Ну ўсё, у мяне ў рукох даведка з раддому пра нараджэньне 21 траўня а 00:20 немаўля мужчынскага полу вагой 2990 грамаў і даўжынёй цела 50 сантымэтраў. Цяпер па ёй у аддзеле ЗАГС мне выдадуць мэтрыкі на нашага сына, зьяўленьню якога папярэднічалі такія цяжкія суткі…
* * *
Учора зранку Танька абудзіла і сказала: хутчэй за ўсё сёньня будзем нараджаць. Далей яна паднялася перагледзець фільм пра роды, а я далей спаць: да сканчэньня працэсу яшчэ далёка, а на працу падымацца рана.
Паўдня Танька спрабавала заняць сябе чым-небудзь, каб не засяроджвацца на схватках. Пераконвала сябе і мяне, што гэта толькі перадвесьнікі, але па абедзе мы з цешчай адвезьлі яе ў раддом. Вярталіся ўжо без яе: Тамара Барысаўна дахаты, а я ізноў на працу - мне ня позна было пад’ехаць да 8-й вечара.
Увечары мне далі пераапрануцца ў сьмешны касьцюм а-ля мэдпэрсанал зь невялікімі адрозьненьнямі: на босую ногу; кароткія порткі, хутчэй нават брыджы; кашуля і халат, суцэльна абматаны завязкамі. Так яны і матляліся, замінаючы, пакуль я не здагадаўся, што апранаць яго трэба наадварот: завязваецца за сьпінай, тады добра трымаецца, амаль як у дурдоме. Карацей, Таньцы спадабалася, ды й я таксама пасьмяяўся. А вось каптурка на галаву ніякога не далі.
Радзільная заля мне ўяўлялася большай па памерах - ну хаця б праз гучнае слова «заля». А нашая была ўся застаўленая сталамі, мэдыцынскімі прыборамі, нашымі сумкамі і ложкам, на якім ляжала Танька. Сапраўды, заняцца тут было больш няма чым, ды й схваткі сталі мацнейшыя. Яны-то й павінны станаць мацнейшыя, ды вось Таньцы здавалася, што мацней, як удзень, яны ўжо ня будуць. Але то быў толькі пачатак…
Паколькі я ўсё забыўся, чаму вучылі на курсах па падрыхтоўцы да партнэрскіх родаў, то ў перапынках між схваткамі стараўся прачытаць матэрыял, каб абнавіць хоць што ў галаве. Празь нейкі час схема больш-менш склалася: пры схватцы боль дапамагала зьменшыць расьціраньне копчыку, паміж схваткамі - лёгкі масаж па ўсім целе ці проста паглажваньні. А вось з прастадушнасьці ўзятыя газэты не спатрэбіліся - проста не хапала часу на што іншае. Спрабавалі яшчэ вар’іраваць дыханьне ў схватках - спыніліся на першапачаткова абраным Танькай варыянце (самым простым) - іншыя «не пакацілі». Тое самае і з дзеяньнямі партнэра: жывот не чапаць, лепей сьпіну.
Потым пачаліся працэдуры. Першая (за маю прысутнасьць, бо Танька ўжо іх перажыла ўсе) - гэта падлучэньне да жывату двух… ну ня ведаю, як сказаць: мабыць, электродаў, а мо шчупаў, якія ў сваю чаргу зьвязаныя з самапісцам. Потым паход на агляд да гіняколага. Вось у гэты момант я меў час адпачнуць ды перакусіць. Двух такіх паходаў мне якраз хапіла, каб не адчуваць голаду.
І якраз дарэчы, бо неўзабаве ўсё завярцелася-закруцілася… Танька перастала думаць пра што іншае, як пра боль. Ёй хацелася ўстаць пахадзіць ці пасядзець на мячыку, але не адпускалі кропельніцы і прыбор-самапісец. Пасьля іх - чарговы агляд. Зь яго Танька вярнулася зьняможанай і з жаданьнем усё гэта хутчэй скончыць. Ёй увялі заспакаяльны сродак і параілі даць адпачнуць, выключыць сьвятло і нават не размаўляць, каб хоць паспрабавала прыснуць. Але схваткі сталі мацнейшыя. Наколькі гэта было балюча, магу здагадвацца толькі па словах Танькі, што яна больш ніколі ня схоча нараджаць яшчэ дзяцей. Але на мяне тым ня меней яна ня лаялася, як нам пра тое распавядалі на курсах. 
Я нарэшце датумкаў, што азначаюць лічбы на дысплэях, і з пачаткам чарговай схваткі стараўся пачынаць масаж сьпіны. Альбо Танька сама папярэджвала пра схватку, нібыта масаж ёй нечым дапамагаў у гэтым. Вось гэта было самае цяжкае: адчуваць сябе бездапаможным чым-небудзь яшчэ дапамагчы. У перапынках між схваткамі мне ўжо не хацелася нічога рабіць. Я проста пакідаў яе ў спакоі, каб яна можа адпачнула хоць крыху. А, ну і яшчэ, мабыць, дапамагаў змочаны халоднай вадой ручнік: твар у Танькі проста гарэў.
