We are the greatest!

March 28, 2011 - 12:20:12

Канфэрэнцыя «Вікімэдыя-Польшча». Уроцлаў

Цэтлікі запісу: canon, вікіпэдыя

«Перавалачным» пунктам на нашым шляху была Варшава. Але глядзець на яе асабліва не было калі, тым болей гэта было прыкладна а 7-й раніцы. Мы накіраваліся адразу на вакзал.

У вагоне TLKЧыгуначны вакзал Варшава-Цэнтральная сустрэў нас касмэтычным рамонтам. Пачакаўшы крыху на пэроне, зьехалі бліжэйшым цягніком. Нарэшце можна было ў дарозе выспацца: на адлегласьць паміж Варшавай і Уроцлавам (350 км) цягніку TLK патрабавалася 6 гадзінаў.

Чыгуначны вакзал Уроцлаў-Галоўны сустрэў нас рэканструкцыяй. Але мы пра гэта былі папярэджаныя і хутка знайшлі часовы будынак, дзе месьцяцца касы і аўтаматычныя камэры захаваньня. Вызваліўшыся (часова, вядома) ад багажу, пайшлі вывучаць места.

Ужо першае, што кінулася ў вочы па выхадзе з пэрону — гэта вялізныя зьніжкі на кніжкі (да 70%) непасрэдна ля вакзалу. Потым яшчэ некалькі разоў сустракалі такія самыя зьніжкі ў кнігарнях. Кнігарню бяз зьніжак увогуле бачылі толькі адну. Чаму менавіта ў ёй я вырашыў набыць мапу Ўроцлава — ня ведаю. Але такую самую мапу са зьніжкай можна было без праблемаў набыць у 4 разы таньней!

Прыватная тэрыторыяПрайшоўшыся па цэнтры Ўроцлава праз усялякія закуткі, я знайшоў вялікае падабенства Ўроцлава да Львіва. Ва ўсім. І другое, што кідаецца ў вочы там (а для беларусаў у параўнаньні са сваімі гарадамі — дык і першае) — гэта, прабачце, вялізны срач. Усё ніяк не магу звыкнуцца з гэтым відовішчам, калі прыяжджаю ў якія іншыя краіны. Да гэтага, відаць, ужо прызвычаіліся і самі палякі, ды нават і ўкраінцы, якія не маглі зразумець, чаму я называю сьмецьце на вуліцах і дварох гэткім словам.

Такім чынам, у першы дзень нашае азнаямленьне зь местам зьвялося выключна да ўласных шпацыраў: першы раз ад вакзалу куды вочы бачаць, і гэтым разам мы, самі таго ня ведаючы, амаль не дайшлі да гатэлю, дзе адбывалася ўсё мерапрыемства; другі раз ужо па наўпроставай дарозе з вакзалу да аднайменных выспы і гатэлю Тумскіх. Машынаў там меней, чым, напрыклад, у Менску, але для іх сьветлафорныя «прэфэрэнцыі»: пешаходам даводзіцца вельмі доўга чакаць, пакуль для іх нарэшце запаліцца зялёнае сьвятло. Грамадзкі транспарт — аўтобусы і тыя ж трамвайчыкі, калеі для якіх таксама, бы ў Празе, могуць займаць усю праезную частку (і адпаведна машыны па рэльсах таксама рухаюцца); дзе-нідзе можна пабачыць і брукаванку. Адно што ў адрозьненьне ад Прагі іхні трамвайны парк збольшага стары (а можа і ў Празе так было? добра, у адрозьненьне ад Менску).

3 V 1791 — гэтую дата варта памятацьУ другой палове суботы была зладжаная пешаходная, пасьля аглядная экскурсія трамвайчыкам па цэнтры і ваколіцах. Калі пешкі яшчэ можна было прынамсі пахадзіць папстрыкаць свабодна, пакуль экскурсавод нешта распавядае (усё было, зразумела, па-польску, і іншамоўныя госьці мала што разумелі), дык у трамвайчыку даводзілася проста азірацца на бакі, спрабуючы здагадацца, пра што ж цяпер вядзецца гаворка. Значна цікавей было, калі мы (беларусы), маючы яшчэ колькі гадзінаў вольнага часу да вячэры, вырашылі самі прайсьціся крывымі нязьведанымі сьцежкамі. Спалучылі прыемнае з карысным: нацэльваючыся на паштовыя аддзяленьні, я прыдбаў крыху марачак (што праўда, зусім крыху, бо галоўпаштамт быў зачынены, і выратавала толькі іншае паштовае аддзяленьне), а па дарозе зьведалі парк імя Юльюша Славацкага (ганаруюць урацлавякі ягонае імя), дзе помнік ня толькі яму, але й абаронцам Канстытуцыі 3 траўня, і расстраляным у 1940-м у Катыні, Медным і Харкаве польскім палонным…

