе замену беларускім "адрэстаўраваным" падробам. А мы - ніколі…

10 неадзначаных (ці пакуль што незаслужана забытых) бацькоў тэхналёгіяў. Ну, гісторыю з узьнікненьнем мабільнае сувязі цікава ведаць (хоць я й так яе ведаю). Канечне, "бацька Фартрану" - гэта таксама гучыць годна, у (непараўнальна) меншай ступені - "бацька джавы". А вось пра тое, што вынаходца кампутарнае мышкі Дуг Энгельбарт (а ўсё-ткі нейкае знаёмае імя) не атрымаў абсалютна ніякіх дывідэндаў ні ў ганаровым, ні ў матэрыяльным сэнсе, дзіўна чуць. Зрэшты, калі б тэхналёгія была запатэнтаваная на ўжываньне толькі адной фірмай ці чалавекам… Нам бы ў цяперашні час давялося б забыцца на мышку… І карыстацца тачскрынам. emoticon Так, да астатніх "бацькоў": не разумею, чаму ў гэтым сьпісе вынаходцы такіх дэвайсаў, як БлэкБэры ды АйПод (хіба толькі таму, што астатнія ўсё-ткі атрымалі сусьветнае прызнаньне). А вынаходцу спама дык і проста варта было б emoticon!

10 уражвальных дзівосаў. Незвычайная колькасьць камэнтароў, таму нават ня стаў шукаць між іх іншыя спасылкі - большасьць камэнтатараў абвяргаюць ці скэптычна ставяцца да розных праяваў дзівосаў. Сапраўды, можа й праўда зашмат увагі надаецца людзямі самім цудам. Канечне, нельга не прымаць той хвакт, што цуды існуюць (гэтыя, ці якія яшчэ іншыя), аднак галоўная выснова з гэтага павінна быць адна - мы верым ня ў цуды, а ў Бога. А наўскідку зь найбліжэйшых цудаў магу прывесьці прыклады, калі недзе год ці два таму плакалі іконы недзе на Віцебшчыне (зрэшты, такое здараецца рэгулярна і ў розных месцах), але ў калямэталёва-папсовых колах найболей, відаць, распаўсюджаная гісторыя пра таямнічае зьнікненьне цэлага палку ў воблаку, пра што вядзецца ў адной зь песьняў "Арыі". Вось ёлкі, зусім не памятаю, ці тое полк быў ангельскага войску, ці тое нямецкага, і ці здарылася гэта падчас першай сусьветнай вайны. Вох, калі перачытаць яшчэ раз гэты пост цалкам, дык можна так напрэгчы гугаль…

6 найболей ілюмінаваных пабудоваў на Зямлі. Вось тут беларусы выдзеліліся. Дакладней, адзін. І тое не беларус, а так, невядома хто. Ну, сутнасьць у тым, што "чупа-чупсавая бібліятэка" на першым месцы. І вось тут у камэнтах мяне цікавіла найболей, якія будуць водгукі менавіта пра гэты будынак. Не дачакаўся нічога абсалютна. Акрамя "вялізныя траты эклектраэнэргіі на такія патрэбы", што адносіцца да ўсіх шасьці будынкаў, натуральна. А яшчэ ў нас ёсьць вакзал… Ну а мне з усіх шасьцёх спадабалася… 7-я пабудова, прапанаваная ў камэнце - АльянцАрэна (на здымку).

Проста тэлевізыйная вышка. Жудаснавата выглядае, але гэта толькі зь першага позірку.

7 дзетак, якія зьмянілі сьвет. 5 зь гэтых сямі пражылі надта кароткае жыцьцё, так і не пасьпеўшы стаць дарослымі. Але пасьпелі зрабіць столькі, каб пра іхнія справы дарослыя памяталі заўжды. Не магу сказаць, што жадаў бы бачыць у будучыні ў гэтым сьпісе дзяцей зь Беларусі, аднак калі не дзяцей, дык моладзь нашая ўжо заслугоўвае падобнага прызнаньня дзякуючы сваім ідэалам. Нашым ідэалам. Якія не памяняеш ні на якія "празьнікі".






















Get free blog up and running in minutes with Blogsome
Theme designed by Helga Cleve

Custom Logo Design, Company Logo Design, Business Logo Design, Logo Designs.
Company Logo Design