Гэты пэрыяд здаўся найдаўжэйшым. Галава ацяжэла і сама хілілася ў сон. Каб там быў іншы ложак ці прынамсі свабоднае крэсла - я б, мабыць, адрубіўся. Аднаго разу так задрамаў нават сагнуўшыся ў пагібель, абапершыся на парэнчы ложку ля Танькі. У часе схваткі Танька зусім нічога ня цяміла, а медсясьцёркі ўсё хадзілі й нешта дапытваліся. Прычым некалькі разоў - пра тое, ці не было абвіваньня плоду. Мне тады здавалася, што яны перастрахоўваліся, але яны нешта бачылі на графіках невытлумачальнае…
Яшчэ зусім нядаўна быў агляд, пасьля якога адна з медсясьцёрак пахваліла Таньку за раскрыцьцё шыйкі маткі на 6 ці 7 сантымэтраў. У прынцыпе да 10-ці заставалася няшмат, але прагназавалі, што пройдзе яшчэ столькі ж часу. Калі да першае навіны (пра малайчынку) Танька паставілася абыякава, ад да ўсяго іншага ў той момант, дык другая навіна яе вельмі… ммм… уквяліла. Недзе неўзабаве пасьля гэтага патэлефанаваў Зьміцер. Ну я так і сказаў, што яшчэ доўга, ды адаслаў яго спаць.
Але ўсё скончылася значна хутчэй.
Гэтая працэсія была вельмі шматлюдная. Агледзелі Таньку проста на ложку, тут жа патрэніраваліся патужыцца на схватцы і - рушылі да радзільнага крэсла. Хех, на ўсіх начапілі на ўваходзе ў апэрацыйную бахілы, а з нас з Танькай зьнялі абутак увогуле (у сэнсе - папрасілі зьняць). Ну і вось тут я пачуў нарэшце Танькаў крык, хоць яна й не зьбіралася крычэць падчас патугаў. Маленец вылез з трэцяе спробы. Гэта літаральна некалькі хвілінаў, за якія я пасьпеў разам з Танькай патужыцца, пасьля падыхаць, пакамандаваць і падтрымаць падбародак. Усё!
У фільме, які мы глядзелі і дома, і ўрыўкамі на занятках, працэс нараджэньня дзіцяці - гэта такі хвалюючы момант, што тады хацелася плакаць ад шчасьця нават за іншых людзей. У нашым выпадку гэты камочак нечага чырвонага выклікаў толькі аблягчэньне. Зрэшты, ён ня цалкам быў чырвоны: абліты нейкай зялёнай вадкасьцю. Прысутная дзіцячы ўрач адразу ж агледзела і назвала прычыну: зялёная вадкасьць - ад кіслароднага галаданьня. Вось чаго так хваляваліся ад вынікаў назіраньняў урачы і чаму так прысьпешвалі роды. Але ж ён загаласіў!
Ну, плоскаступнёвасьць - гэта значыцца, сынок у тату пайшоў.
Так што гэтая навіна не сказаць каб засмуціла, асабліва пасьля папярэдняе. Ды й тое - усё ж выпраўляецца, а за дзіцёнкам будуць яшчэ назіраць некалькі дзён непасрэдна ў раддоме, ды й потым нікуды ён далёка ад дзіцячае паліклінікі не падзенецца. Ну добра, гэта ўжо цяперашнія думкі, а тады пайшлі яшчэ мераць/узважваць/падпісваць нашага сына. Таньку ж чакала яшчэ адна невялічкая, але непрыемная працэдура.
Пасьля знаёмства зь немаўляткам я застаўся чакаць у нашай перадродавай залі. Тут другі раз памаліўся, ужо за пасьпяховы вынік і далейшае спрыяньне (першы, як чакаў увайсьці ў раддом, здаецца), абтэлефанаваў каго мог ці напісаў смс-кі. Пачало прыходзіць аблягчэньне і асэнсаваньне таго, што адбылося. А можа й не да канца яшчэ асэнсаваньне.
Таньку прывезьлі пад наркозам. Жудаснае відовішча: чалавек нібы і чуе цябе, і разумее, але ў той самы час сьпіць. Нават хрэпча. І ўся дрыжыць, нібы каўбасіць. І пена ў роце, ці то проста горла ссохлася. Карацей, не дачакаўся я, пакуль яна ў прытомнасьць прыйдзе канчаткова. Адказваць-то на пытаньні доктарак нават нібыта адказвала, але так, бы ў яе язык не варушыцца. Хі, нават маіх бусек не адчула. Праўда, нешта ў адказ на шэпт матнула галавой.
Ну і вось - хутка ўжо суткі, як я тата.
Але пакуль што мне ня хочацца пабачыць гэта ізноў, калі Танька будзе там наступным разам. Гэтаксама, як і ёй ня хочацца (пакуль што) быць там…