Вечаровы Ўроцлаў-на-ОдрыВось вяртаючыся ўжо назад у гатэль, пабачылі Ўроцлаў у цемры. Гэта зусім іншае места. Вось такім ён мне больш спадабаўся. Так і застанецца: дзённы Ўроцлаў — гэта бруд, дождж і сьнег (такім ён нас сустрэў з цягніку); наведваць яго варта ўвечары. emoticon

Нядзеля — сумны дзень разьвітаньня… Падзяліўшыся з астатнімі прыежджымі сваім досьведам пра тое, што вакзал тут зусім непадалёк, рушылі да яго ў апошні паход у поўным узбраеньні. Апошні раз па крамах, апошні «спайманы» гномік (іх тут безьліч, ёсьць адмысловыя мапы гномаў) — і мы ў цягніку. Бывай, Уроцлаў! Да наступных сустрэчаў!..

March 24, 2011 - 11:40:21

Канфэрэнцыя «Вікімэдыя-Польшча». Што ўвогуле такое «Вікімэдыя»?

Цэтлікі запісу: вікіпэдыя

Усе гэтыя пэртурбацыі з намі вельмі зацікавілі братаву сям’ю, таму пры першай сустрэчы размова зайшла пра тое, што ж гэта ўвогуле такое — Вікіпэдыя — і з чым яе ядуць. Распавядаў усё спачатку, узгадаў гісторыю ўзьнікненьня і разьвіцьця Вікіпэдыі, у тым ліку і беларускае. Сапраўды, Вікіпэдыя — сама па сабе ўнікальная зьява, а яе беларускі разьдзел (дакладней, абодва беларускія разьдзелы) — унікальная сярод унікальнага з прычыны менавіта таго, што толькі беларусы маюць ажно дзьве Вікіпэдыі.

Wizardist, Polimerek, EffeietsandersПакуль спрабаваў тлумачыць, навошта для вольнага праекту спатрэбілася яшчэ нейкая арганізацыя кшталту фундацыі Вікімэдыя, сам зразумеў, нашто яна. emoticon Не, Вікіпэдыя не перастала быць вольнай ад таго, што над ёй ці каля яе паўстала пэўнае задзіночаньне тых самых вікіпэдыстаў. Затое цяпер ва ўдзельнікаў і рэдактараў вольнае энцыкляпэдыі зьявілася юрыдычная магчымасьць дзейнічаць ад імя пэўнае арганізацыі.

Гэта вельмі дапамагае ў супрацоўніцтве зь дзяржаўнымі і недзяржаўнымі арганізацыямі (параўнайце: «прывітаньне, я тут пішу ў Вікіпэдыю і хацеў бы ў вас папрасіць дазволу скарыстацца вашым фотаздымкам» і «прывітаньне, я прадстаўнік міжнароднае арганізацыі Вікімэдыя. Нас цікавяць вашыя фотаматэрыялы, мы хацелі б мець дазвол на выкарыстаньне іх у артыкулах Вікіпэдыі»). Мясцовыя «філіі» (хоць гэта хутчэй партнэры амэрыканскае фундацыі Вікімэдыя) існуюць цяпер у шматлікіх краінах сьвету, у тым ліку ў Эўропе. Напрыклад, у Польшчы (як я ўжо казаў раней) любая ўстанова або прыватная асоба мае права сплочваць частку свайго падаходнага падатку на пэўную грамадзкую арганізацыю. Да ліку такіх арганізацыяў адносіцца і Вікімэдыя-Польшча. Адзін зь яе чальцоў, Polimerek, нават распавёў нам, як гэтае пытаньне вырашаецца ў іхняй сям’і: ягоная жонка ня ўдзельнічае ў Вікіпэдыі, таму яны дамовіліся чаргавацца. Адзін год частка іхняга падатку (ён сплочваецца ад цэлае сям’і) ідзе на Вікіпэдыю, наступны год — на яшчэ якую-небудзь арганізацыю.

Wizardist, Rave, Станіслаў КазлоўскіУ Расеі фундацыя зьявілася ня так даўно, але ўжо дабілася, напрыклад, дазволу на выкарыстаньне матэрыялаў афіцыйнае бачыны прэзыдэнта Расеі ў Вікіпэдыі. Праўда, гэтага ім падалося мала, і цяпер яны лябіруюць унясеньне зьмяненьняў у закон па аўтарскіх правох, які ў іх сапраўды драконаўскі. Дарэчы, гісторыя гэтага змаганьня, якая працягваецца да цяперашняга часу, сталася тэмай аднаго з дакладаў расейскіх вікіпэдыстаў на канфэрэнцыі ва Ўроцлаве.

Сярод зьдзейсьненых мерапрыемстваў фундацыі Вікімэдыя ў Нідэрляндах (адтуль таксама быў прадстаўнік на канфэрэнцыі) — атрыманьне ад дзяржаўных структураў сьпісу ўсіх архітэктурных помнікаў Нідэрляндаў, збор і абнаўленьне інфармацыі пра іх у Вікіпэдыі, фатаграфаваньне і разьмяшчэньне здымкаў у Вікісховішчы. Зрабіць такое стыхійна было б магчыма (цудоўная ідэя для беларускай Вікіпэдыі), але нашмат складаней, чым арганізацыйна.

- 11:25:58

Канфэрэнцыя «Вікімэдыя-Польшча». Я еду ва Ўроцлаў!

Цэтлікі запісу: вікіпэдыя

Прысьпешваць падзеі не хацелася, таму стараўся ўводзіць у свае пляны наконт паездкі як мага меней людзей. Хоць гэта было й цяжка… emoticon

Напрыклад, калі ўжо атрымаў-ткі ад Януша пацьверджаньне, што акурат перад выходнымі ён адаслаў нашыя запрашэньні экспрэсавай поштай EMS, чакаў іх атрымаць на выходныя (тады якраз празь нейкае сьвята было тры выходныя дні). Як ні дзіўна, не дачакаўся. А на наступны дзень на працу мне затэлефанаваў Януш і сказаў, што ўсе гэтыя дні пісьмо правалялася на пошце з-за незапоўненага паштовага індэксу. Ну, індэкс-то я яму сказаў і ён сказаў, што зараз будзе адсылаць ліст ізноў, але спакою гэта, вядома, не дадало: да часу паездкі заставалася ўсё меней дзён, а нам трэба яшчэ было пасьпець падаць дакумэнты на візу…

Паколькі польскае консульства патрабавала папярэдняе рэгістрацыі сваіх заявак праз інтэрнэт, дык мы зарэгістраваліся на падачу дакумэнтаў, але я трапіў на 11 сакавіка, а Wizardist (гэта другі чалавек з нашае Вікіпэдыі, які зьбіраўся ехаць на канфэрэнцыю) увогуле 14 сакавіка. Як я ні спрабаваў дадаць да 11 два тыдні (тэрмін вырабу візы ў консульстве Польшчы) так, каб атрымалася не пазьней за 17 сакавіка (апошні дзень, калі нам трэба было выехаць зь Беларусі, каб пасьпець ва Ўроцлаў), у мяне ніяк не атрымоўвалася. Перажываў ня толькі я, уласна, а нават і брат: маўляў, пакуль ад гэтых палякаў візу дачакаесься, як надумаесься ўцякаць ад рэпрэсіяў, дык тут ужо расстраляюць даўно. emoticon

Сапраўдным шокам было (як для мяне, так і для калегаў), што праз гадзіну (вяртаемся на працу, гадзіна пасьля званку Ency) патэлефанаваў ужо… польскі консул. Раптоўна схацеў пацікавіцца нашым лёсам і ці пасьпеем мы атрымаць візы да паездкі. Мяне гэтае пытаньне таксама вельмі цікавіла, таму я адказаў, што мы ня супраць падысьці з дакумэнтамі да яго назаўтра. emoticon Што ж, значыцца, Ency не падвёў, калі казаў, што паспрабуе прабіць варыянт паскоранага атрыманьня візаў. Заставалася толькі сабраць дакумэнты: Wizardist ужо ўвогуле забіў на паездку, слушна вырашыўшы, што 14-га сакавіка падаваць дакумэнты позна, ну а мне трэба было яшчэ пабегаць туды-сюды, але назаўтра мы ўсё пасьпелі.

Такім чынам, паскоранае працэдуры выдачы візаў усё-ткі не існуе, а вось паскоранай падачы дакумэнтаў — заўжды калі ласка. emoticon Мы адчувалі сябе як белыя людзі, прайшоўшы па-за чаргой, бяз консульскага збору (скасаваная-то аплата пры атрыманьні нацыянальнае польскае візы, але не шэнгену!), і спакойна аформіўшыся ў вольным акенцы на тле вялізнае чаргі «звычайных сьмяротных».

Але цяпер тэрмін два тыдні нас ужо не застрашаў, бо візу мы мелі атрымаць 15 сакавіка. І атрымалі. Ну, да гэтага моманту я ўжо перастаў зьдзяўляцца ўсяму, што адбываецца, і што зрабіў для нас Януш. А вось некаторыя (ня буду паказваць пальцам emoticon) да канца ня верылі, што калі ў запрашэньні пазначаная неабходнасьць атрыманьня шматразовае візы, дык яе і дадуць мне такую. На год.

- 0:54:22

Канфэрэнцыя «Вікімэдыя-Польшча». Як усё пачыналася

Цэтлікі запісу: вікіпэдыя

За месяц да пачатку канфэрэнцыі ў нашай Вікіпэдыі зьявілася запрашэньне да ўдзелу для беларусаў. Цяжка было паверыць, але дата мяне задавальняла на ўсе 100%: у мяне акурат за дзень да гэтага пачынаўся плянавы адпачынак. Ня ведаю, чым я кіраваўся пры выбары ягонай даты, але прапусьціць такую магчымасьць было б шкада. Я вырашыў паспрабаваць, хоць гэта для мяне было абсалютна нечым новым. Тым болей.

Праўда, Танька да гэтаі ідэі чамусьці паставілася без чаканага мной захапленьня. Вядома ж, я ня мог узяць іх з сынам: куды яму ў такую дарогу, ды яшчэ бяз пашпарту. Таму ад пачатку нават і не разглядаў варыянт ехаць утраёх. Аднак жа думаў, што прынамсі за мяне яна парадуецца, тым болей што мне патрэбная была яе падтрымка як дасьведчанае ў атрыманьні візаў без турфірмаў (дагэтуль меў толькі такі досьвед).

Самым экстрэмальным якраз і аказалася атрымаць візы. Па-першае, трэба было дачакацца запрашэньня ад палякаў. Паколькі гэтымі справамі зь іхняга боку займаўся выключна чалавек зь нікам Ency, надалей буду мець на ўвазе менавіта яго. Нават калі буду называць яго Янушам (сапраўднае імя).

Чакаць адказу Януша давялося некалькі дзён. За гэты час я пасьпеў падбухторыць яшчэ некалькі чалавек на супольную паездку. Але да таго моманту, як Януш нарэшце адказаў, упэўнена зьбіраўся ехаць толькі адзін чалавек, па сумяшчальніцтве адзін з адміністратараў нашае Вікіпэдыі. Імпэту ў яго ставала, бо ён таксама, як і я, жадаў пабачыць Уроцлаў, таму пэрспэктыва ехаць за ўласныя грошы нас напачатку не пужала.

Дарэчы, запрашаючы бок адразу паведаміў, што магчымая поўная або частковая аплата праезду і перабываньня ва Ўроцлаве для жадаючых (калі іх будзе ня надта шмат). Неўзабаве гэтая прапанова была закрытая з прычыны вялікае колькасьці ахвотных, але мы спадзяваліся, што свае зьвесткі пасьпелі падчаць у час. Заставалася толькі чакаць адказу Ency, які зьяўляўся даволі рэдка. Каб лягчэй яго лавіць, мне давялося нават наноў завесьці сабе акаўнт у скайпе.

Час ішоў, з запрашэньнямі Ency асабліва не варушыўся, пакуль мы не дашлем зьвесткі пра неабходную нам суму на тое, каб сумясьціць прыемнае з карысным. Пасьля гэтых паділкаў, згубіўшы веру ў сьветлую будучыню і шчодрых палякаў, наш адміністратар і адкалоўся ад паездкі. Але, як высьветлілася, у той самы час дадаўся яшчэ адзін удзельнік нашае Вікіпэдыі, які, што праўда, спадзяваўся толькі на тое, што паездка будзе аплочаная. Я ж, не чакаючы вырашэньня гэтага пытаньня, падлучыў да гэтай справы яшчэ дарадцу — свайго брата, які ня так даўно атрымоўваў шэнгенскія візы для паездкі ў Польшчу…






















Get free blog up and running in minutes with Blogsome
Theme designed by Helga Cleve

Custom Logo Design, Company Logo Design, Business Logo Design, Logo Designs.
Company Logo Design